Ученики воскресной школы при островецком храме святых апостолов Петра и Павла посетили Лавришевскую обитель





Не магу патлумачыць, чаму мне так хацелася пабываць у Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім манастыры. З таго самага моманту, як аднойчы знаёмы святар расказаў пра свой, разам з сынамі, удзел у двухдзённым Хрэсным ходзе з Навагрудка да абіцелі, які праходзіць штогод напачатку жніўня і збірае вялікую колькасць cвятароў і паломнікаў з розных месцаў – такая прыцягальная сіла святыні. Сёлета маё даўняе жаданне спраўдзілася – разам з вучнямі нядзельнай школы пры храме святых апосталаў Пятра і Паўла наведала Лаўрышава. Уражанняў атрымала шмат, адчула невыказную цеплыню благадаці Божай, якая ахінула душу і цела.

…Па промыслу Божаму на зямлі ёсць мясціны, прызначаныя для праслаўлення Творцы. Яны нібыта спецыяльна адгароджаны ад свету прыроднай мяжой і па-свойму гарманічна дапаўняюць навакольны ландшафт.


Такой унікальнай і непаўторнай пярлінай духоўнасці на Беларусі з’яўляецца Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, што ўзнік у ХІІІ стагоддзі на маляўнічым беразе Нёмана, непадалёк ад старадаўняга Наваградка. Гэта найстаражытнейшая абіцель на нашай зямлі, цэнтр беларускага летапісання, дзе ў 1329 годзе было створана Лаўрышаўскае Евангелле, якое захавалася да нашага часу.






На жаль, гэты ўнікальны рукапісны помнік знаходзіцца за межамі Беларусі – у бібліятэцы музея Чартарыйскіх у Кракаве (Польшча). Менавіта з запісаў у Евангеллі вядома, што святыня напачатку называлася “Прасвятой Багародзіцы Лаўрышаўскі манастыр”, на тэрыторыі якога ўзвышаліся храмы ў гонар Уваскрэсення Хрыстовага і Ражаства Прасвятой Багародзіцы. Паводле царкоўнага падання, заснавальнікам яго быў прапа¬добны Елісей Лаўрышаўскі, сын літоўскага князя Тройната.


Елісей рос і выхоўваўся ў сям’і заможных і ўплывовых бацькоў, што дазволіла яму атрымаць выдатную адукацыю. Дасягнуўшы паўналецця, ён паступіў на службу пры двары Вялікага князя Міндоўга. У хуткім часе юнак пазнаёміўся з прападобным Лаўрэнціем, які стаў яго духоўным айцом і настаўнікам. Прыняўшы святое хрышчэнне, Елісей пакінуў вялікакняжацкі двор і разам з прападобным Лаўрэнціем аддаліўся ў пустынь, дзе, падвізаючыся ў посце і малітве, заснаваў манастыр, які пазней называўся Лаўрай (1225 год).






На вялікі жаль, звесткі аб жыцці, працы і духоўных подзвігах прападобнага Елісея да нашага часу не дайшлі. Вядома толькі, што 23 кастрычніка 1250 года ён быў забіты звар’яцелым паслушнікам. Пазней, дакрануўшыся да мошчаў святога Елісея, душэўнахворы вылечыўся. Пасля смерці святога мошчы яго праславіліся шматлікімі цудамі, найбольш яны дапамагалі тым, хто пакутаваў ад вар’яцтва.


У 1506 годзе Гасподзь явіў яшчэ адзін вялікі цуд праз свайго ўгодніка Елісея: татарам, якія ішлі на Еўропу, падалося, што двор манастыра запоўнены адборнай конніцай, і яны ў страху павярнулі назад. Пасля гэтай падзеі ў 1514 годзе на Саборы ў Вільні Елісей быў кананізаваны і запісаны ў Святцы як прападобны і Лаўрышаўскі.


Каля 1530 года манастыр быў разбураны. Перад тым мошчы прападобнага Елісея і манастырскія каштоўнасці былі схаваны ў зямлю і да гэтай пары не знойдзены.
Пазней рабіліся спробы адрадзіць святую Лаўрышаўскую абіцель. У 1775-1780 гадах манастырскі комплекс быў адбудаваны. У 1824 годзе насельнікаў налічвалася ўсяго пяць, і ў 1836 годзе манастыр перастаў існаваць. Другое яго адраджэнне было задумана напачатку ХХ стагоддзя. Адноўлены манастыр лічыўся Лаўрышаўскім падвор’ем Мінскага архіерэйскага дома, але праіснаваў у такім статусе нядоўга – у выніку наступальных дзеянняў нямецкіх войскаў у 1915 годзе храм згарэў, а іншыя пабудовы былі разбураны. Апошні яго насельнік жыў ў вёсцы Турэц Карэліцкага раёна, дзе і памёр. Мошчы перазахаваны ў манастыры.


