Смысл дня Всех Святых разъяснил ксёндз Дмитрий
У дзень Усіх Святых і практыкуючыя католікі, і тыя, хто парог храма пераступае толькі па вялікіх святах, аддаюць даніну памяці памерлым. Ля кожнай магілкі з’яўляюцца трапяткія агеньчыкі лампадак і букеты рознакаляровых кветак, а шчырыя малітвы з кожным вымаўленым “Вечны супакой дай ім, Пане” незаўважна для людскога вока падымаюцца да самых нябёсаў.Заўтра ўсе католікі будуць перажываць урачыстасць Усіх Святых, а праз дзень успамінаць усіх памерлых вернікаў. Ксёндз-вікарый касцёла святых Космы і Даміяна Дзмітрый Папянюк расказаў пра асаблівасці гэтых дзён, пра святых і святасць, а таксама пра тое, чым кожны з нас можа дапамагчы памерлым з радзіны.
– Ксёндз Дзмітрый, 1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. Растлумачце, калі ласка, сэнс гэтага свята.
– Мне б хацелася пачаць нашу размову з таго, што кожны хрысціянін павінен памятаць: асновай касцёла з’яўляецца Бі-блія, Святое Пісанне. У Евангеллі ад Мацвея ёсць словы, якімі Езус звяртаўся да людзей: “Дык будзьце вы дасканалыя, як і Айцец ваш, які ёсць у небе, дасканалы” (Мт. 5, 48). Іншымі словамі, кожны чалавек павінен імкнуцца крочыць дарогай святасці, спасцігаць Божы замысел і дзяліцца сваімі духоўнымі адкрыццямі з блізкімі, знаёмымі і тымі людзьмі, якія сустракаюцца кожны дзень.
– Святасць чамусьці ўспрымаецца, думаю, не толькі мной, як нешта звыш ідэальнае і недасягальнае. Як яе зразумець на сучасным этапе развіцця чалавека, калі пахіснуўся інстытут сям’і, калі ў свеце грымяць войны?
– Бог пакінуў чалавеку дзесяць запаведзяў. Не ўсе пра іх успамінаюць і кіруюцца імі ў штодзённым жыцці. Людзі звычайна задумваюцца над пытаннем “Чаго хачу я?” …А не Бог. У сённяшнім свеце святасць не з’яўляецца каштоўнасцю для чалавека. Людзі прывыклі лічыць, што толькі духоўныя і кансэкраваныя асобы могуць яе спасцігнуць – але гэта не так. У гісторыі Касцёла вядома шмат прыкладаў, калі да ліку благаславёных ці святых далучалі свецкіх асоб. Напрыклад, Джузэппэ Маскаці, які бясплатна лячыў бедных і абяздоленых, ці Марыя Гарэцці, якая, калі перад ёй паўстаў выбар, – захаваць сваё жыццё ці ненароджанага дзіцяці – не вагаючыся, выбрала апошняе.
Урачыстасць усіх святых нагадвае нам пра тое, што можна ісці гэтай дарогай, што Усявышні заўсёды слухае чалавека. Святыя і благаславёныя, прызнаныя Каталіцкім Касцёлам, таксама былі людзьмі з плоці і крыві. Яны сутыкаліся з непаразуменнем, цяжкасцямі, ганеннямі і аддавалі за веру сваё жыццё. Паступова, акрамя цялеснага мучаніцтва, пачалі адрозніваць і духоўнае. А святых, якія належалі да другой катэгорыі, сталі называць вызнаўцамі. Як мучанік станавіўся сведкам Хрыста праз сваю смерць, так вызнаўца даваў сведчанне сваім жыццём.
Менавіта са святых трэба браць прыклад і памятаць пра тое, што нас чакае пасля смерці. Так, духоўныя каштоўнасці трацяць для сучаснага чалавека сваю вартасць: ён імкнецца да матэрыяльных даброт – унутраны зрок звужаецца і нічога, апроч грошай і выгады, складана ўбачыць. Аднак ніколі не позна навярнуцца. Святасць адна, але шматаблічная. Яна можа быць рэалізавана рознымі людзьмі ў розных акалічнасцях.
– Чаму на наступны дзень пасля ўрачыстасці Ўсіх Святых адзначаецца ўспамін памерлых вернікаў?
– Такое суседства ў календары не выпадковае. У першыя дні лістапада мы спачатку ўспамінаем Усіх Святых, а затым памерлых вернікаў, якія пражылі сумленна і годна, імкнуліся жыць у еднасці з Богам.
– Што павінен зрабіць кожны чалавек у Задушны дзень?
– Згодна з традыцыяй, на працягу актавы ўспаміну ўсіх памерлых, якая працягваецца з 1 па 8 лістапада, вернікі наведваюць могілнік і моляцца за спачылых. У гэты час можна атрымаць поўнае адпушчэнне кары за грахі. Інакш кажучы, выбавіць з чыстца адну душу. Гэта магчыма ў тым выпадку, калі чалавек шчыра паспавядаецца, прыме святую камунію у інтэнцыі блізкага памерлага і наведае могілкі. Таксама вернікі падаюць спісы з прозвішчамі і імёнамі памерлых, якія зачытваюцца перад набажэнствам у кожнай парафіі. Падчас працэсіі на могілкі, якая складаецца з пяці стацый, людзі разам са святаром моляцца за бацькоў і продкаў; за сваякоў і дабрадзеяў; за ахвяраў войнаў і катастроф; за ўсіх памерлых і за душы, якія знаходзяцца ў чыстцы.
– Што рабіць чалавеку, які не мае магчымасці прыехаць у іншы горад ці краіну, дзе пахаваны іх блізкія?
– Мне здаецца, калі чалавек захоча адведаць сваіх памерлых, то ён заўсёды знойдзе на гэта час. Той, хто нават перад урачыстасцю Усіх Святых і напярэдадні Задушнага дня прыйдзе на могілкі, каб навесці парадак, абавязкова памоліцца. Вядома, здараюцца розныя выпадкі, калі, напрыклад, чалавек з-за хваробы ці ўзросту не можа перанес-ці далёкую дарогу. Варта памятаць, што нашым памерлым больш патрэбны нашы малітвы, чым вялікая колькасць кветак і свечак.
– А чым яшчэ чалавек можа дапамагчы памерлым у гэтыя, і не толькі, дні?
– Галоўнае – на працягу актавы ўспаміну ўсіх памерлых наведваць могілкі і маліцца за памерлых. Малітвы за памерлых могуць быць рознымі: на складковых імшах просьбы розных вернікаў злучаюцца разам, на індывідуальнай імшы святар моліцца па просьбе адной асобы. Таксама ў касцёле існуе традыцыя цэлебрацыі трыццаці імшаў на працягу трыццаці дзён запар за памерлую асобу. Такія імшы называюцца “грыгарыянскімі”.
Не лянуйцеся, прыбярыце суседскую магілку, калі вы бачыце, што яна засыпана лісцем. Успомніце ў сваёй малітве суседскую бабулю, за якую няма каму маліцца… Перад Богам усе людзі роўныя, а дарогай святасці можа ісці кожны, галоўнае – спасцігаць Божую задуму і дзяліцца ёй, як гэта ахвярна рабілі на працягу двух тысячагоддзяў людзі, якія пазней сталі святымі.
Гістарычная даведка:
Успамін усіх памерлых вернікаў быў уведзены святым Адылонам, абатам бенедыктаў, у 998 годзе. Праз некаторы час гэты звычай быў прыняты ва ўсім Касцёле.
-----------------------------------------
Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.