Праздник Вознесения Святого Креста отметили в островецком костёле

14 верасня ў Касцёле адзначалася свята Узвышэння Святога Крыжа. У гэты дзень вернікі з ваколіц Астраўца сабраліся ў парафіі Адшукання Святога Крыжа на адпуст.
Прыгожыя кветкі, парадак каля святыні, узнёслы спеў – усё гэта сведчыла пра тое, што парафія старанна рыхтавалася да свята.

На працягу ўсёй урачыстасці святары з Астравецкага дэканата знаходзіліся ў канфесіяналах, і вернікі ў любы момант мелі магчымасць прыступіць да сакраманту споведзі.
Перад Найсвяцейшым Сакрамантам людзі разважалі над таямніцай Крыжа Езуса Хрыста.
Святую Імшу ўзначаліў ксёндз Павел Гардзейчык, вікарый парафіі святых Космы і Дам'яна ў Астраўцы. У казанні кс. Павел паведаў вер-нікам гісторыю ўзнікнення свята, а таксама нагадаў пра вартасць крыжа ў хрысціянскім жыцці.





“Пасля смерці Езуса на Галгофе крыж стаў сімвалам найвышэйшай любові і самаахвярнасці. Крыж узвышаецца на вяршынях касцёлаў і капліц, знаходзіцца ў дамах, на дарогах і скрыжаваннях, на грудзях у вернікаў... Езус паказвае нам таксама, чым з’яўляецца крыж, калі гаворыць: “Калі хто хоча ісці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною”(Mц 16,24), – сказаў святар.
Разам з сястрой Таццянай Салодкай SJE мясцовая моладзь упрыгожыла ўрачыстасць спевам.
Кс. Андрэй Горбач, пробашч парафіі, успомніў у малітве тых, хто будаваў святыню, а таксама памаліўся за ўсіх прысутных вернікаў. На заканчэнне святар выказаў шчырую падзяку тым, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення ўрачыстасці.


---------------------
Ірына ГРЭЙЦЬ, фота аўтара.