Новые люстры и бра появились в костёле святых Космы и Дамиана
У касцёле святых Космы і Даміяна парафіяне сустракалі Вялікдзень з абноўленым убранствам: акрамя прыгожых кампазіцый з кветак, якія зрабілі да свята сёстры законныя, промні ўзыходзячага сонца філігранна ігралі ў хрустальных пацерках новых “жыхароў” святыні – пяці жырандолях і амаль трох дзясятках насценных бра.Падчас імшы ці іншай урачыстасці, калі ўвага вернікаў прыцягнута да дзейства, напэўна, складана заўважыць у храме новыя жырандолі і іх вытачаную прыгажосць. Але не звярнуць на іх увагу проста немагчыма.
Вылітыя з металу трохярусныя кампазіцыі, аздобленыя вытачанымі галінкамі і пялёсткамі, быццам толькі што амытыя вясеннім дажджом, яны сваім бляскам падкрэсліваюць убранства касцёла. А калі запальваюцца светлячкі штучных свечак, касцельная прастора напаўняецца невымоўным святлом – яно атуляе і ахінае людзей.
Па словах спецыялістаў, на рэстаўрацыю жырандоляў і бра давялося б выкласці нашмат больш сродкаў, чым на набыццё новых, таму пробашч касцёла святых Космы і Даміяна Юзаф Багдзевіч пры падтрымцы вернікаў вырашыў цалкам абнавіць яго асвятленне.– Папярэдне давялося перагледзець шмат спецыялізаваных сайтаў Расіі, Польшчы і Беларусі. Выбар, канешне, шматлікі і разнастайны. Мы выбралі айчыннага вытворцу – фірму “Каскад” з Ліды. Яе спецыялісты, у адрозненні ад іншых, спачатку азнаёміліся з архітэктурай касцёла і яго ўнутраным убранствам, а пасля распрацавалі некалькі варыянтаў эскізу свяцільнікаў для нашай святыні, – расказаў ксёндз Юзаф Багдзевіч. – Замову на выраб жырандоляў і бра мы зрабілі ў пачатку снежня. Хацелася, каб яны адпавядалі стылістыцы касцёла і ўпісваліся ў інтэр’ер, а таксама каб святло не назаляла і не перашкаджала парафіянам, а было максімальна набліжана да натуральнага. Хачу адзначыць, што спецыялісты “Каскада” самастойна прывезлі і ўстанавілі свяцільнікі.
…У касцёле святых Космы і Даміяна сонца тысячамі светлякоў іграе ў новых жырандолях і бра, дорачы прыхаджанам цёплае і непахіснае святло веры.
-------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.