Торжество Божьего Тела славили верующие Островетчины
І зноў загучалі званы... І вуліцы, як вішні, раскрылі пенныя суквецці пышных сукенак першакамунніц. З імі за першародства спрабуюць спрачацца бялюткія блузкі старэйшых жанчын – куды там! А пялёсткі кветак ужо выслалі дарогу Найсвяцейшаму Сакраманту – вернікі Астравеччыны святкуюць урачыстасць Божага Цела… Стагоддзямі ў гэты дзень касцельныя харугвы, нібы ветразі караблёў, раздзімаюць свае палотны, імправізаваныя алтары на шляху працэсіі патанаюць у водары півоняў, і ад песнапенняў паветра набывае асаблівую, амаль крыштальную чысціню.
Ад касцёла і да касцёла вандруе ў руках святара галоўны здабытак хрысціянства – Найсвяцейшы Сакрамант. Год за годам. Стагоддзе за стагоддзем. І ўслед за Ім заўсёды ідуць людзі, славячы Бога, молячы Яго аб дараванні неабходных ласкаў. І атрымліваючы, бо ў агульнай малітвы – асаблівая сіла!
----------------------------------------
Ганна ЧАКУР.
Фота І.ПЕТРЫКА.