Поговорим о традициях Великого поста

Распачаўся Вялікі пост – час падрыхтоўкі да Вялікадня. Ужо больш за два тысячагоддзі для кожнага хрысціяніна гэтая падзея абвяшчае перамогу дабра над злом, святла над цемрай, Божай любові над нашымі заганамі.

У гэты час мы рыхтуемся да змёртвыхпаўстання Хрыста, каб ачышчанымі духоўна і цялесна прывітаць Езуса шматгалосным “Аллелуя!”.


Якім чынам мы павінны перажываць дні Вялікага посту? Як падрыхтавацца да ўваскрашэння сына Божага? На гэтыя і не толькі пытанні шукаем адказы разам з дэканам Астравецкага дэканата, ксяндзом-пробаршчам парафіі святога Юрыя ў Варнянах Паўлам Звяжынскім.

– У мінулую сераду ў Каталiцкiм Касцёле пасыпаннем галоваў попелам распачаўся Вялiкi пост. Адкуль пайшла гэтая традыцыя і якое значэнне яна мае для кожнага каталіка?

– Яшчэ ў часы Старога Запавету шырока практыкаваўся пост як адзін з фактараў рэлігійнага жыцця. У першых стагоддзях хрысціянства знак пасыпання попелам выкарыстоўваўся ў якасці бачнага пачатку пакаяння пасля публічнай споведзі перад адпушчэннем грахоў. З VI да X стагоддзяў у Касцёле распаўсюдзілася практыка індывідуальнай споведзі, і гэты ўчынак як знак хуткаплыннага чалавечага існавання, смутку, шкадавання, неабходнасці ачышчэння перад Вялікаднем прымаюць усе вернікі, якія ўдзельнічалі ў літургіі пачатку Вялікага посту.

Святар пасыпае попелам галовы і прамаўляе наступныя словы: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле” або “Памятай, што з праха пайшоў і прахам станеш”. Гэта сімвал навяртання, пакаяння і ўсведамленне вяршэнства Божай ласкі.

– Многія людзі ўспрымаюць пост як устрыманне ад мясных страў, алкаголю і забаў. Гэта правільна?

– Пост трэба разумець у больш шырокім сэнсе – гэта час, дадзены Богам для нашага асабістага навяртання. Падчас яго мы павінны працаваць над сабою: задумвацца над сваімі ўчынкамі, прасіць прабачэння ў пакрыўджаных, імкнуцца выправіць сваю віну – таму што Езус аддаў сваё жыццё дзеля нашага збаўлення.

У  перыяд Вялікага посту мы павінны разважаць над пакутай, смерцю Езуса на крыжы і Яго ўваскрашэннем.

У гэты час кожны каталік павінен практыкаваць пост, малітвы і міласціну. Уступаючы на шлях пакаяння, навяртання і жалю за свае грахі, чалавек запускае працэс уласнага змянення па вобразу і падабенству Збаўцы Езуса.

Напярэдадні Вялікага посту, 11 лютага, у Каталіцкім Касцёле адзначаецца дзень хворых, які ў 1992 годзе ўвёў Ян Павел ІІ. Дапамога хворым людзям таксама з’яўляецца нашай падрыхтоўкай да змёртвыхпаўстання Езуса. У гэты дзень або напярэдадні яго святар адведвае ўсіх хворых у сваёй парафіі.  У Варнянскай парафіі сёлета паспавядалася і атрымала сакрамэнт намашчэння хворых 130 чалавек. Людзям, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту, можна прымаць гэты сакрамэнт кожны год, а моцна хворыя могуць яго атрымліваць некалькі разоў на год. Не трэба баяцца і лічыць сакрамэнт намашчэння хворых апошнім – ён аздараўлівае цела і душу.

