Собрались вместе, чтобы подготовиться к 40-дневному посту
У вечар напярэдадні Вялікага посту парафіяне касцёла Адшукання святога Крыжа ў Астраўцы сабраліся ў парафіяльным доме, каб разам падрыхтаваць свае думкі і душы да саракадзённага гавення.Маральнай падрыхтоўцы да посту, які доўжыцца цэлых сорак дзён, чамусьці не надаецца патрэбнай увагі. А гэта момант, несумненна, важны і нават неабходны – калі чалавек не толькі разумее, але і адчувае сэрцам, што пост увасабляе сабой не абмежаванні, а духоўнае ачышчэнне. І вельмі прыемна, калі ў такі час адчуваеш падтрымку, ведаеш, што ты не адзін, што ты – часцінка адной вялікай сям'і, якую яднае сапраўдная і непахісная вера ў дабро, у міласэрнасць, у Бога…
– Наша жыццё залежыць толькі ад нас, – пачаў размову з парафіянамі ксёндз Андрэй Горбач. – І сёння мы сабраліся тут, каб радавацца, што мы разам, каб памаліцца за ўсіх здаровых, за памерлых, за дзяцей і за родных. І гэта яшчэ адно пацвярджэнне таго, што мы ў любы момант падтрымаем адзін аднаго, што мы заўсёды побач.– Мы першы раз сабраліся менавіта з такой нагоды, – дзеліцца ўражаннямі парафіянка касцёла Адшукання святога Крыжа Тэрэса Ігнатовіч. – Прапанова пагавець паступіла ад ксяндза Андрэя, і мы яе з задавальненнем падхапілі. Кожны прынёс з сабой прысмакі – мы разам памаліліся, паелі, папілі гарбаты, добра правялі час. Спадзяёмся, што гавенне стане ў нашай парафіі добрай традыцыяй. І мы вельмі рады, што ў нас ёсць месца, дзе можна сабрацца разам і куды прыходзяць нашы сябры і госці.
Цёплая, амаль хатняя атмасфера, якая панавала ў парафіяльным доме ў той вечар, сагравала сэрцы ўсіх прысутных. Усе разам яны спявалі песні, тон якім задавалі ўдзельнікі хору “Польскае рэха Астраўца”, расказвалі вершы і байкі і танцавалі пад акампанемент вядомага мясцовага кампазітара і выканаўцы Аляксандра Альховіка – ад душы і для душы.Гэта быў апошні вечар перад Вялікім постам, калі можна было з'есці “лішняга”, ”натанцавацца” – парадаваць сваё цела, каб потым больш увагі ўдзяляць сваёй душы, падумаць пра Бога, прыйсці ў касцёл з разуменнем таго, што гэта трэба ў першую чаргу самому сабе…
-------------------------------
Вольга ХАЦЯНОВІЧ, фота аўтара.