Островчане поделились впечатлениями о Днях молодежи Гродненской диацезии

дни молодежи Гродненской диацезииНа ХХІІ Днях моладзі Гродзенскай дыяцэзіі ў Мастах  больш за паўтары тысячы маладых людзей і дзяўчат нашай вобласці разам маліліся, спявалі, разважалі над вытокамі міласэрнасці. Мы папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі, думкамі, разважаннямі вернікаў Астравецкага дэканата, якія прынялі ўдзел у гэтай духоўнай сустрэчы.

Дэвіз духоўных Дзён моладзі ў Мастах: пакліканыя быць прыладамі Божай міласэрнасці. 

Віталія Ількевіч, парафія святога Юрыя ў Варнянах:

– Я ўпершыню ўдзельнічала ў Днях моладзі. Летась у такой сустрэчы прымаў удзел мой брат Вадзім, які вярнуўся дадому з моцнымі ўражаннямі. Шмат цікавых матэрыялаў пра моладзевыя сустрэчы можна знайсці ў газеце “Слова жыцця”, суполцы Гудагайскай парафіі “Оранжевые” у сацыяльных сетках. Калі я пазнаёмілася з праграмай сустрэчы,яшчэ больш захацела паехаць у Масты.

З Дзён моладзі мне найбольш запомнілася катахеза д'якана Дзяніса пра ўчынкі міласэрнасці. Цікава праходзілі імшы: мы не толькі маліліся, але і ўсхвалялі Бога песнямі, рухамі і танцамі. Для мяне было адкрыццём, што д’яканы не толькі моляцца, але і пішуць песні, іграюць на музычных інструментах і цудоўна спяваюць.

У другі дзень сустрэчы імшу праводзіў Часовы павераны ў справах Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі мансеньёр Марынко Антолавіч, які засяродзіў увагу на апісанні пакутніцкай смерці святога Стэфана.

…Аказваецца, у Беларусі так многа веруючай моладзі! Усе былі вельмі шчырымі, ветлівымі, усмешлівымі і пазітыўнымі. Для мяне гэта сустрэча дала вельмі многа: у першую чаргу – разкменне, што сваю любоў і ўдзячнасць Богу магчыма выказаць толькі праз міласэрнасць, праз дапамогу бліжнім.

На жаль, у гэтым годзе з Варнянскай парафіі нас сабралася мала, таму мы былі далучаны да Гудагайскай суполкі. Хочацца шчыра падзякаваць сястры Магдаліне, ксяндзу Казміру, Жанне Клепацкай і гудагайскай моладзі. У наступным годзе таксама планую паўдзельнічаць у Днях моладзі, каб ізноў адчуць еднасць, бо мы ўсе –  адна вялікая сям’я.

дни молодежи Гродненской диацезии1Раман Карпей, парафія святых Космы і Даміяна:

– На Днях моладзі быў у другі раз. Хачу падзякаваць  ксяндзам і сёстрам Гудагайскай парафіі, якія арганізавалі паездку, а таксама ўсім, хто быў побач са мной у гэтыя  дні.

З 2014 года я хаджу ў пілігрымкі. Мне падабаецца спазнаваць новае, знаёміцца з равеснікамі з іншых гарадоў.

На Днях моладзі я атрымаў мноства эмоцый і знаёмстваў, радасныя перажыванні і шмат новага адкрыў для сябе на катэхезах. Нам расказвалі пра вечнасць, пра смерць, пра нашы штодзённыя клопаты, пра веру… Пачутыя ад святароў словы складана выказаць адным сказам. Я зразумеў, хто такі міласэрны чалавек – гэта той, хто ўмее прымаць іншых з усімі заганамі, слабасцямі, недахопамі, ён умее прабачаць, любіць і прыходзіць на дапамогу ў патрэбную хвіліну.

А найбольш мне запомніліся канцэрты гуртоў “AVE”, “OPEN” і “Рыбы”. Падчас іх мы спявалі, танцавалі і праслаўлялі Бога.

дни молодежи Гродненской диацезии2Вольга Вiюк, парафія святога Юрыя ў Варнянах:

– У гэтым годзе я трэцi раз удзельнічала ў Днях моладзі Гродзенская дыяцэзіі. Сотні дзяўчат і юнакоў разам маліліся і сваімі спевамі славілі Бога.

Пачуцці, якія тады перапаўнялі мяне, складана перадаць словамі. Яшчэ мне запомнілася катэхеза, на якой мы разважалі пра ўчынкі міласэрнасці. Лічу, што кожны веруючы чалавек павінен любіць бліжняга, як самога сябе, і заўсёды дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, – менавіта тады наша вера жывая.

На жаль, у гэтым годзе з Варнянскай парафіі ў Масты паехала толькі тры чалавекі, але, як сказала сястра Ідалія, галоўнае – не масавасць, а шчыры ўдзел парафіі у Днях моладзі.

Запісала Алена ГАНУЛІЧ.


Фота з партала catholic.by і з асабістага архіву Р.КАРПЕЯ.