О чём не должен забывать православный, готовясь к Рождеству

ostrovets_by_отец ГеоргийСёння, напярэдадні аднаго з галоўных праваслаўных святаў – Нараджэння Хрыстова – мы аднаўляем папулярную некалі рубрыку “Гутаркі са святаром”, у якой паспрабуем разам з благачынным Астравецкай царкоўнай акругі айцом Георгіем Савіцкім пашукаць адказы на пытанні, што час ад часу ўзнікаюць у многіх – вернікаў, і не толькі праваслаўных, тых, хто яшчэ шукае свой шлях да Бога і тых, хто не верыць у Яго існаванне.

Паважаныя чытачы, калі вас хвалююць нейкія пытанні, але вы саромеецеся ці не можаце звярнуцца з імі да бацюшкі – пішыце ці тэлефануйце ў рэдакцыю: мы пераадрасуем іх айцу Георгію – і адказ вы прачытаеце на старонках “АП”.

Першую ж нашу размову з бацюшкам мы прысвяцілі святу, якое ўжо сёння з першай зоркай увойдзе ў нашы дамы і сэрцы, – Ражаству.

– Айцец Георгій, кожны вернік рыхтуецца да Ражаства з асаблівым імпэтам і стараннем: імкнецца прыбраць дом, прыгатаваць дванаццаць посных страў на куццю і паклапаціцца пра багаты святочны стол назаўтра, па магчымасці паўдзельнічаць у дабрачынных акцыях… А што самае галоўнае трэба зрабіць праваслаўнаму, пра што ні ў якім разе нельга забыць, каб сустрэць свята з чыстым сумленнем, у еднасці з Богам і з самім сабой?

– Самае галоўнае – прыйсці ў царкву, паспавядацца і прыняць святое прычасце. Гэта абавязкова трэба зрабіць, каб з чыстым сэрцам і сумленнем сустрэць прыход у свет Божага Дзіцяці – Іісуса Хрыста. Нездарма ж у Святым Пісанні сказана: “Толькі чыстыя сэрцам Бога ўбачаць”.

Дарэчы, тыя, хто па нейкіх прычынах не паспеў за час каляднага посту паспавядацца і прычасціцца, могуць прыйсці да споведзі вечарам 6-га студзеня – а назаўтра, на Ражаство, прычасціцца Святых Таямніцаў.

Многія стараюцца напя-рэдадні свята навесці парадак ў доме, прыгатаваць шмат смачных страў, запрасіць гасцей – усё гэта добра, але калі перад гэтым вы не ачысціце ад бруду, што непазбежна накопліваецца ў нашых душах падчас паўсядзённай мітусні, сваю душу, то, паверце, радасць свята калі і не міне вас цалкам, то будзе не такой поўнай і яркай, як магла б быць.

– Некаторыя разважаюць прыкладна так: “У царкве я бываю не часта – дык якую-небудзь добрую справу зраблю, беднаму ці хвораму дапамагу – і тым самым Божую ласку заслужу”. Ці апраўданы такія меркаванні?

– Не варта проціпастаўляць наведванне храма і дабрачыннасць – адно другое не замяняе і не выключае.

Так, жыццё сёння імклівае і людзі, часта па аб’ектыўных прычынах, не могуць кожную нядзелю і свята наведваць царкву: можа, чалавек працуе ў гэты дзень ці ў камандзіроўцы знаходзіцца. Але ж калі магчымасць ёсць, то ў храме трэба бываць як мага часцей.

А дабрачыннасць – гэта як дадатковы своеасаблівы подзвіг, які чалавек робіць па патрабаванні сваёй душы. Як гаварыў адзін са святых айцоў, трэба старацца кожны дзень рабіць хаця б адну добрую справу. Вось кладзецеся спаць – і падумайце: а што я сёння добрага зрабіў? Калі вы ў гэты дзень дапамаглі нямогламу, беднаму ці хоць бы падвезлі некага, цяжкую сумку паднеслі – значыць, дзень не марна пражылі!

А падчас посту дабрачыннасць набывае асаблівае значэнне. Першапачаткова адмаўляліся ад скаромных, дарагіх страў, абмяжоўвалі сябе ў ежы, каб менш траціць грошай на харчаванне і аддаваць сэканомленае тым, хто не мае таго, што ёсць у вас.

– Ражаство Хрыстова мае яшчэ адну назву – Каляды. А само свята – як царкоўныя, так і народныя карані і традыцыі. Якія з іх царква ўхваляе, а што катэгарычна не прымае?

– Хоць пасля хрышчэння Русі мінула больш як два тысячагоддзі, у народзе да гэтага часу жывыя язычніцкія традыцыі, і  яны настолькі цесна перапляліся з царкоўнымі, што цяжка адрозніць, што да чаго і ад чаго.

Пасля Ражаства і да Хрышчэння, якое адзначаецца 19 студзеня, настае перыяд святак: назва гаворыць сама за сябе – гэта час радасці і святкавання. У гэтыя дні вельмі добра схадзіць у госці да родных і блізкіх, павіншаваць іх. Варта ўспомніць і тых, хто сустракае свята ў адзіноце, у хваробе, – наведацца і да іх. Словам, любая радасць у гэты час вітаецца!

