Откроем свои сердца свету и любви
Як і два тысячагоддзі назад, Езус ізноў прыходзіць у гэты свет дзеля нашага збаўлення. Ён рассейвае цемру і пасяляе ў душы веру, надзею і любоў. Ён дапамагае падняцца тым, хто ўпаў. Ён ахінае сваёй любоўю ўбогага. Ён дае хлеб галоднаму і прытулак – пілігрыму… І ўвесь каталіцкі свет сёння вітае прыход у свет свайго Збаўцы.Вернікам і кансэкраваным асобам Астравецкага дэканата напярэдадні свята Божага Нараджэння мы задалі пяць пытанняў аб галоўным:
1. З якім сэрцам, душой і думкамі мы павінны сустракаць Божае Нараджэнне?
2. Ёсць людзі, якія страцілі Бога або яшчэ не адшукалі дарогі да яго. Ёсць тыя, хто гэтае вялікае свята будзе сустракаць у самоце або адзіноце. Якую параду вы можаце ім даць?
3. Раскажыце, калі ласка, аб асноўных традыцыйных калядных сімвалах.
4. Як святкавалі нараджэнне Хрыста ў вашай сям’і?
5. Што гаворыць Дзіцятка Езус у свой дзень нараджэння людзям – і што Яму павінен адказаць кожны з нас?
1. Праз тысячы гадоў ізноў нараджаецца Езус: спраўджваецца Божае абяцанне паслаць свайго Сына дзеля нашага збаўлення. Мы павінны прывітаць Дзіцятка Езуса чыстымі думкамі, сэрцам і душой. Дабром, якое рабілі ўбогім, хворым і адзінокім на працягу Адвэнта. Прабачэннем крыўдаў і болю, таму што сам Бог прабачае чалавека. І Езус прыходзіць да нас як крыніца святла, якая паказвае сапраўдныя агульначалавечыя каштоўнасці і асвятляе дарогу дабра. Гэтай шчымлівай радасцю ад усведамлення нараджэння Езуса, якое ў які раз пацвярджае, што жыццё напоўнена сэнсам і кожны чалавек здольны любіць і быць любімым, мы павінны дзяліцца з іншымі. Свята Божага Нараджэння адкрывае нас: спачатку мы ўнутрана перажываем шчасце і радасць, што ў свет прыйшоў Збаўца, а пасля гэтую радасць падзяляем з бліжнімі.
2. Самотныя, адзінокія і хворыя людзі павінны памятаць: Езус таксама прыйшоў у гэты свет адзінокім і непрынятым. Ён нарадзіўся не ў палацах, а ў стаенцы. Знешнія і ўнутраныя абставіны, якія, магчыма, кагосьці засмучаюць у гэты святы дзень, ні ў якім разе не сведчаць аб тым, што Бог пакінуў чалавека. Езус прыходзіць да нас суцяшэннем.
Кожны самотны і адзінокі чалавек абавязкова сустрэне людзей, якія працягнуць сваю руку дапамогі, падораць патрабуючаму хоць бы добрае слова. Адвэнт, які папярэднічае Божаму Нараджэнню – гэта час падрыхтоўкі, каб мы змаглі ўбачыць тых людзей, якім горш за нас, якія патрабуюць нашай ўвагі і клопату. Нездарма Езус ставіў сябе на адну прыступку з людзьмі, якіх называюць убогімі і беднымі.
3. Асноўны сімвал Божага Нараджэння – ахвярны хлеб. У кожнай сям’і дзеляцца аплаткай на Вігілійнай вячэры. Гэта знак удзячнасці Богу і адзін аднаму. Гэта сімвал прымірэння і адзінства ў сям’і. У храмах звычайна ставяць яслі, якія нагадваюць нам аб нараджэнні Хрыстовым. Езус прыйшоў у свет людзей з любоўю і верай.
4. Разам з сёстрамі мы молімся, а пасля збіраемся на Вігілійную вячэру. Перад тым, як падзяліцца аплаткай, просім адзін у аднаго прабачэння за крыўды, за свае недахопы і шчыра дзякуем за атрыманае дабро. Пасля славім Хрыста каляднымі песнямі і раздзяляем супольную Вігілійную вячэру.
Божае Нараджэнне – гэта сямейнае свята, пагэтаму самы важны момант – гэта Пастэрка, на якой праз супольную малітву разам з парафіянамі раздзяляем радасць ад нараджэння Езуса. Парафія – наша сям’я. Разам з вернікамі мы рыхтавалі да свята касцёл, разам хадзілі на Рараты і разам чакалі нараджэння Дзіцятка Езуса.
5. Бог ёсць любоў. І Дзіцятка Езус, які прыходзіць у гэты свет безабаронным і маленькім, – гэта трапяткі агеньчык любові, які трэба аберагаць. З другога боку, гэтая любоў – велізарная сіла, здольная перасоўваць горы. Езус вучыць нас любіць і берагчы адзін аднаго. Праява любові Хрыста як ахвяра самаго сябе – найвялікшае пасланне да кожнага чалавека.
