"Среда размышления". У нас есть Папа


Так хочацца верыць… Шчыра, узнёсла, радасна… Насцеж адкрыць душу насустрач Боскай Праўдзе…
Так хочацца верыць…


І не атрымліваецца. Ці ўсё ж атрымліваецца, але неяк не так? Глядзіш на свет – і не можаш у ім убачыць хоць бы пробліск Божай Прысутнасці. Хоць бы пробліск… Глядзіш на свет – і амаль фізічна адчуваеш, як вера твая слабее, змяншаецца, мяняе нейкія свае арыенціры. А душа курчыцца, курчыцца, курчыцца ад пякучага болю ўласнай непрыкаянасці. І калі ўжо пачынае выдавацца, што шляху назад няма, над Сікстынскай капэлай вырастае раптам слупок дыму, светлага, як надзея…
Абраны новы Святы Айцец… Ім аказаўся 76-гадовы аргентынскі кардынал Хорхе Марыа Берголья.
Упершыню ў гісторыі існавання Каталіцкага Касцёла яго ўзначаліў манах Ордэна Езуітаў. Упершыню Святы Айцец паходзіць з Паўднёвай Амерыкі. І ўпершыню Папа Рымскі выбраў сабе імя – Францішак (у гонар святога Францішка з Асізі).
Ён вядомы сваёй сціпласцю – адмовіўся ад шыкоўнага Палаца біскупаў у Буэнас-Айрэсе і жыў у маленькай кватэры. Кожны дзень ён прачынаецца ў 5.30, сам сабе гатуе сняданак і, зноў жа адмовіўшыся ад “службовага” лімузіна, ездзіць на грамадскім транспарце. Нават на канклаў ён прыляцеў на рэйсавым самалёце адзін, без світы – з чамаданам у руках. Ён вядомы сваёй міласэрнасцю – наведвае СНІД-інфіцыраваных, стараецца дапамагаць бедным, не грэбуе перад Пасхай, як дзве тысячы гадоў таму Настаўнік, памыць ногі выпадковым людзям… Ён вядомы сваім кансерватызмам: выступае
супраць абортаў і эўтаназіі, асуджае гомасексуалізм і аднаполыя шлюбы. Хаця ў адным з інтэрв’ю зазначыў, што да гомасексуалістаў таксама трэба ставіцца з павагай – яны гэткія ж Божыя дзеці, як і ўсе астатнія людзі. Святы Айцец – за цэлібат (забарону жаніцца святарам).
З 1950-га года жыве з адным лёгкім.
Кажуць, у яго былі шансы стаць Папам Рымскім яшчэ ў 2005 годзе, але свае галасы ён тады перадаў кардыналу Ратцынгеру, які стаў Бенядыктам ХVІ. На сёлетнім канклаве аргентынскі кардынал Хорхе Марыа Берголья не лічыўся сур’ёзным прэтэндэнтам на Папскі Прастол. Прынамсі, па версіі СМІ. І ўсё ж ужо на 5-м галасаванні ён быў абраны…
У сераду ў 19.06 над Сікстынскай капэлай узвіўся белы дым. І амаль адразу, на ўвесь свет абвяшчаючы радасную навіну, заспявалі званы базілікі Святога Пятра. А ў Сікстынскую капэлу ўвайшлі сакратар Калегіума і Старшыня Папскіх Літургічных Цырымоній. У іх прысутнасці самы старэйшы з кардыналаў запытаўся ў святара Хорхе Марыа Берголья:


– Ці прымаеш кананічнае абранне цябе на біскупа Рымскага?
– Так.
– Якое імя выбіраеш сабе?
– Францішак.


Далей, згодна з традыцыяй, новаабраны Папа Францішак накіраваўся ў так званы Пакой слёз базілікі (невялічкі пакойчык без акон, у якім можна без сведкаў справіцца са сваімі эмоцыямі), там жа ён прыняў віншаванні і абеты паслушэнства ад кардыналаў. Потым Святы Айцец у адзіноце маліўся ў капліцы.
А на плошчы Святога Пятра пад рымскім дажджом у радасным нецярпенні чакалі з’яўлення новага Папы сотні тысяч вернікаў. Нарэшце занавес на балконе рассунуўся: Habemus Рapam – У нас ёсць Папа!
…Зноў і зноў пераглядаю гэты відэаролік: вось ён, Святы Айцец Францішак, услед за крыжам ідзе да сваёй паствы. Добры, адкрыты твар. Цёплыя, светлыя вочы…


– Браты і сёстры, добры вечар!
Як вам вядома, абавязкам канклава было даць Рыму біскупа. Падобна на тое, што мае браты-кардыналы дайшлі амаль да краю зямлі, каб знайсці яго... Але вось я тут, перад вамі. Дзякуй за віншаванні…
Перш за ўсё хачу вас прасіць аб малітве за Бенядыкта XVI…”


Пасля сумеснага з вернікамі пра-маўлення “Ойча Наш”, “Радуйся Марыя” і “Хвала Айцу” ён прадоўжыў:


– А цяпер пачнём гэтае падарожжа, біскуп і народ – разам. Гэтае падарожжа Рымскай Царквы, якая ў любові ўзначальвае ўсе іншыя цэрквы. Падарожжа братэрства, любові і ўзаемнага даверу. Памолімся адзін за аднаго. Памолімся за ўвесь свет, каб у ім панавала пачуццё братэрства. Каб гэты шлях Царквы, які мы сёння пачынаем, быў плённым.
…Цяпер хачу вас паблагаславіць, але спачатку прашу вас… Я прашу вас памаліцца за мяне… Каб Бог благаславіў мяне на годнае служэнне. Прашу аб малітве народа за іх біскупа. Памолімся ў цішыні… А цяпер благаслаўляю вас і ўвесь свет, усіх мужчын і жанчын добрай волі.
Браты і сёстры, пакідаю вас. Маліцеся за мяне, і хутка ўбачымся.
Спакойнай ночы і добрых сноў!


…Хіба можна сказаць лепш? Хіба можна сказаць прасцей? Хіба гэтыя словы не ад аднаго сэрца – да сэрцаў мільёнаў?
Гэта ж не проста пробліск – магутны прамень Божага Святла!
І я, слабы і нікчэмны чалавек, веру якога, нібы вецер дрэва, згінаюць ва ўсе бакі бясконцыя сумненні, з радасцю і невымернай глыбіні надзеяй прамаўляю: “Ды свяціцца Імя Тваё!..”
І прамаўляючы, чую, як дрэўца маёй веры распрамляецца, расце, цягнецца да Святла, імя якому – Бог…


-------------------
Ганна ЧАКУР.

Фота з сайта infosmi.net.