У каждого органиста орган звучит по-своему

Асава, вёска ў Воранаўскім раёне, літаральна выслізнула з-за павароту. Вось толькі што навокал панаваў лес і раптам – нібы фокуснік з капелюша – наваколле выцягнула з кішэні невялічкае мястэчка, неба над якім трымалася на грунтоўнай касцельнай вежы.
Мы кіруемся наўпрост да плябаніі. Некалькі разоў ціснем на кнопку званка – безвынікова. Збянтэжана пераглядваемся – нікога няма? Але праз некалькі хвілін дзверы адчыняюцца…
З першага позірку ксёндз Ян Пецюн уражвае сваёй інтэлігентнасцю. Спакойны. Ураўнаважаны. Нешматслоўны. Чалавек, які трымае дыстанцыю – не падкрэслена.
Ад прапанаванай гарбаты мы адмаўляемся – кіруемся адразу ў касцёл. У прыгожа распісаны храм з яго незвычайнымі абразамі і… І з цудоўным арганам – уласна кажучы, менавіта арган Асаўскага касцёла і быў мэтай нашага падарожжа.
– Ён гучыць фантастычна, – Андрэй не раз спрабаваў “на пальцах” растлумачыць мне асаблівасці музычнага інструмента. – Мякка, лірычна. І потым, у гэтага аргана пятнаццаць галасоў. Ажно пятнаццаць! Да прыкладу, у гервяцкага – толькі шэсць. Хаця мы, канешне, устанавілі дадатковыя ўзмацняльнікі… А самае галоўнае, што і боскае гучанне, і шматгалоссе асаўскага аргана – заслуга пробашча, які многа гадоў сваімі рукамі даводзіць яго да дасканаласці…

Арганiст Андрэй

Музычная адоранасць прысутнічала ў ім з нараджэння – не хапала ўседлівасці. Ды і адкуль ёй было брацца ў навагрудскага хлопчыка, якому, як і ўсім нармальным падлеткам, цікавей было ганяць мяч, чым барабаніць гамы? Сам прызнаецца, што наўрад ці здолеў бы “дабіць” музычную школу – не ўцярпеў бы. Але мудрая маці, добра разумеючы характар сына, уладкавала яго ў сярэднюю школу з музычным ухілам, у якой ён і атрымаў адразу дзве музычныя адукацыі: па классах фартэпіяна і гітары.


Хоць існавала ў жыцці Андрэя і іншая музычная школа, якая, што грэх таіць, захапляла і прываблівала яго нашмат мацней. І навучанне ў ёй ён распачаў пяцігадовым хлопчыкам, калі бабуля ўпершыню прывяла яго ў касцёл. Арганістам там працаваў Юрый Пяткевіч, хросны бацька Андрэя. І прыступка за прыступкай, як гэта заўсёды адбываецца ў нашым жыцці, хлопчык пачаў пераадольваць: спачатку круцізну лесвіцы на хоры, потым – манеру выканан- ня імшальных мелодый і спеваў. Гэтая самая “бацька-хросная” манера выканання засталася з ім назаўсёды.
Пасля школы ён паступіў у сталічны інстытут культуры. На рэжысёрскі факультэт. А пасля першага курса яго забралі ў армію, дзе, як сцвярджаюць тыя, хто там пабываў, на самай першай “лінейцы” камандуюць: таленты – налева, астатнія – направа. Ці наадварот…
Андрэй трапіў у музычны ансамбль сваёй часці. І, як аказалася, у чарговую музычную школу, якую яму падрыхтаваў лёс.
– Разам са мной там ігралі Валера Лапшыхін, бас-гітарыст з групы Ігара Талькова, і Аляксандр Горын, клавішнік з групы Стаса Наміна, – расказвае ён. – Музыканты высокага класа, яны з задавальненнем дзяліліся з намі, пачынаючымі, прафесійнымі сакрэтамі. Менавіта гэтыя хлопцы дапамаглі мне распрацаваць і паставіць голас. Можа, яны далі нават больш, чым уся будучая прафесура, разам узятая...
Пасля дэмабілізацыі – зноў інстытут культуры. А яшчэ – касцёл на Кальварыйскай вуліцы Мінска, у якім тады не было пастаяннага пробашча – Імшы адпраўляў ксёндз з Вішнева. Савецкі студэнт, сын дэпутата Вярхоўнага Савета БССР – хіба мог ён іграць у касцёле? Не меў права. Але вельмі хацеў. Таму прыходзіў за сорак хвілін да вячэрняй Імшы і хаваўся на хорах. Іграў. Потым чакаў, пакуль разыдуцца людзі, і толькі тады касцельныя бабулькі праводзілі яго патаемнымі сцежкамі, праз могілкі…
– На грэбені перабудовы пачалі адраджацца касцёлы, – успамінае Андрэй. – У многіх з іх былі арганы, але пра арганістаў людзі і не марылі. І мы сталі падарожнічаць па касцёлах. Прыязджалі, прасілі адкрыць нам дзверы і дазволіць пайграць. На Ражаство… На Вялікдзень… У многіх касцёлах у той час яшчэ не было святароў – вернікі клалі перад алтаром арнат ксяндза і маліліся самастойна. А тут раптам арган… І рэлігійныя песні ў нашым з Таццянай Глазуновай выкананні… Людзі слухалі і плакалі. Памятаю, як аднойчы прыехалі ў Старыя Васілішкі, на радзіму Чэслава Немана. Вартаўнік адкрыў касцёл, дазволіў сесці за арган… Ігралі і спявалі ў пустым храме. Не для сябе – для Бога. А калі праз гадзіну спусціліся з хораў, аказалася: у касцёле няма дзе яблыку ўпасці – нейкім цудам людзі даведаліся і прыбеглі…
Потым былі курсы арганістаў, а пасля – вышэйшая школа арганістаў у Лодзі. І абарона ступені магістра музыкалогіі. І праца ў розных касцёлах.
Пакуль жыццё не прывяло арганіста Андрэя Міхневіча ў Гервяцкі храм Святой Тройцы…



У чатыры рукi...

Мы падымаемся на хоры. У іх афармленні чыталася б нешта ўсходняе. Калі б не арган. Ён тут – як цэнтр Сусвету. Прынамсі, для маіх спадарожнікаў. Ксёндз націскае нябачную кнопку – і ў нетрах музычнага інструмента нараджаецца ледзь чутны шолах.


– Задыхаў! – з благагавеннем (роўнага гэтаму слову ў нашай мове няма) гаворыць Андрэй.
– Задыхаў! – ціхім голасам пацвярджае ксёндз Ян.
Ды што там арган! Яны самі інакш задыхалі, змяніліся – іх твары разгладзіліся, пасвятлелі, сталі шчаслівымі.
Першым іграў Андрэй. Пачаў з канонаў, потым кінуўся ў імправізацыю, прымушаючы арган плакаць, спяваць, маліцца… Станавіцца флейтай, габоем, кларнетам… На ашчэпкі разбіваючы час і прастору, гукамі прарастаць у яшчэ нядаўна недасягальную Боскасць.
Потым іграў ксёндз Ян. І гукі, якія нараджаліся пад яго рукамі, поўніліся нявыказанай пяшчотай. Лёгкай, поўнай радасці існавання. Нібы не было, і няма, і ніколі не будзе ні войнаў, ні здрады, ні пакутніцкай смерці на Крыжы… Нібы свет існуе толькі дзеля славы Божай. І рай на зямлі цалкам магчымы…
…Мой слых далёкі ад абсалютнага, але стрымаць слёзы сіл не хапіла. Зрэшты, былі яны ачышчальнымі. Як малітва. І прынеслі палёгку…
Потым мы пілі каву ў плябаніі. Размовы тычыліся, вядома ж, аргана: у якім касцёле з’явіўся новы, як ён гучыць (“Нібы “Ямаха”, – сумуе пробашч. “О-о-о!” – расчаравана ўздыхае арганіст), на якім давялося ўпершыню пайграць (“Калаваты”, – прызнаецца арганіст. “Даводзіць да толку трэба”, – гаворыць ксёндз)…
– Арган лічыцца народным інструментам, – тлумачаць яны мне. – Першапачаткова ён быў створаны для ваенных мэтаў – яго магутнымі стогнамі палохалі ворага. Але аднойчы нехта адчуў у яго гуках іншыя вышыні…
– А народнасць аргана – у спадчыннасці, – працягваюць яны. – Таму што ў кожнага арганіста – свая манера ігры, якую ён перадаваў сваім вучням, а тыя – далей… Вось так і ствараліся своеасаблівыя народныя школы ігры на аргане.
Сяджу, слухаю і не магу пазбавіцца ад адчування, што трапіла ў нейкае іншае вымярэнне. У вымярэнне, дзе жывуць бязмерна таленавітыя людзі…



Святар Ян

Абсалютны слых… Безумоўны дар ад Бога. Але і выпрабаванне таксама, бо нясе ў сабе нясцерпныя пакуты ад нястройнасці гуку, ад какафоніі наваколля, якую мы, звычайныя людзі, часцей за ўсё не заўважаем.


