Путь к вере у православного священнослужителя из Гомеля начинался в Островце

Чамусьці добрых навін у параўнанні з нядобрымі значна менш. Хаця цалкам магчыма, што на нядобрыя большы попыт, – так ужо, відаць, устроены чалавек, што спачуваць камусьці лягчэй, чым радавацца за яго…
Але давайце ўсё ж такі радавацца. Да прыкладу, таму шчасліваму факту, што наша астравецкая зямля падарыла свету столькіх выдатных святароў.

Хаця протаіерэй Вадзім Лапіцкі, клірык Свята-Пятра-Паўлаўскага сабора ў Гомелі, стопрацэнтным астраўчанінам сябе не лічыць: у наш гарадок разам з бацькамі ён пераехаў толькі ў пятнаццацігадовым узросце. І няхай сабе ў самым яе пачатку, але юнак ужо стаяў на бясконцай дарозе, імя якой – Вера ў Госпада…
– Павадыром у адшуканні гэтай дарогі аказалася мая настаўніца, – расказвае айцец Вадзім. – Думаю, нейкія прадпасылкі ўва мне былі, але яны маглі так і застацца ў зародкавым стане, калі б не мая настаўніца… Яна дапамагла мне намацаць шлях да Бога і зрабіць па ім першыя крокі…
А потым быў пераезд у Астравец і новая “вешка” на дарозе лёсу – сустрэча з настаяцелем храма святых апосталаў Пятра і Паўла, протаіерэем Паўлам Варановічам.
– Прыход у Астраўцы тады яшчэ толькі пачынаў фарміравацца, – узгадвае тыя часы святар. – Цяжка пераацаніць, колькі сіл і нерваў уклаў у гэту справу айцец Павел. І радасна ўсведамляць, што створанае ім не проста засталося, а мае свой працяг, актыўна развіваецца.
Вадзім Лапіцкі, тады яшчэ вучань сярэдняй школы № 2, пацягнуўся да айца Паўла, як парастак цягнецца да сонца, – каб прасякнуцца промнямі яго энергетыкі, каб навучыцца не проста верыць – давяраць. Усіміфібрамі мяцежнай юнацкай душы давяраць Таму, Хто па-за недаверам…
І гэтае захапленне прыхадскім святаром не было бяздзейсным сузіраннем: Вадзім стаў дапамагаць айцу Паўлу падчас правядзення службы, пачаў працаваць у нядзельнай школцы – выкладаць нешматлікім тады яе вучням азы багаслоўя…
– Усё склалася неяк само сабой, – працягвае протаіерэй Вадзім. – Пытання, куды пайсці пасля заканчэння школы, перада мной не стаяла – вядома ж, у духоўную семінарыю.
Спачатку ён закончыў Мінскую духоўную семінарыю. Потым – Духоўную акадэмію. Напісаў і абараніў кандыдацкую дысертацыю – стаў кандыдатам багаслоўя.
З 2004 года айцец Вадзім служыць ў Гомельскім Свята-Пятра-Паўлаўскім саборы. Спачатку быў іерэем, потым протаіерэем.
А сёлета 11 жніўня, у дзень памяці прападобнай Манефы Гомельскай, Гомельскі епіскап Сцяфан ад імя Мітрапаліта Філарэта ўзвёў протаіерэя Вадзіма Лапіцкага ў чарговы царкоўны чын – узнагародзіў яго правам нашэння крыжа з каштоўнымі камянямі.
Абавязкі айца Вадзіма не абмяжоўваюцца выключна служэннем у храме. Нямала ўласнага часу святару прыходзiцца ўдзяляць асветніцкай працы. Яму, як i iншым гомельском святарам, даводзiцца выступаць перад школьнiкамi i студэнтамі ВНУ, ён выкладае агульную царкоўную гiсторыю на епархiяльных багаслоўскiх курсах для міран, узначальвае праваслаўнае брацтва студэнтаў-медыкаў.
Ураўнаважаны. Крыху адстаронены. Валодае дарам ўпэўнівання. А яшчэ – дарам не проста выслухаць, а глыбока адчуць свайго суразмоўцу, прасякнуцца яго праблемамі і дапамагчы знайсці спосаб іх вырашэння.
Акрамя таго, ён – муж, бацька двух цудоўных хлапчукоў, якія – хто ведае? – можа, з гадамі таксама выберуць для сябе дарогу, па якой усё сваё свядомае жыццё ідзе іх тата…


Ганна ЧАКУР