У 90-х гадах мінулага стагоддзя пачалося, так бы мовіць, трэцяе жыццё старажытнай абіцелі на Навагрудскай зямлі. Спачатку было асвечана месца, дзе некалі стаяў манастырскі храм, і ўстаноўлены памятны знак. У 2000 годзе новапабудаваная царква асвечана ў гонар прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. Тут жа знаходзіцца цудатворны абраз святога.






Зараз непадалёк ад царквы ўзведзены прычтавы дом, дзе жывуць манахі, трапезная, іншыя гаспадарчыя пабудовы. У цэнтры выкапаны катлаван пад галоўны храм манастыра, непадалёк высіцца драўляны каркас будучага летняга храма – цяперашнія насельнікі вераць, што ўзноўленую святыню больш не спасцігне забыццё, яе стануць наведваць шматлікія паломнікі, і яны не памесцяцца ў невялікай існуючай цэркаўцы. На адным з пясчаных узгоркаў у
атачэнні высокіх соснаў, высіцца хрысцільны храм з купеллю, гаючая вада ў якой нязвыкла цёплая, лагодная. Падведзены пад дыхтоўны металачарапічны дах будучы дом міласэрнасці, дзе знойдуць прытулак і духоўную дапамогу людзі, адвергнутыя грамадствам, – бяздомныя, састарэлыя і адзінокія, тыя, хто вярнуўся з месцаў зняволення або лячыўся ад згубнай залежнасці…
Каму даводзілася апошнім часам бываць у Навагрудку, не маглі прайсці міма велічнага і прыгожага помніка прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму. Не менш арыгінальны манумент стаіць у сучасным цэнтры манастырскай тэрыторыі. Гісторыя яго стварэння вартая ўвагі. Напрыканцы 2007 года Лаўрышаўскі манастыр наведала група маладых людзей з Масквы, якая зацікавілася яго гісторыяй. Адным з падарожнікаў аказаўся малады скульптар Дзяніс Стрытовіч. Яго далёкія продкі былі дабрадзеямі і ахвяравальнікамі святыні, што пацвярджаецца запісамі ў Лаўрышаўскім Евангеллі. Удзячны нашчадак вырашыў прадоўжыць слаўную традыцыю
– стварыў і падараваў манастыру помнік Елісею Лаўрышаўскаму. Пятага лістапада 2009 года помнік быў урачыста адкрыты і асвечаны архіепіскапам Навагрудскім і Лідскім Гурыем.
Не захавалася ніякіх гістарычных звестак аб першапачатковым выглядзе манастыра, таму быў складзены новы праект, па якім усё на дабрадайнай лаўрышаўскай зямлі будзе ўладкавана разумна, рацыянальна, як некалі. Усе пабудовы дакладна ўпішуцца ў навакольны ўзгорыста-лясісты – Налібоцкая пушча ж! – ландшафт. І хочацца верыць, што з канчатковым адраджэннем святой абіцелі Гасподзь адкрые месца знаходжання мошчаў прападобнага Елісея.
Дарогу ад бліжэйшай вёскі Гнесічы да святыні перагароджвае Нёман. Доўгі час дабірацца да манастыра трэба было па хісткім драўляным плывучым мастку. Усявышні спрыяе тым, хто ўзносіць да Яго свае малітвы, – за справу ўзяліся выратавальнікі і пабудавалі пастаянны мост. На легкавіку ці аўтобусе па ім пакуль не праедзеш, а прайсці можна свабодна і бязбоязна. Нашы “шкаляры” адольвалі нядоўгі яго прасцяг подскакам…
Наўмысна апускаю падрабязнасці самой паломніцкай паездкі – у рэшце рэшт, галоўнае гісторыя старажытнай святыні, а не наша там кароткачасовая прысутнасць. З-за няспыннага дажджу наш гід айцец Андрэй мусіў да мінімуму скараціць экскурсію, хаця маім спадарожнікам хацелася даведацца пра святыню як мага больш.


Буду рада, калі гэтая публікацыя натоліць іх прагу пазнання і прабудзіць у іншых чытачоў жаданне наведацца ў Лаўрышава, памаліцца прападобнаму Елісею і папрасіць яго малітваў да Госпада, прыняць часцінку невычэрпнай святой благадаці.


--------------------------------------------
Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.