Рассказ. "Услед за пуцяводнай зоркай"
Трое сутак распаленай адзіноты… Трое сутак сам на сам з пустыняй… З бясконцасцю яе ўсюдыіснага пяску, нерухомага і вечна гатовага мяняць абрысы хвалістых барханаў. З цішынёй, ад якой, нібы ад сцяны, адбіваюцца жалосныя стогны яго стомленага вярблюда… Трое сутак назад ён кінуў сваім спадарожнікам раздражнёнае: “Цягнецеся, як нікчэмныя гаршэчнікі, што баяцца пашкодзіць свой крохкі тавар! Цэлы год падарожжа апранецца ў руіны дарэмнасці з-за вашага нежадання прыспешыць хаду!
Адмаўляюся ад таварыства – я сам адолею дарогу… І я не спазнюся!” Трое сутак назад ён з сілай ударыў свайго драмадэра, і той, закрычаўшы ад крыўды і болю, рвануўся наперад.
Ніхто не паспрабаваў яго спыніць. Ніхто не сказаў яму: “Адзін ты загінеш”. А калі б і сказаў – ён не пачуў бы. А калі б і пачуў – гэта б яго не спыніла. Таму што з кожным днём ён усё мацней адчуваў у сабе ўласную наканаванаць – нібы сама пустыня пульсавала ў душы гукамі цішыні: “Ты павінен! Ты не мусіш аглядвацца на гэтага старца. Ён аджыў сваё – цяпер надышоў твой час!”
І, ад’язджаючы, ён не аглянуўся. Інакш убачыў бы, як чорнабароды спадарожнік памкнуўся было затрымаць яго, але старэйшы спыніў гэту спробу адзіным забараняльным жэстам…
…Ён быў звычайным чорнаскурым хлопчыкам. Восьмым сынам свайго бацькі. Такім, як усе іншыя дзеці. Прынамсі, тады ён так думаў. Ён і не здагадваўся, ён усур’ёз лічыў, што ўсё, даступнае яго позірку, бачыць кожны з людзей, і гукі, якія рэзаніруюць у яго галаве, чутны ўсім. Пакуль аднойчы вечарам да іх вогнішча не падышлі двое чужакоў…
На агні булькацела зацірка з дурры, і яе пах прыемна казытаў нос. Маці раздражнёна адмахвалася ад спроб сваіх малодшых зачэрпнуць з гаршчка не гатовую пакуль страву: “Пачакайце, гарэзы! Вось ненасытныя…” Але калі вячэра нарэшце зварылася, яна не паклікала дзяцей – ля вогнішча ўселіся чужакі. Яны нешта ціха гаварылі бацьку. Той спачатку ставіўся да іх слоў з недаверам, потым – з цікавасцю, а калі ў руках аднаго з чужакоў з’явіўся мяшэчак з чымсьці звонкім, бацька паклікаў яго: “Халіл!” Ён паслухмяна падышоў. Не глядзеў (ведаў, што гэта няветліва) на незнаёмцаў – узіраўся на бацьку.
– Ты пойдзеш з імі, – сказаў той. – Цяпер яны будуць тваёй сям’ёй.
У пошуках паратунку Халіл глянуў на маці, але яна, сустрэўшы яго позірк, адвяла свае вільготныя вочы ўбок…
Адзін з чужакоў пасадзіў яго на каня, потым ускочыў сам і махнуў рукой – аднекуль з цемры ўзніклі яшчэ чатыры коннікі, і яны рушылі ў дарогу пасярод ночы. Адзінае, што сказаў Халілу той, хто прыціскаў яго да сваіх грудзей, было: “Цяпер тваё імя – Каспар”.
З тае ночы мінула амаль шэсць гадоў…
…Невядомая сіла не давала Каспару спакою – гнала і гнала наперад. Насуперак стоме і пякельнаму сонцу ён бясконца прыспешваў свайго вярблюда, хоць разумеў: той траціць сілы. Але чамусьці гэта не хвалявала хлопца, ён ведаў, ён адчуваў нутром: пустыня – за яго! І хоць твар заскаруз ад поту, які ад невыноснай спёкі, не паспеўшы выступіць, тут жа высыхаў, пакідаючы на цёмнай скуры салёныя разводы, а пясок здолеў пранікнуць, здавалася, нават у кроў – ён не адчуваў стомы. Прынамсі, у першы дзень свайго самастойнага падарожжа.
