Островчане совершили паломническую поездку по святыням Гродненской области

Нядаўна ксёндз-пробашч парафіі святых Космы і Дам’яна Юзаф Багдзевіч прапанаваў парафіянам стаць удзельнікамі паломніцкай паездкі па святынях Гродзенскай дыяцэзіі.

Напачатку жадаючых адправіцца ў паломніцкае падарожжа было няшмат, але з кожным днём іх колькасць павялічвалася. Магчыма, таму, што адным з асноўных пунктаў праграмы быў начлег у новай парафіі былога астравецкага ксяндза-вікарыя Віктара Захарэўскага.
У выніку 75 жыхароў Астраўца і раёна, сярод якіх былі сталыя людзі і моладзь, расселіся ў два камфартабельныя аўтобусы і адправіліся ў падарожжа па знакамітых мясцінах нашай краіны.
У першы дзень шлях пілігрымкі пралягаў праз Трабы, Іўе, Ліду, Слонім, Жыровічы і Дзятлава. Велічныя святыні і помнікі архітэктуры і мастацтва, знаёмства з цудоўнымі людзьмі і цікавымі святарамі – час праляцеў вельмі хутка.
На начлег нас чакалі ў вёсцы Раготна Дзятлаўскага раёна. Менавіта тут нас сустрэў ксёндз Віктар Захарэўскі, які пазнаёміў з мясцовымі парафіянамі і з радасцю арганізаваў начлег. Вернікі парафіі святога Анёла-Ахоўніка адкрылі для нас не толькі дзверы сваіх дамоў, але і свае сэрцы – усе мы адчулі сябе адной вялікай хрысціянскай сям’ёй.
На наступны дзень пілігрымы наведалі Мір, Нясвіж, Баруны. Старадаўнія велічныя замкі, якія сёлета паўстаюць у адрэстаўрыраваным выглядзе, касцёлы і цэрквы, якія мы наведалі, доўгі час будуць грэць нашы сэрцы і душы.
Нашымі анёламі-ахоўнікамі падчас пілігрымкі сталі ксёндз-вікарый парафіі святых Космы і Дам’яна Павел Гардзейчык і сястра-эўхарыстка Наталля Марозава. Ад усяго сэрца хочацца падзякаваць ім за цярплівасць, адкрытасць і дапамогу ў справе, а таксама за стварэнне дружалюбнай атмасферы падчас пілігрымкі.
Крыху стомленыя, але задаволеныя, мы вярнуліся дамоў, на родную Астравеччыну, дзе нас чакаў наш пастыр – ксёндз Юзаф, дзякуючы якому гэта пілігрымка стала рэальнасцю.
Заўсёды будзем памятаць у сваіх малітвах пра нашых пастыраў-святароў і ўсіх, хто прычыніўся да арганізацыі гэтай пілігрымкі.


----------------------------
Яўгенія РАТКЕВІЧ,
ад імя парафіянаў парафіі св. Космы і Дам’яна.