Островчане рассказали о семейных традициях празднования Рождества

kolyadaРажаство Хрыстова – свята, якое ўсе хрысціяне чакаюць і сустракаюць з асаблівым настроем. Здавалася б, за больш як два тысячагоддзі выпрацаваўся пэўны рытуал, звычаі, традыцыі і ўсе ведаюць, што сёлета зноў усё будзе, як  год ці дзесяць назад. І тым не менш прадчуванне незвычайнасці падзеі, якая вось-вось адбудзецца, радаснае, невытлумачальнае чаканне цудаў прымушае сэрца біцца часцей і напаўняе душу незразумелым хваляваннем…

Хоць традыцыі святкавання Ражаства ў многім падобныя – усё ж яны асаблівыя ў кожнай мясцовасці і кожнай сям’і.

Напярэдадні свята мы сустрэліся з некаторымі астраўчанамі, прыхаджанамі праваслаўнай царквы, і папрасілі іх адказаць на пяць пытанняў аб калядных абрадах і традыцыях, якія былі раней і захоўваюцца зараз у іх сем’ях.

Пяць пытанняў аб галоўным

  1. Каляды вашага дзяцінства – якімі яны былі?

  2. Ці ўдзельнічалі вы ў калядных забавах?

  3. А як сёння вы сустракаеце гэтае свята?

  4. Калядны святочны стол адрозніваецца ад навагодняга?

  5. Праваслаўнае Ражаство наступае пасля Новага года – якое з гэтых святаў больш чаканае і радаснае?


Святлана Мікалаеўна Іванова, начальнік Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, нарадзілася і вырасла ў Слонімскім раёне:

%d0%b8%d0%b2%d0%b0%d0%bd%d0%be%d0%b2%d0%b0-%d1%81%d0%b2%d0%b5%d1%82%d0%bb%d0%b0%d0%bd%d0%b01. Божага Нараджэння ў нашай сям’і заўсёды чакалі з асаблівым настроем. Бабуля, бацькі – усе былі веруючыя, хоць і забаранялася гэта ў савецкія часы. Але ўсё роўна хадзілі ў царкву – яна была ў суседняй вёсцы. А бабуля нас, дзяцей, крадком на вялікія святы вадзіла за дзевяць кіламетраў у храм у Жыровіцы – гэта заўсёды была падзея!

Бацькі строга пасціліся – ад нас, дзяцей, гэтага не патрабавалі, мы хіба што ў апошнія дні перад святам не елі скаромнага. І я толькі нядаўна – у гэтым годзе – прыйшла да неабходнасці пасціцца. І, аказваецца, гэта зусім не цяжка: варта толькі захацець па-сапраўднаму.

Перад Ражаством была бедная куцця. Тата прыносіў сена, яго клалі пад абрус. На стол ставілася дванаццаць посных страў, галоўнай з якіх была куцця.

Назаўтра бацькі ішлі ў царкву – нас пакідалі дома, бо маглі даведацца настаўнікі і былі б непрыемнасці ў школе.

2. Калядаваць хадзілі: выварочвалі кажух, пераапраналіся. Стаялі пад вокнамі, слухалі, што ў хаце гавораць: калі “Стой” ці “сядзь” – значыць, замуж у гэтым годзе не пойдзеш, калі ж “Ідзі”, “бяжы” – то чакай хуткага замужжа.

Ніхто, вядома, гэта ўсур’ёз не ўспрымаў. Хутчэй дзеля цікавасці, забавы спрабавалі калядную варажбу: паперу палілі і глядзелі на цень на сцяне – што каму падасца, ці паперкі з імёнамі хлопцаў пад падушку клалі і ранкам выцягвалі, каб даведацца імя нарачонага. Зараз ужо і не ўспомніш, што тады “варажылася”.

3. Пакуль бацькі жылі на радзіме, у нашай вёсцы, мы на кожнае свята, у тым ліку і на Ражаство, ехалі да іх. Вечарам, як і належыць, з’ядалі куццю, назаўтра разгаўляліся, ехалі на службу ў Жыровіцы – там заўсёды пануе асаблівая атмасфера, там без лішніх тлумачэнняў разумееш, што азначае слова “благадаць”…

А зараз, калі таты ўжо няма, а мама жыве ў Астраўцы побач з намі, мы з сястрой і нашы сем’і прыходзім на свята да яе: самі ўсё прыгатуем – і на першы дзень, і на другі ідзём да мамы. Зараз яна – галава нашай сям’і, і дай Бог, каб мы як мага даўжэй заставаліся дзецьмі…

4. Калядны стол, вядома ж, адрозніваецца ад навагодняга: на ім павінны быць пэўныя стравы, на куццю – толькі посныя. Але ад гэтага ён не менш святочны і смачны – хутчэй наадварот.

5. Новых годаў у нас адзначаецца шмат, і чым далей, тым больш: звычайны Новы год, Стары Новы год, новы год па ўсходнім календары, яшчэ нейкія прыдумляюць ледзь не штогод. А Ражаство – адно, і гэта – самае галоўнае свята. Яго чакаеш, як і ў дзяцінстве, з асаблівым настроем, з прадчуваннем цуда. Так заўсёды было – і заўсёды будзе!

Ірына Мікалаеўна ТАРАСЕВІЧ, сястра-гаспадыня цэнтральнай  раённай бальніцы, нарадзілася і вырасла  ў Навагрудскім раёне:

%d1%82%d0%b0%d1%80%d0%b0%d1%81%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87-%d0%b8%d1%80%d0%b8%d0%bd%d0%b01. У дзяцінстве Каляды заўсёды чакалі з асаблівым настроем.

Бацькі захоўвалі строгі пост, але дзецям – у сям’і нас было чацвёра, – дазвалялася есці скаромнае. Толькі ў апошнія дні, памятаю, нам давалі хлеб са штучным мёдам – якая гэта смаката!

Тыдні за два мама расчыняла аўсяны кісель. Шостага студзеня гатавалі посныя стравы – куццю з макам, ламанцы з цеста, піражкі з капустай і грыбамі, варылі квас з грыбоў. Рыба была свая, з куплёнага – хіба што селядцы. Лічылі, каб на стале было дванаццаць страў, а калі не хапала, то і цыбуля, якой селядцы пасыпалі, ішла ў падлік.

На куццю гарэлку на стол не ставілі, але тата ўсё роўна кілішак выпіваў – казаў, што яна таксама посная.

Назаўтра тата ўставаў раненька і крэйдай ставіў крыжыкі над усімі дзвярыма ў хаце і ў хляве.

Запомнілася, як на другі дзень Каляд прышчылі гарох: з вечара мама яго замочвала, а ранкам смажыла на патэльні. І потым нам, дзецям, тата кідаў яго жменяй – а мы павінны былі злавіць: дзяўчаты лавілі ў прыпол, хлопцы – у шапкі. Хто больш зловіць,  у таго год будзе больш удалы.

Летам мы збіралі ў лесе арэхі, да Каляд яны сохлі на печы, а на першы дзень Каляд гэта быў галоўны дзіцячы пачастунак. У нас і гульня такая была – “цот ці лішак?”: адзін бярэ арэхі ў жменю, прыкрывае рукой – а другі павінен адгадаць, цот ці лішак у руцэ. Угадае – яго арэхі, не – твае.

2. Без калядных штукарстваў, вядома ж, не абыходзілася. І дзверы ўвечары закручвалі, каб гаспадары ранкам выйсці не маглі, і шкло на комін клалі, каб дым у хату ішоў.

Тата мой вялікі штукар быў. Аднойчы на Каляды ў родзіча барана ўкраў. Цэлы месяц той баран у нас гадаваўся, пакуль тата не прызнаўся.

Ці варажылі? Не ведаю, ці можна гэта назваць варажбой – хутчэй забавамі. Боты праз дах кідалі, каб даведацца, у які бок замуж пойдзем, – неяк той бот застраў на даху, мелі тады клопату яго даставаць. Пяклі салёныя бліны – іх трэба было з’есці на ноч: хто потым у сне падасць вады напіцца, той і будзе твой нарачоны. Але пасля таго, як блін з’ясі, нельга размаўляць, трэба спаць класціся, а як на тое, мама нешта спытае – зноў бяжыш блін адкусваць…

Калядаваць хадзілі. Нават тут, у Астраўцы, неяк сабраліся з сябрамі, пераапрануліся – хто ў казу, хто ў цыганку, хто ў мядзведзя – і пайшлі калядаваць да ўсіх праваслаўных, каго ведалі. Але гэта ўжо на Стары Новы год…

3. Сёння, канешне, мы Каляды адзначаем не так, як у дзяцінстве, але імкнёмся асноўныя традыцыі захоўваць.