Што датычыцца абмежаван-няў у ежы, то да Другога Ватыканскага Сабору быў вельмі строгі пост. На сучасным этапе Касцёл патрабуе ад вернікаў (усіх здаровых людзей ад 18 да 60 гадоў) сціплага посту (адзін прыём ежы дасыта на працягу дня) толькі два разы на год: у Папяльцовую сераду і ў Вялікую пятніцу. Таксама трэба прытрымлівацца абмежаванняў у ежы ў  пятніцу, у дзень пакуты Хрыста. Некаторыя вернікі не спажываюць мяса ў сераду і суботу. Калі хворы чалавек збіраецца прытрымлівацца строгага посту, то спачатку варта парадзіцца з духоўным настаўнікам, каб не нашкодзіць свайму здароўю.

Звычайна ў перыяд Вялікага посту чалавек імкнецца ставіць перад сабой вялікія і часта недасягальныя мэты. А трэба пачынаць з простага – зрабіць хоць адзін, самы першы крок у накірунку да Езуса.

– Якія сакраманты не ўдзяляюцца ў гэты перыяд?

– Традыцыйна склалася, што людзі бяруць шлюб і хрысцяць дзіця да Вялікага посту або пасля яго. Людзі могуць шлюбавацца і хрысціць немаўлятка – але толькі ў тым выпадку, калі не будуць рабіць пасля гэтага застолля і гучных забаў, таму што Вялікі пост – гэта час смутку і нашага навяртання. На дзень успамінаў святога Юзафа гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца.

– Чаму напачатку Вялікага Посту кожны год вернікам даецца  аповед аб выпрабаванні Хрыста?

– Евангелле ад Мацвея (4,1.11) расказвае, што на працягу сарака дзён і начэй Езус пасціўся ў пустыні. За гэты час д’ябал тройчы спакушаў Сына Божага: голадам, гордасцю і верай. Спачатку прасіў ператварыць камяні ў хлеб. Езус адказаў яму, што не хлебам жыве, а словам Божым. Затым д’ябал паставіў Хрыста наверсе святыні са словамі: “Калі ты сын Божы, то кінься ўніз – анёлы панясуць цябе на крылах.” Але і гэтыя просьбы былі дарэмнымі. Потым д’ябал паказаў Езусу валадарства свету і сказаў: “Калі паклонішся мне, то гэта ўсё будзе належаць табе”. Хрыстос адказаў, што гэты свет належыць толькі Богу.

Гэта гісторыя павінна нагадаць чалавеку, што д’ябал спакушае нас кожны дзень, а аповед аб выпрабаванні Хрыста павінен стаць для нас прыкладам трывання ў веры.

У пасланні Святога Айца Францішка на Вялікі пост 2015 года ёсць такія словы: “Мы павінны быць падобнымі да Хрыста, які стаў убогім і ўзбагаціў нас праз сваю ўбогасць.”

– Раскажыце, калі ласка, аб касцельных традыцыях у перыяд Велікоднага посту.

– У нядзелю перад галоўнай імшой ці пасля яе адбываецца набажэнства “Песні жальбы”. Падчас яго мы ўспамінаем пакуту Езуса, цярпенне Марыі, якая была разам з сынам на яго крыжовым шляху. Таксама ў касцёле ў дзень мукі Хрыста, у пятніцу, адбываецца Крыжовая дарога. У некаторых парафіях для дзяцей ці людзей, якім складана дабрацца ў пятніцу ў касцёл, гэтае набажэнства адбываецца і ў нядзелю. Вернікі разам са святаром абыходзяць усе чатырнаццаць стацый, разважаючы аб муках Езуса Хрыста, які нёс крыж на Галгофу, падаў пад яго цяжарам і паміраў на ім. Падчас гэтага шляху Езус сустракаў розных людзей: добрых, якія хацелі Яму дапамагчы, і тых, хто рабіў яго дарогу больш цярністай. Калі мы прымаем удзел у набажэнстве Крыжовага шляху, то яшчэ дапамагаем Езусу несці крыж.

Напэўна, менавіта пагэтаму сёння існуе звычай парафіяльных рэкалекцый, злучаных з навукай і магчымасцю прыступіць да сакраманту пакаяння. Гэтая споведзь з’яўляецца неабходнай умовай, каб святкаваць Вялікдзень у прымірэнні з Богам, сабой і бліжнім. Гэта духоўная падрыхтоўка да ўваскрашэння Хрыста.