1. Дзіцятка Езуса мы павінны сустрэць з чыстымі думкамі, з сэрцам, багатым на добрыя ўчынкі, з радасцю ад перажывання вялікай таямніцы – прыходу ў гэты свет Божага Сына, з надзеяй, якая перапаўняе нашы душы ля жлобка з Езусам.
2. Наша вера праяўляецца праз учынкі, духоўныя практыкаванні і выкананне Божых наказаў. Бог дапамагае кожнаму. Трэба цаніць і берагчы жыццё. Бачыце, які цудоўны свет стварыў Бог?! Гледзячы на гэту прыгажосць, вы адчуеце Божую любоў. Бог дае чалавеку крыж па сілах. Калі нам хопіць цярпення яго несці, то нас чакае вялікая ўзнагарода ў небе.
Людзям, якія гэта вялікае свята будуць сустракаць у турме, бальніцы або ў прытулку, мы павінны дапамагаць праз міласціну і малітву. Асабліва шкода дзетак – сірот пры жывых бацьках. Езуса таксама пакінулі людзі: ён нарадзіўся ў яслях побач з жывёламі. І праз сваё нараджэнне ён кажа чалавеку, што цярпенне не бессэнсоўна, што ў небе чакае больш светлае і радаснае жыццё, чым на зямлі. Дзіцятка Езус прыходзіць да нас не як кароль у палацы, а як Айцец і працягвае рукі да кожнага з нас. Ён хоча, каб мы былі шчаслівымі, і дзеля гэтага ахвяруе сваё жыццё.
3. Асноўныя сімвалы Вігілійнай вячэры – гэта аплатка, свечка, сена пад белым абрусам і абавязкова посны стол без алкаголю. Прынята пакідаць пустую талерку для чалавека, які можа завітаць у дом у гэты святы дзень, або пілігрыма. Гэта сведчыць, што праз кожнага, хто пераступіць парог нашага дома, мы сустракаем Езуса. Пасля супольнай малітвы абавязкова зачытваецца ўрывак са Святога Пісання.
Божае Нараджэнне – галоўнае свята кожнай сям’і, якое мы павінны перажываць усе разам. Езус яднае нас у радасці і спакоі. Ён злучае тых, хто яшчэ ўчора не размаўляў адзін з адным. Ён суцяшае пакрыўджанага і пасяляе ў сэрцы крыўдзіцеля веру, надзею і любоў. Ён прыносіць у сем’і згоду і павагу. Праз Святую Споведзь і Камунію Езус яднае нас з Богам і людзьмі. За Вігілійнай вячэрай Ён збірае разам усю сям’ю, каб, падзяліўшыся аплаткай, блізкія людзі пайшлі ў касцёл раздзяліць радасць Нараджэння з Сынам Божым.
4. Я нарадзіўся ў веруючай сям’і ў невялікай вёсцы Навадворскай парафіі на Шчучыншчыне. У бацькоў нас было трое: я, старэйшыя сястра і брат. Мы строга перажывалі Адвэнт і рыхтаваліся да Божага Нараджэння: больш шчыра маліліся, цалкам адмаўляліся ад забаў. У нашай сям’і прытрымліваліся поснай ежы не толькі ў пятніцу, але і ў сераду, і ў суботу.
На Вігілійную вячэру збіраліся ўсе разам: прыязджалі брат з сястрой. Мы маліліся, дзяліліся аплаткай, спявалі песні, а пасля пешшу ішлі ў касцёл на Пастэрку. Такой традыцыі на Божае Нараджэнне прытрымліваюцца ва ўсіх веруючых сем’ях.
А святары і кансэкраваныя асобы Гродзенскай дыяцэзіі напярэдадні нараджэння Пана Езуса збіраюцца разам на пастырскую сустрэчу з біскупам, таму што мы – супольная святарская сям’я.
5. Свае сэрцы мы павінны адкрыць Пану Езусу, каб праз Святую Камунію адчуць вялікую радасць. Таму што Дзіцятка Езус знаходзіцца не толькі ў жлобку, але і ў сэрцы кожнага з нас. Ён кліча да сябе, Ён не абыякавы да нашых лёсаў і нашага жыцця – і прыходзіць да нас згодна з абяцаннем Божым з любоўю да кожнага чалавека.
1. Разам з мамай раніцай я хадзіў на кожную Раратнюю імшу. А яшчэ ў касцёле ў нас праходзяць заняткі па рэлігіі. Мне падабаецца! На апошнім уроку мы размалёўвалі анёла з вогненным мячом. Тут нас вучаць рабіць добрыя ўчынкі. Дома я дапамагаю маме. У мяне яшчэ ёсць старэйшыя брацік і сястрычка, і я моцна іх люблю.
2. Хочацца, каб усе людзі хадзілі ў касцёл і не сумавалі. Бо Пан Езус прынясе любоў, радасць і свята. А яшчэ – каб рабілі добрыя ўчынкі, таму што, калі дапамагаеш маме, тату ці аднакласніку, так добра становіцца!