На другі дзень, калі сонца пачало падбірацца да зенітнай кропкі нябёсаў, Каспар убачыў возера. Вялізнае бліскучае возера, напоўненае чысцюткай прэснай вадой. Сэрца юнака шчасліва загрукатала. “Зараз, зараз, – сказаў ён свайму драмадэру – зараз мы з табой, Беланогі, і нап’ёмся ўдосталь і накупаемся”…
Не, вада, канешне, у Каспара была – цэлы мех з бясцэннай вільгацю булькацеў за плячыма. Але ён ведаў, што кошт кожнай кроплі раўняецца яго жыццю, і, як мог, зберагаў ваду, дазваляючы сабе толькі час ад часу прамачыць сасмяглы рот. Учора вечарам ён напалову запоўніў вадой свой падарожны гаршчок і зварыў у ім усё тую ж зацірку з дурры…
А возера, між тым, набліжалася. Вось ужо сталі бачнымі пальмы (і пальмы!) на яго берагах. За імі выплылі зараснікі дзікай мімозы…
– Давай, Беланогі, не ўпарцься!
А потым возера знікла. І рэчаіснасць звялася да багровага сонца і бяскрайняга мора распаленага пяску. Ні цені, ні ўзгорка, ні хаця б адзінокага чэзлага дрэўца…
Вось тады Капар упершыню спалохаўся. Але сонца, пераваліўшы праз зеніт, палагаднела. А прахалода, якой пазней задыхала ноч, супакоіла. “Не бойся!” – падміргвалі зоркі.
Пасля вячэры Каспар з асалодай раскінуўся на пяску. Ляжаў на спіне і глядзеў у неба: нідзе – ён ведаў гэта ад мудрых людзей – нідзе на свеце зоркі не свецяць так ярка і чыста, як у пазбаўленым вільгаці паветры пустыні. Ён купаўся ў гэтай чысціні. Прарастаў у бясконцасць яе глыбінь. Да самага донца. Да першазданнага “Хай будзе святло!” Амаль фізічна адчуваў, як яго душа перастае быць адасобленай іскрай – з’ядноўваецца з полымем Сусвету, у якога няма ні канца, ні пачатку. Якое заўсёды было, ёсць і будзе. І новае, немагчымае па сваёй паўнаце разуменне існасці накрывала яго ўсё шчыльней…
А раніцай сонца не стала – яно не змагло прабіцца скрозь туман. Гарачы, як пекла. Задзьмуў паўднёвы вецер. І пясчаны акіян зарухаўся. Уздыбіўся мірыядамі сваіх часцінак, афарбаваў неба ў колер крыві.
Усё хутчэй раздуваўся вецер, усё мацней напальвалася паветра: хвіліна-другая – і ад гарачыні ў ім заіскрыліся электрычныя токі…
Дарэмна Каспар спрабаваў падняць драмадэра: вярблюд, крычучы ад жаху, адмаўляўся ўстаць на ногі. Крычаў і ўсё глыбей закапваўся ў пясок.
І раптам яшчэ нядаўна немая пустыня завыла. Жудасна і пранізліва. А на гарызонце нарадзіўся безыменны спачатку слуп. За ім – другі, трэці… Жывыя і непамерна высокія, яны з жахлівай хуткасцю набліжаліся. І ўцячы ад іх было немагчыма. Як ад уласнага лёсу... Пясчаныя смерчы… Праклён пустыні – самум…
Каспар паспрабаваў схавацца за спіной вярблюда. Але напоўненае раскаленым пяском паветра яго адшукала…
Самум бушаваў да ночы. Каб сціхнуць раптоўна. Нібы і не было: не раўло, не змятала, не паліла жыўцом… Мёртвая цішыня навісла над застыўшымі пяскамі пустыні.
Каспар ляжаў на спіне. Ягоная скура патрэскалася, пакрылася глыбокімі, занесенымі пяском ранамі. У галаве біў молат. Усё цела распухла і адмаўлялася слухацца. Але ён яшчэ быў жывы і, у адрозненне ад Беланогага, ён яшчэ мог, няхай сабе з неверагоднай цяжкасцю, парухацца… Вось толькі б вады… Хоць глыток…
Перавярнуцца на жывот яму не ўдалося – так і поўз, на спіне. Нават не поўз – перасоўваўся. Сантыметр за сантыметрам. Некалькі метраў, якія аддзялялі яго ад меха з вадой, Каспар пераадольваў амаль гадзіну. А калі нарэшце намацаў сваю здабычу, апошнія сілы пакінулі яго – вар’яцкая гарачыня высушыла скуру бурдзюка, ён растрэскаўся, і вада выцекла ў пясок. Да апошняй кроплі. Скураны мех стаў цвёрдым і калаватым, непаслухмяным, як язык Каспара.
