Традиционный концерт классической музыки состоялся в Гервяцком костёле Святой Троицы

Вось так яно ўсё ўдала супала ў гэты дзень: час, надвор’е, настрой людзей… Тонкі водар незлічоных кветак. Падабрэўшае пад вечар сонца. Храм – вытанчаны і элегантны, нібы англійскі лорд на ўласным прыёме. Далікатная публіка сярод буйства бездакорна дагледжанай зеляніны. Лёгкая запаволенасць існавання. І ўсёабдымная святочнасць.
У канцэртаў класічнай музыкі, што рэгулярна адбываюцца ў Гервяцкім касцёле Святой Тройцы, заўсёды асаблівая аўра – светлая і пранікнёная. Але на гэты раз ўсё было неяк эмацыйна глыбей. Кожны гук “мурашкамі” адбіваўся на скуры слухачоў. А “Таката” Баха ў выкананні Аляксандра Музыкантава наогул ударыла па кожным нерве, агаломшыла, падмяла, паставіла на калені. Затое флейта Андрэя Мяшкова, нібы дудачка пастушка, дапамагла падняцца, падарыла надзею і лёгкасць. Свежыя мазкі ў агульную палітру гукаў унесла Наталля Бушкова, і былі яны рознымі – радаснымі і сумнымі, светлымі і трагічнымі. Таленавітымі…

Наш Андрэй


Андрэй Міхневіч – прафесійны арганіст. Цудоўны вакаліст. Магістр музыкалогіі. Ураджэнец Навагрудка. Супрацоўнік АЭС. А яшчэ – неабыякавы, таленавіты і вельмі непасрэдны ў зносінах чалавек.
…Андрэй сядае за арган, і Імша набывае асаблівую глыбіню, а разрозненыя малітвы вернікаў аб’ядноўваюцца ў адну агульную і, вядомая музыкай, яна знаходзіць дарогу – тую самую, дзеля якой існуе жыццё.
…Андрэй сядае за арган, і штодзённая мітусня бясследна знікае – скрозь магутныя акорды музыкі, што нараджаецца пад яго пальцамі, прарастаюць зусім іншыя прыярытэты. Душы слухачоў святлеюць, вучацца расці.
…Андрэй сядае за арган...
Перад пачаткам канцэрта ён кожны раз хвалюецца. Моцна. Нібы школьнік – перад экзаменам.
– Да пятай песні, – тлумачыць. – Далей хваляванне крыху адпускае. Але канчаткова ад яго ўдаецца вызваліцца… не, нават не пасля апошняга акорда – пасля таго, як слухачы раз’едуцца, і ў храме зноў запануе гулкая цішыня. Толькі тады на душы становіцца – як на небе пасля летняга дажджу. Дарэчы, хвалююся не я адзін – І Таня Глазунова, і Саша Музыкантаў, і Андрэй Мяшкоў… Сэрца кожнага з нас грукоча так моцна, што часам здаецца – заглушае музыку. Не менш за нас (здраджу таямніцу!) хвалюецца і пробашч…
Канон “Святы Божа” Андрэй Збігневіч выконваў не ўпершыню, але на суботнім канцэрце ён прагучаў асабліва – працяў да донца. “Памілуй мя, памілуй мя, памілуй мя” – у гэты паўтор музыкант уклаў столькі страснай малітвы і непадзельнага раскаяння, што слёзы пацяклі па тварах слухачоў…
– Гэта наш Андрэй! – перашэптваліся паміж сабой госці з Навагрудка.
– Гэта наш Андрэй, – не без гонару канстатавалі прысутныя на канцэрце супрацоўнікі “атамкі”.
– Гэта наш Андрэй! – не згаджаліся гервятцы.
Не будзем высвятляць адносіны: гэта сапраўды наш Андрэй – адзін на ўсіх…



Мы


Мы вучымся. Неадукаваныя ў музычным сэнсе, затручаныя таннай “папсой”, аддзеленыя ад вялікіх гарадоў адлегласцю або, як ад Вільні – межамі, мы не адразу змаглі ўспрыняць.
Таццяна, Андрэй, Аляксандр шчодра дзяліліся з намі россыпам музычных здабыткаў свету, багаццем эмоцый, выдатным музычным густам, а мы…
Трэба ўмець даваць – вучылі нас з дзяцінства. Але ж і ўменне прымаць – таксама навука…
На першых канцэртах мы шушукаліся, круцілі галовамі, спрабуючы ўбачыць, што ж там дзеецца на хорах? Мы баяліся апладзіраваць – ці ў храме гэта часам не грэх? Мы слухалі, як умелі – ў “паўвуха”…
Але ішоў час, і з кожным канцэртам мы вучыліся раскрывацца. Усё глыбей і глыбей. Спасцігалі навуку ўспрымаць высокае мастацтва…
І на апошні канцэрт мы прыйшлі ўжо пасталеўшымі. Не гадамі – музычна. Нашы вочы, адмовіўшыся ад мітусні, знаходзілі сабе “кропку адліку” – на строгіх абрысах гатычнага алтара, на твары святога Максіміліяна Кольбе, што назірае за намі з прыалтарнага вітража, на абразе ці скульптур¬най выяве… і “адыходзілі” на другі план, а слых станавіўся галоўным і адзіным сродкам успрыняцця Сусвету. Мы не проста слухалі – жылі пачуццямі Баха, Вівальдзі, Гендэля, Шуберта… Пачуццямі, якія, праходзячы скрозь крышталь талентаў выканаўцаў, набывалі новыя грані – вібрыравалі, пераліваліся, іскрыліся так, што няпрошаныя слёзы каціліся па нашых тварах.