Напярэдадні Вялікадня мы перажываем Вялікі тыдзень, які распачынае Вербная нядзеля. Людзі прыносяць у касцёл на асвячэнне вербныя (пальмавыя) галінкі.  Кожны дзень апошняга тыдня посту носіць назву “вялікі”.

У Вялікі або “чысты” чацвер мы ўспамінаем, што напярэдадні сваёй пакуты Пан Езус сабраў усіх вучняў на апошнюю вячэру. Падчас яе Хрыстос абмыў ногі ўсім апосталам. Гэты абрад захоўваецца ў некаторых касцёлах. Святы Айцец Францішак у Вялікі чацвер умываў ногі дванаццаці вязням. Таксама ў гэты дзень мы ўспамінаем, што Пан Езус устанавіў два важныя  сакраманты – Эўхарыстыі і святарства.

У Вялікую пятніцу мы ўспамінаем муку і смерць Езуса на крыжы, бо ён памёр за нас, за бацькоў, за сяброў і за ўсіх людзей. Дзякуем Хрысту за яго вялікую любоў, просім прабачэння за свае правіны. Вялікая пятніца – адзіны дзень у годзе, калі адпраўляецца не святая Імша, а набажэнства: адарацыя крыжа, святая Камунія, працэсія да гробу.

На працягу ўсёй Вялікай суботы ў касцёле выстаўлены найсвяцейшы Сакрамэнт. У любы час вернікі могуць прыйсці да гроба і пакланіцца Езусу. У гэты дзень асвячаецца ежа для велікоднага стала. Вечарам пачынаецца ўрачыстая Пасхальная Вігілія. Каля касцёла святар асвячае агонь, ад яго запальваецца Пасхал – свечка, якая сімвалізуе ўваскрэслага Хрыста. Святар уваходзіць у неасветлены касцёл з запаленым Пасхалам. Ад яго вернікі запальваюць свае свечкі і спяваюць тры разы “Святло Хрыста”.  У суботу пачынаюць званіць званы, бо ў Вялікую пятніцу звоняць толькі драўляныя трашчоткі, а на “Алелюя” запальваецца святло ў касцёле.

…Вялікдзень – свята пераходу ад няволі смерці да свабоды вечнага жыцця. Калі б Хрыстос не ўваскрэс, то дарэмнай была б наша вера. Пан Езус перамог смерць, і яго ўваскрашэнне – самаявялікая падзея ў гісторыі існавання свету.


Вуснамі святых

Святы Ян Боска:

“Не ўсе могуць пасціць, але ўсе могуць любіць Бога”

“Няхай посцяць вашы вочы, бо яны – вокны, праз якія ў вашу душу ўваходзіць д’ябал”

“Пост, які ўсе могуць практыкаваць, – гэта асцярога вашага сэрца і думак”


Святы Іеранім:

“Нашто ўстрыманне, калі думкі і намеры  закрыты ганарлівасцю?”


Святы Аўгустын:

“Не веру, каб пост вытрымаў сам у сабе. Твае адрачэнні будуць для цябе пладавітымі, калі будзеш чыніць міласціну для іншых”


Святы Ян ад крыжа:

“Лепш стрымаць свой язык, чым пасціць аб хлебе і вадзе”


З гісторыі

“Песні жальбы”

(і пасійныя казанні) – набажэнства, якое складаецца з трох частак (элементамі з’яўляюцца “Натхненне” і тры малітвы). Кожная частка мае сваю ўласную мелодыю. З нагоды гэтага набажэнства часта прамаўляюцца спецыяльныя казанні – пасійныя пропаведзі пра пакуту Пана. “Песні жальбы” ўзніклі ў Польшчы на пачатку ХVІІІ стагоддзя: першы раз іх праспявалі ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве ў 1707 годзе. “Песні жальбы” сталі адным з найбольш папулярных набажэнстваў Вялікага посту і на Беларусі.



8 снежня 1870 года Папа Пій ІХ абвясціў святога Юзафа апекуном усяго Касцёла. З таго часу дзень 19 сакавіка стаў асаблівым урачыстым святам у каталіцкім Касцёле па ўсім свеце.


------------------------------------------

Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ.