С пастырским визитом побывал в Островце епископ Сморгонский Пётр

На мінулым тыдні ў Астраўцы з пастырскім візітам пабываў нядаўна назначаны вікарый Навагрудскай епархіі епіскап Смаргонскі Пётр, які знаёміўся з паўночнымі благачыннямі. У пятніцу ў храме святых апосталаў Пятра і Паўла архіерэйскім чынам была здзейснена Бажэсцвенная Літургія Ранейасвечаных Дароў, на якой Яго Праасвяшчэнству саслужылі благачынны Астравецкага благачыння протаіерэй Георгій Савіцкі, настаяцель храма святога прарока Іліі вёскі Альхоўка іерэй Ігар Пятроўскі і дыякан Анатолій Мяльніцкі.

Пасля заамвоннай малітвы быў адслужаны малебны канон вялікамучаніку Феадору Цірану, на якім па даўнейшай хрысціянскай традыцыі асвячалася і бласлаўлялася коліва – прыгатаваная адмысловым чынам зерневая каша з мёдам. Традыцыя гэта адносіцца да 360-х гадоў ад нараджэння Хрыстовага, калі ў Рыме правіў цар Юліян Адступнік, жорсткі ганіцель хрысціян. Аднойчы ў Вялікі пост ён загадаў Канстанцінопальскаму гораданачальніку ў першы тыдзень Вялікага посту абліць крывёю ахвярных жывёл ўсе прадукты, каб хрысціяне не маглі нічога сабе купіць і вымерлі ад голаду. Аднак вялікамучанік Феадор Ціран з’явіўся ў сне Канстанцінопальскаму архіепіскапу Яўдоксію і загадаў аб’явіць хрысціянам, каб яны не куплялі апаганенага харчу, а ўжывалі ў ежу коліва (куццю) – вараную пшаніцу з мёдам. З тае пары ў першую суботу Вялікага посту адзначаецца дзень памяці вялікамучаніка Феадора Цірана, а напярэдадні асвячаецца коліва, якое па заканчэнні богаслужэння раздаецца ўсім прыхаджанам, што прысутнічаюць у храме.
Пасля завяршэння Літургіі Уладыка Пётр звярнуўся да прысутных з пропаведдзю аб умацаванні веры ў сэрцах людзей, аб невычэрпнай міласці Божай, вялікай духоўнай сіле Вялікага посту.


---------------------------
Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.