3. На Рараткі я заўсёды хадзіў са свечкай. Па дарозе яна, бывала, затухала, але ў касцёле мы яе ізноў запальвалі. На занятках па рэлігіі мы рабілі вянок з паперы, выразалі дэталі і склейвалі. На ім было чатыры свечкі, чатыры стужкі і яловая галінка. Чаму столькі свечак? (Задумваецца). Бо ў Адвэнце чатыры тыдні.
4. Дома елачку ўпрыгожваем усе разам, праўда, тата чамусьці заўсёды заняты. Мая самая любімая ёлачная цацка – гэта зялёны Дзед Мароз. Яшчэ ў нас ёсць і сінія, і чырвоныя дзядулі… Не, усё ж сіняга няма. А ў бабулі на Каляды збіраемся ўсе разам: молімся, дзеліся аплаткай і жадаем адзін аднаму дабра.
5. Езус любіць усіх людзей. А я люблю Яго, а яшчэ – Марыю і Юзафа.
Ганна Зімніцкая, прыхаджанка парафіі святога Юрыя ў Варнянах:
1. Толькі праз добрыя ўчынкі, споведзь і ўдзел у Раратніх імшах мы можам адкрыць свае сэрцы для Дзіцятка Езуса. Адвэнт – гэта час, калі кожны каталік павінен падрыхтавацца да нараджэння Божага Сына: ачысціць свае сэрцы і душы ад дрэнных думак, дапамагчы людзям, якія маюць у гэтым патрэбу, – і шчыра маліцца.
У Варнянскай парафіі ў Адвэнце распачалася перэгрынацыя Маці Божай Фацімскай. У 2017 годзе будзе сто гадоў з дня Яе аб’яўлення. Пагэтаму ў кожным доме мы молімся разам за спакой у сем’ях і ў цэлым свеце, за веру, надзею і Божую міласць. І ў гэтае вялікае свята кожны з нас павінен прывітаць Пана і раздзяліць гэтую радасць з сям’ёй і ўсімі веруючымі людзьмі.
2. У гэты святы час, калі ў свет прыйшоў наш Збаўца, хочацца, каб людзі былі дабрэйшымі і больш спагадлівымі. Запрасіце на Вігілійную вячэру ўбогага ці адзінокую бабулю, да якой у гэтае свята няма каму прыехаць, і раздзяліце з ёй у гэты вечар аплатку, вячэру і дах над галавой. Дапамажыце сіраце – учынкам, падарункам ці хоць бы цёплым словам…
А для тых людзей, якія не вераць у Бога, хочацца папрасіць Усявышняга аб ласцы навяртання.
3. З першай зоркай, якая абвяшчае нараджэнне Дзіцятка Езуса, сям’я сядае за Вігілійны стол. Пры запаленай свечцы, якая асвятляе дарогу Хрысту ў кожную хатку і сям’ю, старэйшы з сям’і чытае ўрывак са Святога Пісання, а пасля ўсе дзеляцца аплаткай – сімвалам Хрыста. І ўсе разам ідуць у касцёл на Пастэрку. Імша на Божае Нараджэнне называецца менавіта так, таму што першыя, каму анёл абвясціў прыход у гэты свет Дзіцятка Езуса, былі пастушкі.
4. Нарадзілася я ў вёсцы Дайліды ў Іўеўскім раёне ў 1946 годзе. Тады не было ні ліхтарыкаў, ні розных упрыгожанняў. Елачку ўбіралі самаробнымі цацкамі: папяровымі ланцужкамі і саламянымі анёлкамі.
На стале заўсёды былі аплатка і посная вячэра – грыбы, рыба, аладкі. Абавязковай стравай на калядным стале лічыўся аўсяны кісель. Сям’я ў нас была вялікая – дзесяць дзяцей, – таму вялікіх падарункаў бацькі нам не дарылі. Затое на кожныя Каляды мама і тата частавалі нас ляснымі арэхамі.
Зараз мы таксама ставім да свята ёлачку, пад белы абрус кладзём сена, а на стале абавязкова ёсць аплатка і дванаццаць посных страў. Пасля Вігілійнай вячэры ідзём у касцёл. З таго часу як высвенцілі наш касцёл (11 сакавіка 1990 года), не прапусціла ніводнай Пастэркі.
5. Дзіцятка Езус заклікае нас навярнуцца і палюбіць Бога. А мы павінны адказаць яму: “Так”.
…І да мяне, і да кожнага з вас сёння ў дзверы пастукае Дзіцятка Езус – народзіцца ізноў, як і два тысячагоддзі назад, дзеля нашага збавення. І ў кожнага з нас, напэўна, на гэты стук у самае сэрца будзе свой адказ.
“Прабач, што плачаш з-за мяне”. І я ў кожнага, каго свядома або няўмысна пакрыўдзіла, таксама шчыра прашу прабачэння і дзялюся аплаткай – з вамі і з тымі людзьмі, у каго ў доме жывуць радасць, спакой і чуваць дзіцячы смех, з адзінокімі старымі, якія будуць сустракаць Божае Нараджэнне ў казённых сценах, з дзеткамі, якія зараз жывуць у сацыяльным прытулку… Дзіцятка Езус нарадзіўся для ўсіх нас!
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.


