"...Свеча Пасхальная пронзает ночи тьму"

У дзяцінстве не раз назірала (праз акно, канешне!) за мамай, якая, пераглядваючы пчаліныя домікі, акуратна здымала пчол з рукавоў халата і садзіла іх назад у вулей або на рамку. Калі ж здаралася, што мне пчала ўпутвалася ў валасы – я з крыкам бегла ў поле, бесперапынна малоцячы сябе па галаве рукамі да той пары, пакуль пчала не ўджаліць. З плачам вярталася дадому, дзе мама выцягвала джала, дзьмухала на ранку і гаварыла: “Пчолак нельга забіваць – гэта Божая жывёлка”. “А чаму Божая? Бог таксама мёд любіць?” – пыталася я. “Мёд усе любяць – адказвала мама. – Але пчолы даюць воск, з якога робяць свечкі, а свечка любая Богу”.

На той час пытанне здавалася вычарпаным, а зараз на далейшы роздум навяла песня Трафіма “Свеча пасхальная”.
Свечка… Напэўна, кожны паэт прысвячаў ёй вершы. Дастаткова ўспомніць словы А.Пушкіна “Близ ложа моего печальная свеча….”, А. Блока “Строен твой стан, как церковные свечи”, знакаміты верш Б. Пастэрнака “Зимняя ночь (Свеча горела на столе)” і г.д. Тэму свечак выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці і многія знакамітыя мастакі: Карл Брулоў “Гадающая Светлана”, Міхаіл Врубель “Ангел с кадилом и свечой”, Ілья Глазуноў “Девушка со свечой в храме” і інш.
А колькі прыгожых песень можна прыгадаць! “Баллада о свечах (Сгорая, плачут свечи)”, якую напісаў аўтар і выканаўца Аляксандр Лабаноўскі. “Машина Времени”: “Пока горит свеча”, С. Ратару: “Свечи”, А. Сяроў: “Давай зажжем на счастье свечи”,“Плачет свечка у окна”, А.Пугачова “Свеча горела…”, Трафім “В такую тьму”, “Свеча пасхальная”.
А яшчэ прыказкі і прымаўкі: у чужым храме свечку не папраўляюць (накшталт рускай “в чужой монастырь не суйся со своим уставом”), свечку не трымаў – гэта пра тое, калі переказваюць чуткі, у справядлівасці якіх не ўпэўнены. Ні Богу свечка, ні чарту качарга – пра нікчэмнага, ні да чаго не годнага чалавека. А яшчэ: згарэў, як свечка, запаліўшы свечку, пайду на запечку, днём і без свечкі відно. Існавалі і павер’і, асабліва пра грамнічную свечку. Напрыклад, лічылася, што грамнічная свечка аберагае дом ад перуноў. Для гэтага ў час навальніцы ставілі свечку на акно. Найбольш дапамагае грамнічная свечка, зробленая з асенняга воску. А яшчэ заўважалі, што пры вянчанні маладых, у каго будзе свечка даўжэй гарэць, той будзе даўжэй жыць. Калі ж свечка пагасне, то гэта прадвяшчае няшчасце.
Гісторыя свечкі налічвае некалькі соцень гадоў. Пачынаючы з III тысячагоддзя да н.э., багатыя людзі карысталіся імі для асвятлення дамоў, таму што свечкі былі дарагімі. Разам з лампадамі яны былі амаль што адзінай крыніцай асвятлення. Беднякі карысталіся лучынай, затым прыйшлі керасінавыя лямпы, якія давалі больш святла і былі больш бяспечнымі.У 80-х гадах 19 стагоддзя з'явіліся і сталі распаўсюджвацца электрычныя лямпы накальвання (у нашай мясцовасці – у 50-х гадах мінулага стагоддзя). Пазней электрычныя лямпачкі выцеснілі ўсе іншыя крыніцы асвятлення, і функцыя свечак у асвятленні змянілася на дэкаратыўную і эстэтычную.
Свечкі бываюць розных відаў. Самыя дарагія з іх – васковыя. Першыя, сучаснай канструкцыі, свечкі з’явіліся ў сярэднявеччы. У канцы XVIII cт. іх змянілі спермацэтавыя свечкі з воскападобнага тлушчу, атрыманага з галавы кашалота.
Трысняговая – цьмяная сальная свечка, у якой фіціль зроблены з сэрцавіны трыснягу. У 1820 г. французскі хімік М. Шэўроль адкрыў стэарынавы воск. Бліжэй да пачатку ХХ ст. хімікі выдзелілі нафтавы воск – парафін. Ён быў больш таны і гарэў практычна без паху. На сённяшні дзень парафінавыя свечкі з’яўляюцца самымі распаўсюджанымі. Найбольш эстэтычнымі і дэкаратыўнымі лічацца гелевыя свечкі. У цяперашні час існуюць нават электронныя свечкі.
У залежнасці ад прызначэння свечкі бываюць гаспадарчыя (для асвятлення, на выпадак, калі можа знікнуць электрычнасць), сталовыя (для прыдання каларыту розным мерапрыемствам), пяньковыя, якія адрозніваюцца шырокім дыяметрам і не патрабуюць падсвечніка, чайныя – выпускаюцца залітымі ў алюмініевы корпус і адрозніваюцца найвышэйшай эканамічнасцю.
У наш час свечкі часта ўжываюцца у дэкаратыўных мэтах, для стварэння рамантычнай абстаноўкі. Іх назначэнне – эстэтычнае задавальненне. Гэта розныя свечкі статуэткі, сувеніры і г.д. Гелевыя свечкі, якія традыцыйна вырабляюцца з пчалінага воску, носяць рытуальны характар. Упрыгожыць дом дапамогуць свечкі ў выглядзе кветак, русалак, анёлкаў, пастушкоў, лілій, амураў, свечкі плаваючыя, свечкі араматызаваныя, вітыя..
Асобнае і найбольшае значэнне маюць свечкі ў рэлігіі, асабліва ў хрысціянстве, дзе іх з’яўленне звязана з тым, што ў перыяд нараджэння хрысціянства вернікі павінны былі хавацца ў катакомбах ад рымскіх уладаў – яны бралі з сабою свечкі як крыніцу асвятлення. Пазней значэнне свечкі напоўнілася новым рэлігійным сэнсам: сэрцы веруючых палымнеюць любоўю да Бога, Бог разганяе цемру і г.д.
Свечкі, якія вернікі купляюць у царкве, каб паставіць каля абраза, маюць некалькі духоўных значэнняў: свечка з’яўляецца знакам дабраахвотнай ахвяры Богу і храму, а мяккасць воску сімвалізуе гатоўнасць да паслушання. Гэта і сведчанне веры, і прычаснасць чалавека да Божага, выражэнне цеплыні і любові людзей да Усявышняга, Маці Божай, Анёлаў і святых. Свечка сімвалізуе сабой Боскае святло. Свечка, святло, святліца, світанак, светлы, свячэнне, асвячэнне, – словы аднаго кораня. А яшчэ свет, бо для кожнага асобнага чалавека свечка – гэта цэлы свет, пачатак і канец. Прыгожа ўбраная, урачыстая, якая даецца пры нараджэнні, і ўціснутая ў нерухомыя, халодныя рукі ў апошнюю хвіліну жыцця, “… где-то там, у смерти на пороге, свеча пасхальная пронзает ночи тьму”…


Іаланта ВАЛУЕВІЧ.