Уроженцы Островецкого района стали кармелитами
Нездарма касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Гудагай лічыцца санктуарыем – асабліва намоленым месцам: тут людзі навяртаюцца, аздараўляюцца, умацоўваюцца ў сваёй веры. Як інакш, калі не цудам, можна назваць пакліканні двух асоб, якія ў верасні склалі свае вечныя манаскія абяцанні ў гудагайскім санктуарыі і папоўнілі супольнасць кармелітаў босых.
Дарога да Бога – у кожнага свая: хтосьці прыйшоў да яго дзякуючы бацькам, іншы адшукаў яе самастойна, набіваючы гузакі і робячы памылкі, а камусьці ў жыцці пашанцавала сустрэць сапраўдных служыцеляў Бога – айцоў з вялікай літары.Верасень для парафіі Аведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Гудагай, як і для ўсіх каталіцкіх веруючых Астравеччыны стаў адметным: брат Генрых Валэйка і сястра Паўліна з Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак ад Дзіцятка Езуса (Вольга Шчолка) склалі вечныя манаскія абяцанні. І гэта, напэўна, адзін з найважнейшых момантаў для чалавека, які прысвячае сваё жыццё на служэнне Богу.


Кармеліт босы, брат Генрых Валэйка 12 верасня склаў вечныя манаскія абяцанні. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел яго родныя і блізкія, а таксама кармеліты босыя з розных супольнасцяў, святары, сёстры і шматлікія вернікі. Усе прысутныя разам маліліся аб ласцы Маці Божай шкаплернай для брата Генрыха ў яго манаскім жыцці, а таксама пра новыя пакліканні. Брат Генрых паабяцаў жыць у чыстасці, убостве і паслухмянасці.Біяграфічная даведка
Брат Генрых Валэйка нарадзіўся ў пасёлку Гудагай, належаў да астравецкай парафіі. Хрост і першую Камунію прыняў у гудагайскім касцёле. Пасля заканчэння Гудагайскай сярэдняй школы вучыўся ў БДУІР у Мінску. У 2009 годзе ўступіў у ордэн кармелітаў. Манаскую і семінарыйную фармацыю праходзіў у Беларусі і Польшчы.
А напрыканцы верасня ў Гудагайскім санктуарыі склала вечныя манаскія абяцанні Вольга Шчолка, якая для жыцця ў кармелітанскай супольнасці абрала для сябе імя Паўліна.
Сястра Паўліна нарадзілася ў Астраўцы, а манаскую фармацыю праходзіла ў Беларусі і Польшчы.
Ва ўрачыстай імшы прынялі ўдзел сёстры кармеліткі на чале з генеральнай настаяцельніцай сястрой Блажэяй, кармеліты босыя з Мінска, Нарачы, Мядзеля, іншыя святары, родныя сястры і шматлікія госці.
Сястра Паўліна будзе служыць у супольнасці кармэелітак у вёсцы Адамавічы Гродзенскага раёну.
Гістарычная даведка
* Манаская супольнасць кармелітаў босых узнікла у Палесціне на гары Кармель ў ХІІІ стагоддзі. Святымі Тэрэзай ад Езуса і Янам ад Крыжа ў ХVI стагоддзі ордэн быў рэфармаваны.
* На тэрыторыі Беларусі кармеліты босыя прысутнічаюць пачынаючы з XVII стагоддзя. Сёння супольнасці братоў кармелітаў ёсць у Гудагаі, Нарачы, Мядзелі і Мінску.
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.