Да слова: у нядзелю, 8 студзеня, адбудзецца стаўшы ўжо традыцыйным калядны канцэрт, які рыхтуюць вучні нашай Нядзельнай школы, лепшыя творчыя калектывы і выканаўцы раёна – запрашаем усіх, каб разам сустрэць свята Божага Нараджэння.

А вось чаго царква не прымае катэгарычна – дык гэта ўсялякай варажбы, якой часта займаюцца ў калядныя дні. Тыя, хто згаджаецца паўдзельнічаць у такой цёмнай справе, матывуючы, што гэта толькі забава, павінны памятаць: нават калі, варожачы, выкарыстоўваюць царкоўныя свечкі, прамаўляюць малітвы – гэта прамая сувязь з нячыстай сілай,  а таму – вялікі грэх. Часам дзяўчаты такім чынам спрабуюць даведацца пра нарачонага, некаторыя – прываражыць яго. Магчыма, гэта нават некаму ўдаецца – але я не ведаю ніводнага выпадку, каб сям’я, якая ўзнікла з дапамогай цёмных сіл, была па-сапраўднаму шчаслівай. Не трэба спрабаваць зазірнуць туды, куды падглядваць не варта, –  даверцеся Богу і Яго любові: Ён усё ўладзіць…

Асаблівасць нашага раёна – у яго шматнацыянальнасці і шматканфесійнасці: амаль у кожнай сям’і разам жывуць, адзначаюць святы і сустракаюць будні каталікі і праваслаўныя. Але ў каталікоў Ражаство Хрыстова наступіла два тыдні назад, у разгар праваслаўнага посту. Што рабіць вернікам у такіх змешаных сем’ях, каб родных не пакрыўдзіць і не награшыць?

– Трэба ўлічваць гэтую асаблівасць. І ні ў якім выпадку сваім жаданнем захоўваць строгі пост не даводзіць да варожасці, да крыўды. Свята прыйшло ў сям’ю цешчы, свёкра, свата – пайдзіце і павіншуйце людзей, якія сталі вам роднымі, раздзяліце з імі гэтую радасць! Не абавязкова пускацца ў скокі, напівацца – можна проста пасядзець, пагутарыць. І калі нават на стале няма нічога поснага – хоць так практычна не бывае, то пакаштуйце тое, што ёсць: у вас жа яшчэ хапае часу, каб паспавядацца.

А потым, калі настане наша свята – родныя таксама раздзеляць вашу радасць! І ад таго яна стане ўдвая большай – гэтаксама, як падзеленае з роднымі гора ўдвая меншае.

– А што рабіць з Новым годам, які таксама прыпадае на час праваслаўнага посту? Вы як адзначаеце гэтае свята?

– Мы, хрысціяне, павінны кожную магчымасць выкарыстоўваць дзеля выратавання душы. Той жа Новы год – ці шмат у нас дзён, калі кожны стрэчны, знаёмы і незнаёмы, віншуе цябе, жадае здароўя і шчасця? Вось і вы ў адказ павіншуйце, пажадайце дабра – няхай яго прымножыцца ў свеце і ў жыцці кожнага чалавека.

Хоць з Новым годам, мне здаецца, у нас пайшоў пэўны перакос. Ужо з лістапада, у час посту, пачынаюць упрыгожваць гарады і вёскі, дамы і офісы, забываючыся, што не Новы год, а Ражаство – галоўнае зімовае свята! Можа, ад таго ў гэты час адбываецца столькі бедаў і катастроф…

У дзяцінстве я таксама вельмі чакаў Новы год, падарункі. А зараз наша сям’я сустракае яго вельмі спакойна: паслухаем віншаванне прэзідэнта, вячэраем чым-небудзь посным ды адпраўляемся спаць.

Сёлета я ўвогуле быў адзін ў навагоднюю ноч. І вырашыў сустрэць надыходзячы год у малітве, спадзеючыся, што і сапраўды: як сустрэнеш Новы год, так яго і правядзеш. І не думаю, што нешта страціў ад таго, што не выпіў шампанскага ці не пасядзеў за багатым сталом.

А назаўтра, у нядзелю, ішоў у храм на службу – і злавіў сябе на думцы, што пачаўся новы год – а нічога не змянілася: звычайная раніца, бу-дзённы настрой... Не параўнаць з адчуваннем, калі ідзеш на святочную Калядную ці Велікодную службу, калі радасць, здаецца, разліта ў паветры і душа спявае ва ўнісон з усім светам!

Сёння, напярэдадні аднаго з самых галоўных хрысціянскіх святаў, я жадаю кожнаму зведаць гэтае адчуванне невыказнага шчасця ад таго, што зноў нарадзіўся Сын Божы, што ў кожнага з нас – шчырых вернікаў і тых, хто яшчэ толькі шукае сваю дарогу да храма, – ёсць надзея на выратаванне, на Божую міласць і любоў.

– Што ж, як кажуць, – дай Бог. А вам, айцец Георгій, дзякуй за гутарку – і шчаслівага Ражаства!

Гутарыла Ніна РЫБІК.