Юнак не заплакаў. Не было чым – вільгаці ў целе не засталося нават на слёзы. Сухімі, зацярушанымі пяском вачыма ён глянуў у неба. На зорку, якую лічыў пуцяводнай. “Прабач”, – варухнуў ён апаленымі вуснамі, рэзка дрыгануўся і заціх. Ён яшчэ бачыў, як зорка ў адказ нахілілася над яго нерухомым целам і правяла прахалоднымі праменямі па апаленым твары.
Затым з’явілася маці. У руках яна трымала поўныя вёдры блаславенна халоднай вады. З Ніла – ён ведаў гэта дакладна. З ракі, ля якой ён нарадзіўся. Маленькі галапузы Халіл выбег насустрач, і маці з радаснай усмешкай выплюхнула вядро на ягоную кучаравую галаву…
А потым неба не вытрымала ўласнага цяжару і абрушылася на яго мегатонамі сваёй пустаты…
…Адшукаць Каспара дапамаглі сцярвятнікі. Невядома як, але яны адчулі пах мярцвячыны і ў прадчуванні блізкага піршаства кружылі над прысыпаным пяском юнаком і яго вярблюдам.
Першым са свайго драмадэра спешыўся чарнабароды. Нахіліўся над нерухомым целам, дакрануўся да шыі, каб паспрабаваць намацаць пульс… і адмоўна пакруціў галавой: позна.
– Не можа такога быць, – не паверыў яму чалавек з сівой барадой. Умелым рухам ён прымусіў свайго вярблюда апусціцца на пясок і нечакана лёгка саскочыў з яго.
– Ты не можаш памерці, Каспар, – амаль што пакрыўджана сказаў ён, дастаючы з перакінутай праз плячо торбы цёмную бутэлечку, на трэць напоўненую густой вадкасцю. – Ты не можаш. Інакш я ўбачыў бы тваю смерць. Яшчэ тады, у самым пачатку.
– Дапамажы, – звярнуўся сівабароды да свайго спадарожніка.
Дзвюма рукамі той расшчаміў скамянелы рот Каспара, і сівабароды, уліўшы ў яго некалькі кропель са сваёй бутэлечкі, стаў назіраць за наступствамі. Нічога.
– Давай яшчэ крыху, – скамандаваў ён чалавеку з чорнай барадой.
Толькі пасля трэцяга разу, пасля таго, як стары, ужо не адлічваючы кроплі, уліў у рот юнака ўсё змесціва сваёй бутэлечкі, Каспар зарухаўся і паспрабаваў разляпіць зацярушаныя пяском вейкі.
– Прабач мне, настаўнік, – непаслухмянымі вуснамі прасіпеў ён.
– Ты не мог памерці, хлопчык, – сцвярджальным тонам сказаў сівабароды. – Я б ведаў… Я бачыў тваю смерць… Яшчэ не скора… Ты – маг. Ты – маг такой сілы, якой зямля яшчэ не ведала. Мне было дадзена прачытаць твой прыход, і я забраў цябе ў тваіх бацькоў. І даў табе веды. Усе, якімі валодаў сам. Далей ты павінен ісці самастойна. І гэты адрэзак пустыні, які ты пераадолеў у адзіночку, – толькі першы крок. Ён запісаны ў тваім лёсе. Таму я не спыніў цябе. Я не мог...
Удваіх яны абмылі раны Каспара, змазалі іх жыватворнай маззю і пасадзілі юнака на спіну драмадэра. Лепш, канешне, было б перачакаць дзянёк – даць яму хоць крыху набрацца сіл, але яны не маглі: пуцяводная зорка ў гэты дзень не пагасла – свяціла нароўні з сонцам, а гэта значыць, падзея падзей, прадказаная тысячы гадоў таму, вось-вось павінна здзейсніцца. І ў імя ўсяго чалавецтва яны не мелі права спазніцца…
…Праз тыдзень зорка прывяла іх да невялікай пячоры. Звычайнай. У такіх пастухі замыкаюць на ноч жывёлу. У яе глыбіні сядзела маладая жанчына з распушчанымі валасамі і ціхенька спявала, люляючы немаўля. Хлопчыка. Сыты і ўсім задаволены малыш – ну што чакаць ад груднічка? – бяздумна стрыг у паветры голенькімі пухлымі ножкамі.
І ўбачыўшы Яго, тры самыя вялікія магі зямлі ўпалі ніцма. Бальтазар, старэйшы з іх і саамы мудры, падаў Яму ладан. Як святару над святарамі. Як Богу. Мельхіёр падарыў золата. Як цару. А Каспар, самы малады з іх і самы нявопытны, якому, аднак, было дадзена бачыць далей за сваіх настаўнікаў, паставіў ля маленькіх ножак мірра. Як чалавеку. Але які бязвінна прыме ганебную смерць на Крыжы. Каб даць шанс чалавецтву.
Ганна ЧАКУР