Подари жизнь!

Тры дні – з 5 па 7 снежня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы працавала выстаўка “Ратуй узятых на смерць”, арганізаваная Праваслаўным цэнтрам у абарону жыцця і сямейных каштоўнасцей Навагрудскай епархіі, якім кіруе іерэй, урач Пётр Ткачэнка. Выстава – адно з мерапрыемстваў акцыі “Беларусь без абортаў”.


Айцец Пётр і клірык храма ў гонар прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага горада Слоніма іерэй Аляксандр Грак сустрэліся са старшакласнікамі ўсіх сярэдніх і базавых школ раёна і правялі з імі гутаркі аб граху дзетазабойства, расказалі аб абортах і страшных наступствах гэтай аперацыі, прывялі нямала прыкладаў, калі ў мнагадзетных сем’ях нараджаліся таленавітыя дзеці. Так, сусветна вядомы вучоны Міхаіл Ламаносаў быў у сваіх бацькоў васямнаццатым. Канстанцін Жукаў – апошняе дзіця ў беднай сям’і, вырас у нястачы і галечы і стаў бацькам вялікага палкаводца Георгія Канстанцінавіча Жукава. Слабенькім, у хворай на туберкулёз маці нарадзіўся выбітны кампазітар Людвіг ван Бетховен. Іх бацькі далі сваім немаўлятам шанц на жыццё, і ў свет прыйшлі людзі, якія стварылі яго славу.
Аборты не зробяць жыццё лепшым. Ніколі не стануць шчаслівымі мамы і таты, якія загубілі сваіх дзяцей у мацярынскай утробе. Аборт – гэта забойства, страшнае найперш тым, што здзяйсняецца самымі блізкімі і роднымі людзьмі яшчэ ненароджанага малыша, — так тлумачылі вучням святары сутнасць і вынікі граху. Рабяты слухалі іх з вялікай увагай і цікавасцю, многія падзяліліся сваімі меркаваннямі аб выставе ў спецыяльнай кнізе водгукаў.


Таіса СЯМЁНАВА.
Фота Вольгі ПІНЧУК.