Учащиеся Воскресной школы при храме святых апостолов Петра и Павла посетили Ворнянский социальный приют
Па добрай традыцыі ў святкаванне Ражаства Хрыстова актыўна ўключыліся вучні Нядзельнай школы пры астравецкім храме святых апосталаў Пятра і Паўла. Напярэдадні група вучаніц старэйшага, чацвёртага, класа разам з настаўніцай зладзіла з духмяных яловых галінак сапраўдны вярцеп. А 7 студзеня пасля Божай Літургіі адбыўся цудоўны святочны ранішнік, падрыхтаваны вучнямі ўсіх чатырох класаў пры ўдзеле настаўнікаў і некаторых бацькоў. Дзеці славілі Немаўлятка Хрыста вершамі, прыгожым танцам-карагодам з запаленымі свечкамі і Віфлеемскай Зоркай. А песні-калядкі спявалі ўсе разам.
Юныя таленты так уразілі ўсіх прысутных дзетак – а іх было даволі шмат, што жадаючых пацешыць Богадзіцятка прыгожым душэўным вершам ці пе- сенькай знайшлося многа. А ў настаяцеля храма протаіерэя Георгія Савіцкага для ўсіх дзетак хапіла салодкіх падарункаў. Дзетвара разыходзілася па дамах у вясёлым калядным настроі.
А юных артыстаў-хрыстаславаў чакала недалёкая гастрольная паездка, зноў жа традыцыйная – у Варнянскі сацыяльны педагагічны цэнтр. Штогод вучні Нядзельнай школы наведваюць дзетак, якія апынуліся ў цяжкім сацыяльным стане, зведалі горыч адзіноты і пакінутасці, стараюцца сагрэць іх цяплом сваіх маленькіх, але вельмі чулых і спагадлівых сэрцаў. Так атрымалася і на гэты раз. Вядома, былі і падарункі ад бацюшкі.
Дадому юныя хрыстаславы вярнуліся перапоўненыя ўражаннямі.
-------------------------
Таіса СЯМЁНАВА.
Фота Івана Петрыка.