Сестра Антонина всегда молится за всех нас

Пасля заканчэння Імшы ў мінулую нядзелю парафіяне астравецкага касцёла Адшукання Святога Крыжа не спяшаліся разыходзіцца па дамах – усім хацелася развітацца з сястрой-эўхарысткай Антанінай Багдановіч, якая працавала ў парафіі на працягу трох гадоў: выкладала катэхізіс у прыкасцельнай школцы, падрыхтоўвала дзяцей да Першай Камуніі, складала цудоўныя кветкавыя кампазіцыі, каб упрыгожыць алтары касцёла, заўсёды гатова была малітвай, справай, добрай парадай дапамагчы кожнаму, хто да яе звяртаўся.

Добрыя словы ў яе адрас выказаў пробашч касцёла ксёндз Андрэй Горбач. А потым хлынулі кветкі ад удзячных парафіян.
– Дзякуй, сястра Антаніна, за ахвярнае служэнне Богу, касцёлу і нам, простым людзям, – казалі ёй дарослыя вернікі.
– Вялікі дзякуй за тое, што побач з вамі нам заўсёды было цікава і весела, – туліліся да манахіні маленькія вернікі, яе нядаўнія вучні.
Сястра Антаніна ад’язджае ў Браслаўскі кляштар – нядаўна яе прызначылі Настаяцельніцай Беларуска-літоўскай дэлегатуры ордэну Сёстраў Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі (Сёстры Эўхарысткі). Іншымі словамі, цяпер яна будзе кіраваць усімі манахінямі-эўхарысткамі, якія працуюць на тэрыторыі Літвы і Беларусі. І па-ранейшаму маліцца за ўсіх нас.
Напярэдадні ад’езду яна ветліва згадзілася  адказаць на некалькі нашых пытанняў.
– Сястра Антаніна, працуючы пры касцёле, вы выконвалі шмат абавязкаў. На новым “начальніцкім” месцы ці будзе ў гэтым сэнсе нейкае паслабленне, своеасаблівы тайм-аўт ад штодзённай працы?
– У сэнсе непасрэдных абавязкаў можа сапраўды стане крыху лягчэй, але і больш складана. Таму што як настаяцельніца дэлегатуры я адказваю за нашы кляштары на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Адказваць за іншых заўсёды няпроста.
– Ваш ордэн Сясцёр Эўхарыстак можна паважаць ужо хоць бы за тое, што вы актыўна прапагандуеце беларускую мову.
– Гэта першапачатковая пастанова заснавальніка нашага ордэна, біскупа Матулевіча, які вучыў нас, што размаўляць з людзьмі трэба на іх роднай мове – дзе б мы ні працавалі.
– Калі вам цяжка… Бываюць такія дні, калі ў сэрцы прарастае горыч… Да каго вы звяртаеце свае малітвы?
– Найперш да Езуса. Ён – крыніца духоўных сіл, цярплівасці і надзеі. А потым – да свайго нябеснага заступніка – да святога Антонія.
– А ў жыцці звычайным, у працы вы кіруецеся правіламі сясцёр-эўхарыстак?
– Не зусім. Статут эўхарыстак прадвызначаны больш для ўнутранага жыцця кляштара. А ў звычайным стараюся, як усе, кіравацца Евангеллем. Там я шукаю (і знаходжу!) адказы на пытанні, што перада мной, як і перад кожным чалавекам, паўстаюць кожны дзень.
– Дзякуй за размову. І ў добры шлях, сястра Антаніна!


----------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.