Путь на Голгофу в Ворнянах

У Вербную нядзелю ў Варнянскім касцёле Святога Юрыя адбылася жывая Крыжовая дарога.Юнакі і дзяўчаты парафіі рэканструявалі падзеі амаль двухтысячагадовай даўнасці. І столькі ў іх дзеяннях было непадробных пачуццяў, што дажджынкі і слёзы сцякалі па тварах прысутных. І нават непадуладны нікому вецер спяваў у гэты дзень рэквіем. Па Закатаванаму без віны…

Я – Понцій Пілат. Я – той, чыё імя вы з нянавісцю паўтараеце кожны дзень: “…закатаваны пры Понцкім Пілаце…” І я не хацеў Яго забіваць. Таму што не бачыў на Ім віны. Я прапанаваў Яго вызваліць. Але ашалелы ад прадчування блізкай крыві натоўп роў: “На Крыж Яго!” І я ўступіў агуль-
наму патрабаванню… А што на маім месцы зрабілі бы вы? Ці хапіла б у вас сіл на процістаянне? А можа, вы таксама пастараліся б змыць са сваіх рук нявінную кроў?


Я – Марыя. І гэта мой Сын нёс на сабе крыж ганьбы. Не, я памятала той сон напярэдадні цяжарнасці… Я ведала, што Ён – у імя ўсіх… Дзеля ўсяго чалавецтва… Але ў гэтыя хвіліны Боскае прадвызначэнне страцілася… Маё дзіця… Маё адзінае дзіця, збітае, спакутаванае, апляванае, падала пад крыжам. І я не магла не ўкленчыць перад Ім:“Сыночак… Родненькі…” А ў вас хапіла бы сэрца назіраць за пакутамі сына збоку? Забыўшыся пра мукі, якія церпіць ваша дзіця, разважаць пра велічнасць падзеі?


Я – Сімон Кірэнейчык. У той дзень я вяртаўся з поля. Стомлены і галодны… Мне не было справы да гэтай сумнай працэсіі. Адзінае, аб чым я марыў: хутчэй дабрацца дадому… Нават калі Той, Хто нёс крыж, упаў, мяне гэта не асабліва ўзрушыла. Але Яго ганіцелі прымусілі мяне падставіць плячо... Я не хацеў. Я адмаўляўся. Але іх было шмат, і яны мелі зброю. Мне давялося ўзваліць на сябе чужую ношу… А вы…Скажыце, у вас заўсёды знойдуцца сілы, кааб прыняць на свае плечы чужы крыж?


Я – Вераніка. Дзяўчына з ніадкуль. Я сама не ведаю, чаму я раптам выйшла з натоўпу і працягнула Яму кубак з вадой. А потым зняла з галавы белую хустку, каб ацерці з Ягонага твару крывавы пот… Свіснуў біч ката, і Езус пайшоў далей. А ў маіх руках застаўся цуд: на беласнежнай хусціне адбіўся Яго твар. Стомлены і збіты да чарнаты. І светлы, як неба. А вы гатовы выйсці з бяспечнасці натоўпу, каб хоць на хвіліну аблегчыць чыйсці боль?


Я – Магдалена. Так, тая самая, якую Хрыстус уратаваў ад забіцця каменнем… “Ідзі і больш не грашы”, – сказаў Ён мне тады. І я пайшла. І думала, што навучылася дараваць. Усім, нават ворагам. Але там, на Крыжовым шляху, палітым потам і крывёю Раббі, я, заглянуўшы Яму ў вочы, убачыла ў іх моц сапраўднага даравання і неверагодную веліч Боскай любові… І сэрца маё на імгненне спынілася… А вы гатовы ўзлюбіць свайго ворага? Падставіць другую шчаку? Прамовіць: “Прабач яму, Госпадзі, бо не ведае, што творыць?”


Я – Іосіф з Арыматэі, вучань Ісуса, але тайны з-за страху перад іўдэямі. Я папрасіў у Пілата, кааб зняць цела Езуса; і Пілат дазволіў. Я пайшоў і зняў. А зняўшы, ахінуў Яго плашчаніцаю і паклаў у магіле, высечанай у скале. Тры дні і тры ночы цела Езуса належала мне. І молячыся ля каменя, што закрываў уваход у магілу, я перастаў баяцца… А ў вас хапае смеласці пайсці ўслед за верай?




Я – дзяўчына, якая чытала тэкст. І не змагла дачытаць. З-за слёз. А вам вядомы слёзы суперажывання пакутам іншых?

Мы – вернікі Варнянскай парафіі. І да крыжа кожны з нас прынёс камень свайго граху. Каб ачысціцца. Каб стаць годнымі Найвялікшай Ахвяры… А ў вас стае сілы падняць камень уласнага граху?


Я – Ганна Чакур. І мой цвік граху таксама ўпіваецца ў цела Хрыстуса. Не паспяваю падняць адзін камень, як тут жа з’яўляецца новы… Але сэрца маё адкрыта. І ідучы ўслед за Укрыжаваным, ціха шапчу: “Пане, я не вартая, каб Ты прыйшоў да мяне… Але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена душа мая…”
А вы?..

Ганна ЧАКУР.