У костела и образования – общее дело
На чале са святарамі храмы выконваюць сваю асноўную місію – праз вучэнне Езуса Хрыста і Хрысціянскую веру, праз святыя Сакраманты, малітвы і добрыя ўчынкі выпрастоўваць нашы цярністыя сцежкі да Пана Бога.
За гады існавання Дайлідскага касцёла ў яго сценах пабывала незлічоная колькасць вернікаў – людзі прыходзяць сюды, каб падзякаваць Пану Богу, папрасіць апекі ў Найсвяцейшай Маці або проста ўкленчыць перад алтаром і падумаць у цішыні Храма жывога.
Нядаўна наш касцёл прымаў асаблівых гасцей – упершыню ў яго гісторыі ў храм завіталі настаўнікі са школ Астравецкага раёна. Як аказалася, выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры сабраліся на свой чарговы семінар, які праводзіўся на базе Дайлідскай школы, і пасля заканчэння яго тэарытычнай часткі пазнавальную вырашылі прысвяціць наведанню касцёла.
Дайлідскі храм стаіць у баку ад турыстычных маршрутаў, таму амаль ніхто з гэтых абаяльных і высокаадукаваных жанчын раней у яго сценах не бываў. Філолагі былі моцна ўражаны прыгажосцю і дагледжанасцю нашай святыні. З вялікай увагай яны выслухалі гісторыю будаўніцтва і дзейнасці касцёла – сёння нават не верыцца, што яшчэ адносна нядаўна храм выкарыстоўваўся ў якасці падсобнага памяшкання.
Зацікавіла настаўнікаў і крынічка з цудадзейнай вадой, якая існуе ля вёскі Тракелі. Многія з прысутных вырашылі паспытаць яе крыштальнай прахалоды.
Праз “Астравецкую праўду” хочацца павіншаваць гэтых прыгожых і інтэлігентных жанчын, а ў іх асобах – і ўсіх настаўнікаў раёна з надыходзячымі святамі Ражаства і Новага Года. І пажадаць трывалага здароўя, апекі Найсвяцейшай Маці і цярпення ў іх такой неабходнай і важнай справе – выхаванні падрастаючага пакалення.
-------------------------------------------------------------
Казімір ВАРАНОВІЧ, старшыня камітэта
касцёла Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі.