Напішам дыктоўку разам!

Богуш-Шышка - СваякЛетась завяршыўся двухгадовы “Марафон лекторый-дыктоўка”, прысвечаны юбілейным угодкам Іосіфа Гашкевіча, вынікам якога стала выданне кнігі дыктовак і рэфератаў-лекцый для дарослай і дзіцячай аўдыторыі.


Кніга, у склад якой увайшлі 90 са 130 дыктовак і рэфератаў-лекцый,  знаходзіцца ў Мальскай сельскай бібліятэцы – і кожны жадаючы можа з ёй пазнаёміцца.


А ў Год культуры ініцыятыўная група прапануе ўсім жадаючым далучыцца да  юбілейных ўгодкаў нашых слынных землякоў Мар’яна Богуша-Шышкі і Казіміра Сваяка.


Спадзяёмся, што ў новую кнігу марафона трапіць не менш за 100 дыктовак, прысвечаных Казіміру Сваяку і Мар’яну Богушу-Шышку.


Далучайцеся – і  напішам дыктоўку разам!



Умовы "Марафона-дыктоўкі"


Што  трэба, каб удзельнічаць у марафоне? Перш – сфарміраваць ініцыятыўныя групы ў складзе не менш 2-3 аматараў беларускага слова. Пажадана, каб у групе быў філолаг. Група атрымлівае ад арганізатара рэферат лекцыі-гутаркі. Вітаецца выкарыстанне ўласных рэфератаў. Затым вызначаецца месца правядзення мерапрыемства: гэта можа быць памяшканне бібліятэкі, школы, прыватная кватэра. Пры жаданні і добрым надвор’і магчыма арганізаваць усё нават на прыродзе.


Пасля лекцыі – абмеркаванне рэферата. Затым вызначаецца і абвяшчаецца дзень дыктоўкі.


На дыктоўку пажадана прыйсці са сваім аркушам паперы, лепш – па-мастацку аформленым: гэта могуць быць малюнкі, фатаграфіі, слайды – усё, што можа дазволіць творчая фантазія. Усё гэта павінна займаць чвэрць ці трэць аркуша, астатняе поле пакідаецца для тэксту. Акрамя таго, прапануецца кожнаму напісаць міні-сачыненне – свой тэкст дыктоўкі. Калі не атрымліваецца, можна выкарыстаць урыўкі з твораў любімых беларускіх пісьменнікаў ці паэтаў. Звычайна звяртаюцца па дапамогу ў бібліятэку: там па тэме лекторыя  вядуць пошук дадатковай інфармацыі, тэкстаў для дыктоўкі, сюжэтаў для афармлення свайго аркуша.


Вітаюцца групы падтрымкі – яны таксама могуць пісаць дыктоўку. Для гэтага трэба мець у запасе чыстыя аркушы.


Напярэдадні дыктоўкі прапануецца сустрэцца з філолагам, настаўнікам беларускай мовы, каб паказаць яму тэкст, выправіць памылкі.


Кожны ўдзельнік імпрэзы прапануе сваю дыктоўку. Ініцыятыўная група зачытвае ўслых усе, і па агульным меркаванні  выбіраецца найлепшы тэкст – ён і пішацца пад дыктоўку.


Па правілах марафону дыктоўкі не здаюцца на праверку. Філолаг-дыктоўшчык чытае тэкст (столькі часу, колькі спатрэбіцца), тлумачыць правілы правапісу. Кожны выпраўляе свае памылкі. З дыктовак па магчымасці робяцца ксеракопіі, якія назапашваюцца ў кнізе-летапісе.  Там жа змяшчаюцца і арыгінальныя аркушы, з якімі іх гаспадары добраахвотна развіталіся.


Ініцыятыўная група фіксуе дату і колькасць удзельнікаў мерапрыемства. Абвяшчаецца дата наступнай дыктоўкі, дзе зноў праводзіцца конкурс тэкстаў – як “бывалых”, так і “навічкоў”. Тэксты арганізатараў і сяброў ініцыятыўнай групы таксама ўдзельнічаюць у конкурсах.


Конкурс у намінацыі “аркуш” можна праводзіць у любую (першую, другую і  наступныя) дыктоўку.


Арыгінальныя аркушы-дыктоўкі дасылаюцца арганізатару для ўліку мерапрыемства і папаўнення раённай кнігі-летапісу марафона-дыктоўкі. Пажадана даслаць таксама фотаздымкі з лекторыяў, дыктовак, цікавыя думкі, прапановы па ўдасканаленню і абнаўленню праграмы правядзення мерапрыемства. Праект адкрыты  для дарослых і дзяцей.


-------------------------


Святлана БУЛАНАВА.