Для ўсіх адразу


– Як жа хораша цяпер каля нашага касцёліка! Які садзік наш ксяндзулька пасадзіў – рай, не менш! Птушачкі ў гэтых дрэўцах-кветачках свае песні спяваюць – заслухаешся! А пач¬нецца ў святыні Імша, заціхаюць птушкі – даюць дарогу людскім песням, – чамусьці гэтыя словы светлай памяці Юлітэ Кармазене, самадзейнай мастачкі з Пелегрынды, узгадаліся на самай першай кампазіцыі. Можа, успаміны справакавала “немая” цішыня, якая ўсталявалася ў храме (здавалася, што і на ўсім свеце) як толькі загучаў першы акорд “Лаўдатэ Доміна”. І амаль адразу недзе глыбока (можа, у самым сэрцы?) нарадзіўся салёны камяк. Нарадзіўся і стаў расці. А слязьмі ён праліўся на “Авэ Марыя”…
…У 1950 годзе пробашча Гервяцкага касцёла, ксяндза Станіслава Хадыгу арыштавалі. Прысуд – 25 гадоў сталінскіх лагераў. А над самым касцёлам навісла пагроза зруйна¬вання. Парафіяне кінуліся стукацца ва ўсе дзверы, і ім удалося не аддаць храм на ганьбаванне. Новага свята¬ра яны, вядома, не знайшлі – «иных уж нет, а те – далече» – але кожную нядзелю захрыстыян адкрываў касцёл, людзі вывешвалі ля алтара літургійны ўбор ксяндза Станіслава і маліліся кожны на сваёй мове (якая розніца, на якой?!) за яго вяртанне. Ну і ў сваіх патрэбах, вядома, таксама.
…Голас Таццяны плакаў недзе ў вышынях, біўся ў гатычных выгнутасцях ажурнага скляпення, маліўся, прасіў палёгкі. Не для сябе – для свету. Для ўсіх адра¬зу. Вось так, каб ні войнаў, ні лагераў, ні руйнавання храмаў…
Нервамі, скурай, атамамі душы людзі адгукаліся на кожны гук. А маліцца сіл не ставала. Хіба што слязьмі…



Госці


Канцэрт у Гервятах неяк адразу перастаў быць з’явай мясцовага маштабу – перарос спачатку ў мерапрыемства абласнога ўзроўню, потым рэспубліканскага, а апошнім часам набыў міжнародны статус. У мінулую суботу Гервяцкі храм прымаў у сваіх сценах гасцей з Астравеччыны, з Аш¬мян, са Слоніма, са Смаргоні, з Ліды, Гродна, Ваўкавыска… З Навагрудка на заказным аўтобусе прыбылі члены мясцовага таварыства палякаў на чале са сваёй старшынёй Ядвігай Лысай. Былі госці з Мінска, Вільнюса, Масквы, з Санкт-Пецярбурга, Варша¬вы і нават з Дрэздэна.
Сяргей Румянцаў, кіраўнік дэпартамента малекулярнай і эксперыментальнай медыцыны Дзіцячага дзяржаўнага анкалагічнага інстытута, прафесар Расійскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, навуковы дырэктар Маскоўскага банка ствалавых клетак прыбыў у Гервяты разам са сваімі калегамі з Беларускага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі (загадчык гематалагічнага аддзялення Леанід Кісялёў і інш.).
– Магутнейшыя ўражанні, – прызнаўся расійскі прафесар. – Спачатку ад самой Беларусі – навокал чысціня, парадак, ва ўсім адчуваецца гаспадарская рука. Потым ад Гервят. Асабліва ад храма – гэта ж сусветны ўзровень! А ўжо калі распачаўся канцэрт… Слоў не хапае, каб перадаць адчуванні… Пасля канцэрта я проста падышоў да Леаніда Пятровіча, настаяцеля храма, і папрасіў дазволу прыехаць сюды яшчэ раз – разам з маёй сям’ёй.
З Дрэздэна, з горада Баха і Мендэльсона, прыбыў на канцэрт (разам са сваёй сям’ёй) Хельмут Хайбніц.
– Нават не спадзяваўся ўбачыць ТАКІ храм, – гаворыць ён. – Готыка – наогул улюбёны архітэктурны стыль немцаў. А тут, у Гервятах… Ды гэта проста шэдэўр сусветнай архітэктуры! І ландшафтны дызайн… І музыка… Ведаеце, Дрэздэн – музычны горад. Нас цяжка здзівіць добрым выкананнем, але сёння я здзіўлены. Брава!



Брава!


Брава артыстам! За талент і за шчырасць. За фантастычны накал эмоцый. За дар святла, здольнага пранікнуць і ў самыя змрочныя сутарэнні нашай свядомасці. За ўнутранае ачышчэнне, з якім мы выходзім з канцэрта. За шчаслівую магчымасць слухаць і чуць.
І брава пробашчу касцёла, святару Леаніду. Бо, перафразаваўшы Пісанне, можна з упэўненасцю заявіць: у пачатку ўсяго быў ксёндз Нясцюк… А потым святло аддзялілася ад цемры, і пачаў нараджацца цуд. Цуд чароўных гукаў…


-------------------
Ганна ЧАКУР,
фота аўтара.