На куццю стараемся паехаць да мамы – адна яна ў нас засталася. Але не заўсёды атрымліваецца, ужо свая сям’я – трынаццаць чалавек: дочкі, зяці, сямёра ўнукаў… Збяромся ўсе – цэлая бяседа!

На куццю таксама рыхтуем посны стол, вячэру пачынаем з просфіркі і малітвы. Потым дзеці бягуць пад ёлку пагля-дзець, што ім Дзед Мароз прынёс – ён у нас шчодры чараўнік, ад Новага года і да Каляд кожны дзень што-небудзь ды прыносіць дзецям…

Назаўтра ідзём у царкву, затым – у госці да брата, сяброў альбо самі гасцей прымаем.

4. Канешне, стараемся, каб і навагодні, і калядны сталы былі смачнымі і багатымі. Але навагодні больш, калі можна так сказаць, гурманскі: хочацца зрабіць нешта цікавае, незвычайнае. А на Каляды гатуем традыцыйныя народныя стравы – тое, што некалі было ў бацькоўскай хаце.

5. Канешне ж, галоўнае свята – Ражаство! Тут двух меркаванняў быць не можа.

Дзмітрый Уладзіміравіч Вайцяхоўскі,  начальнік лінейна-тэхнічнага ўчастка Астравецкага вузла электрасувязі

%d0%b2%d0%be%d0%b9%d1%82%d0%b5%d1%85%d0%be%d0%b2%d1%81%d0%ba%d0%b8%d0%b9-%d0%b4%d0%bc%d0%b8%d1%82%d1%80%d0%b8%d0%b91. Я не памятаю, каб у маім дзяцінстве мы святкавалі Ражаство: царквы тады ў Астраўцы не было, ды і ўвогуле – рэлігійныя святы забараняліся.

Праўда, у нас была цётка-каталічка, яна заўсёды запрашала на свае Каляды, частавала нас з сястрой смачнымі баранкамі з макам. Але ісці да цёткі трэба было ціхенька, крадком, бо ў адным з ёй пад’ездзе жыла наша настаўніца, і калі б яна ўбачыла, што мы ідзём адзначаць Каляды, – атрымалі б у школе “на гарэхі”.

2. Нават і не помню, каб мы нешта такое “тварылі” на Каляды. Ну, можа, калі каму і знялі вароты – але нават не ўпэўнены, што такое было.

3. Зараз мы ўсе – мая сям’я, сястра, пляменніца – святкуем Ражаство ў мамінай кватэры. Гэта традыцыя. Мама заўсёды да свята пячэ смачныя пірагі. У кожнага з нас ёсць свае абавязкі па падрыхтоўцы святочнага стала – я, напрыклад, кручу мак. Жанчыны гатуюць клёцкі, вушкі з грыбамі, іншую смакату.

Затым на стол ставіцца свечка, усе разам прагаворваем малітву – і самыя звычайныя, прывычныя словы, якія прамаўляюцца за сталом разам усёй сям’ёй, набываюць асаблівы сэнс, працінаюць да глыбіні душы…

Назаўтра раніцай усе ідзём у царкву на святочную службу. Пасля яе звычайна адбываецца ранішнік выхаванцаў Нядзельнай школы – у ёй спачатку займалася наша старэйшая дачка, цяпер вось малодшая рыхтуе сваё выступленне.

Пасля віншуем са святам родзічаў, сяброў, суседзяў – у нас вельмі дружны пад’езд, усе – як родныя людзі, незалежна, каталік ты ці праваслаўны ўсе святы адзначаем разам.

4. Ды не асабліва я адрозніваю, які стол на Новы год, а які – на Каляды: заўсёды ўсяго шмат, і ўсё смачнае.

5. Ну што тут параўноўваць – канешне ж, Ражаство – галоўнае свята. А Новы год толькі спаць перашкаджае…

Гутарыла Ніна АЛЯКСЕЕВА.