Нас породнил Сваяк
Парафіі-пабрацімы… Як прыгожа гэта гучыць!4 мая ў Клюшчанскім касцёле ў 9-ты раз адбылося штогадовае свята ўшанавання Казіміра Сваяка з нагоды 88-й гадавіны з дня яго смерці. Як і заўсёды, напачатку адбылася святая Імша за святара-паэта, якую цэлебравалі ксёндз Яцэк Хутман з Камаяў і ксёндз Анатоль Захарэўскі з Міхалішак.
Пасля была праведзена прэзентацыя падборкі фотаздымкаў з жыцця і дзейнасці Казіміра Сваяка і яго родных, накладзеная на песню з рэпертуара ансамбля “Сябры” на сл. Н. Гілевіча “Шлях да Беларусі”, якую падрыхтвала сваячка паэта Іаланта Валуевіч. Парафіянка з Камаяў Генуэфа Дубіловіч сваё лірычнае эсэ “Сэрца святара” суаднесла з нядаўнімі ўрачыстасцямі абвяшчэння святымі папаў Яна Паўла II і Яна ХХIII, з аб’яўленым у Беларусі годам кардынала Казіміра Свёнтака, з ушанаваннем памяці святара-паэта Казіміра Сваяка, з працай сучасных святароў.
“Сэрца святара… Ты можаш плакаць святарскімі і мужчынскімі слязамі, калі гэтага ніхто не бачыць.
Сэрца святара… Ты бываеш радаснае, калі бачыш шмат сяброў і аднадумцаў, верных душаў, якія навярнуліся аднойчы з тваёй дапамогай і да якіх наблізілася неба. Нам так хацелася б адказаць табе сэрцам за сэрца, але, на жаль, гэта не заўсёды атрымоўваецца.
Сэрца святара…Мы вучымся ў цябе любові і дасканаласці, мужнасці і дабрыні, веры і надзеі.
Сэрца святара… Хай твая праца будзе дастойна ацэнена на зямлі і ў небе, хай добры Бог будзе табе ўзнагародаю і каронаю”.
Гэтае эсэ нікога не пакінула раўнадушным.
Асабліва хацелася звярнуць увагу прысутных на працу ксяндза-пробашча Камайскага касцёла Яцэка Хутмана, які шмат робіць для духоўнага і матэрыяльнага адраджэння парафіі, па ініцыятыве якога і адбываюцца такія сустрэчы.
А затым на польскай, рускай і беларускай мовах прагучала песня “Настаўнік”.
Як жа, напэўна, радавалася ў небе душа Казіміра Сваяка, што яго справа яднання чалавечых душаў працягваецца, і з нябеснай вышыні пасылала на ўсіх сваё святло і благаславенне. Сімвалічным падалося тое, што падчас святой імшы – незразумела адкуль, пры зачыненых дзвярах касцёла, увышыні, над алтаром, праляцела ластаўка. Пакуль ішла імша, яна не пакідала алтара і радасна шчабятала нешта на сваёй ластаўчынай мове. Дарэчы, у мінулым годзе тое ж самае адбылося на свяце ў Баранях: ластаўка заляцела ў дом-музей, зрабіла некалькі кругоў і выляцела на волю… Ці не душа паэта вітала гасцей і радавалася, што ёсць у яго аднадумцы і што справа яго жыцця працягваецца? А людзі і сапраўды адчувалі сябе “сваякамі”, светлай касцёльнай раднёю.
Затым усе паехалі ў доммузей Казіміра Сваяка, у яго родную вёсачку Барані, дзе адбылася агульная малітва за сям’ю Казіміра Сваяка: вяночак да Божай міласэрнасці і Літанія да ўсіх святых, якою кіравала парафіянка з Камаяў Яніна Cянкевіч. Па прапанове ксяндза Яцэка ўсе ўдзельнікі падчас малітвы трымалі ў руках запаленыя свечкі, якія святар прадбачліва прывёз з сабою. Атмасфера дома, у якім некалі нарадзіўся будучы святар, цяпло ад свечак сагравала не толькі рукі, але і сэрцы і напаўняла іх удзячнасцю да таго, хто прысвяціў нам сваё жыццё. Адчувалася, што ўзнікла нейкая маналітная еднасць людзей, якія па-сапраўднаму любяць Сваяка, памятаюць і заўсёды знаходзяць час і жа данне прыйсці і пакланіцца яму, памаліцца за яго светлую душу, папрасіць у яго заступніцтва для сябе і сваіх блізкіх.
Госці мелі магчымасць падсілкавацца смачным абедам, падрыхтаваным умелымі рукамі землякоў паэта. За сталом спявалі беларускія народныя песні, майскія песні, прысвечаныя Панне Марыі.
А навокал квітнелі сады і сакавітая вясновая прырода радавала ўсіх сваёй прыгажосцю.
Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць арганізатарам свята, святарам Яцэку Хутману і Анатолю Захарэўскаму, землякам Казіміра Сваяка, асабліва яго сваячцы Іаланце Валуевіч, якая вядзе вялікую краязнаўчую работу ў сваім раёне, збірае фальклор, піша артыкулы, выдае кнігі. Многія свае творы яна прысвячае жыццю і дзейнасці таленавітых, выбітных святароў мінулага. Яна ж была адным з арганізатараў стварэння музея Казіміра Сваяка.
У 2015 годзе споўніцца 100 гадоў з дня прыезду ў Камайскі касцёл на працу святара-паэта Казіміра Сваяка. Хай жа прадаўжаюцца яго добрыя справы па адраджэнні і захаванні беларускай культуры, хай усе людзі будуць сваякамі.
------------------------------
Генуэфа ДУБІЛОВІЧ, Камаі – Астравеччына – Свір – Камаі – Муляры.