У ксяндза Яна – ад нараджэння абсалютны слых. Настолькі, што яму фактычна не давялося вучыцца іграць на музычным інструменце – узяў гармонік у рукі і зайграў. Нібы іграў заўсёды.
Яго старэйшы брат вывучыўся на арганіста і іграў у касцёле. Яну таксама хацелася, ён нават спрабаваў, але вось так, каб узяць і без сур’ёзнай падрыхтоўкі адыграць на касцельным музычным інструменце ўсю Імшу… Бог з вамі – гэта ж святатацтва…
Ян быў у арміі, калі трыццацігадовы старэйшы брат раптоўна памёр. Дэмабілізаваўшыся, хлопец прыйшоў у родны касцёл – маўчыць арган, нібы душу ў ім забілі… “Давайце я паспрабую”, – прапанаваў ён пробашчу.
І паступова Ян стаў арганістам адразу ў двух касцёлах. І пры гэтым працаваў вадзіцелем у райкаме камсамола. Даведаліся хутка, сталі выклікаць у розныя кабінеты. Націснулі так, што давялося звольніцца. Некалькі гадоў пасля гэтага ён працаваў арганістам, а потым пацягнула глыбей, і Ян Пецюн паступіў у Рыжскую духоўную семінарыю…
Няма прарокаў у сваёй Айчыне – гэтае правіла распаўсюджваецца і на святароў, якія ніколі не размяркоўваюцца ў родныя парафіі. Ёсць, вядома, выключэнні – да прыкладу, наш Канстанцін Стэповіч служыў у Клюшчанах. Ксёндз Ян Пецюн таксама працуе ў роднай Асаве. І людзі, якія ведаюць яго з маленства, ставяцца да яго з асаблівым даверам.
Ён аднавіў (і працягвае аднаўляць) касцёл. Пабудаваў плябанію. Калі вярнулі вялізны будынак былой плябаніі (пасля таго, як абрушыўся яе дах), ксёндз Ян аднавіў і яго – цяпер там нядзельная школка, дом пілігрыма, выставачная зала, нават пляцоўка для дыскатэкі…
Ён купіў вялікі аўтобус, каб звозіць з навакольных вёсак людзей на Імшу. Выкапаў дзве вялізныя сажалкі і добраўпарадкаваў тэрыторыю…
І ўсё ж галоўная любоў святара – касцельны арган. Трубачка за трубачкай ён аднаўляе яго, настройвае, пашырае колькасць галасоў. Акуратна, амаль трапятліва. Як сапраўдную святыню.
Аднойчы ксёндз Ян запрасіў да сябе знакамітага настройшчыка з Літвы. Той прыехаў, паглядзеў на арган, на глухое мястэчка, на сціплага святара ў паношанай сутане… Няма чаго “парыцца”, вырашыў ён. І, нічога не сказаўшы пробашчу, укараціў усе арганныя трубкі – цяпер настроіць арган можна было за лічаныя хвіліны. Задаволены настройшчык адрапартаваў аб гатоўнасці.
Ксёндз дакрануўся да клавішаў і… ледзь не заплакаў. Непаўторнае, мяккае гучанне знікла, змянілася бездухоўным і механічным…
Аднаўляў абрэзаныя трубкі амаль год, акуратнай зваркай вяртаючы кожнай трубцы яе першапачатковую вышыню.
Пра яго захапленне ведаюць многія. І дораць яму незапатрабаваныя пагнутыя арганныя трубы – аднаўляй, калі хочаш. Ксёндз Ян прымае іх з удзячнасцю, раўняе, настройвае, падключае…
– З арганнымі трубкамі трэба акуратна – як з немаўлём, – тлумачыць ён. – Дастаткова даткнуцца да каторай, як яна мяняе свой голас… А людзі накладуць абярэмак, скінуць на падлогу, як дровы… Сэрца баліць глядзець на гэткі вандалізм…


---------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара
.