Накануне Рождества Христова в Островец привезли животворный Вифлеемский огонь

У Бэтлееме (Віфлеем) на тым месцы, дзе 2013 гадоў таму назад у ясельках для сена нарадзілася Божае Немаўля, пабудаваны храм. І ў ім гарыць вечны агонь – незгасальны сімвал Збаўлення, якое Сваім нараджэннем прынёс нам Езус Хрыстус. Полымя не згасае ніколі, падобна таму, як ніколі не згасае любоў Тварца да нас, слабых і грэшных. І хто ведае, можа, менавіта цеплыня яго промняў спыняе нашэсце цемры, не дае загінуць Любові, узмацняе Веру, раздзімае Надзею…

У каталіцкім свеце даўно стала традыцыяй напярэдадні Божага Нараджэння дзяліцца агнём з Бэтлеему. Прычым ініцыятыва тут належыць маладым.
Сёлета сімвалічную свечку Еўропы запалілі ў Бэтлееме скаўты з Аўстрыі – у спецыяльным вогнеўпорным кантэйнеры яны прывезлі жыватворны агонь у Вену, і ўжо адтуль ён пабег з краіны ў краіну, з дыяцэзіі ў дыяцэзію, з парафіі ў парафію, з дома ў дом…
Перадача агню з краіны ў краіну адбываецца заўсёды на граніцы. “Межы павінны не толькі раздзяляць нас, але і аб’ядноўваць”, – вырашылі маладыя людзі Еўропы.
На польска-беларускай мяжы жыватворны агонь з рук польскіх аднадумцаў перанялі беларускія харцэры і скаўты з Расіі. Ва ўрачыстай цырымоніі перадачы ўдзельнічалі прадстаўнікі абедзвюх амбасадаў, памежнікі, мытнікі, каталіцкае і праваслаўнае духавенства.
Харцэры прывезлі Бэтлеемскі агонь у Гродзенскі катэдральны сабор і перадалі яго біскупу Аляксандру Кашкевічу, які ўзнёс ліхтар уверх, патрымаў некалькі хвілін у абсалютнай цішыні і сказаў: “Сёння ў нас, дарагія браты і сёстры, ёсць шчаслівая магчымасць наблізіцца да святла Хрыстусовага, адагрэць у яго праменях не толькі азяблыя рукі, але і душы. Вазьміце гэты агонь і нясіце яго ў свае дамы, а яшчэ падзяліцеся ім з тымі, хто яго шукае, хто блукае ў цемры, хто замярзае ад грахоў і нявер’я…”
Потым ён запаліў ад лампадкі вялікую свечку, устаноўленую перад алтаром, і благаславіў паству. Далей распачалася ўрачыстая Імша, цэлебраваў якую сам біскуп Аляксандр Кашкевіч. А пасля заканчэння Літургіі і спявання гімну харцэраў да свечкі з Бэтлеемскім агнём выстраілася чарга – кожнаму хацелася наблізіцца да Божага агню, запаліць не толькі спецыяльна прынесены ліхтарык, але і ўласнае сэрца.
Бэтлеемскае святло паедзе далей – па раёнах і парафіях Гродзеншчыны, у Мінск, у Гомель... Расійскія скаўты завязуць агонь да сябе на радзіму. Хоць агонь афіцыйна прыбывае да каталіцкіх вернікаў Касцёлу, моладзь развозіць яго і па праваслаўных цэрквах, а таксама па бальніцах, дзіцячых прытулках, па дамах састарэлых. Падлеткі самі папярэдне дамаўляюцца з прадстаўнікамі тых установаў, куды яны завязуць святло.
У Астравец Бэтлеемскі агонь прыбыў упершыню – раней некалькі разоў мы прымалі яго з Іерусаліму, але гэта пасхальнае полымя, звязанае са змёртвыхпаўстаннем Хрыста, а не з Яго нараджэннем. Ініцыятарам падарожжа Бэтлеемскага агню на Астравеччыну выступіў Астравецкі касцёл Адшукання Святога Крыжа (пробашч – Андрэй Горбач), а “алімпійцам”, які непасрэдна даставіў яго ў Астравец, стала старшыня раённага адзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Тарэса Мацвееўна Мароз.
…Трымаеш у руках ліхтарык з Бэтлеемскім агнём асцярожна, беражліва, як малое дзіця. У кожнай з нас – па лампадцы. На ўсялякі выпадак. Каб не страціць полымя…
(Забягаючы наперад, скажу, што гэтая перасцярога не была лішняй: літаральна за паўкрока да дому, ужо на выездзе з Ашмян, машыну падкінула на адным з “ляжачых паліцэйскіх”, і расплаўлены парафін загасіў агонь у адной з лампадак. Мы тут жа спыніліся і запалілі яе ад той, што ацалела.)
…Машына імчыць па начной дарозе. Язычок полымя рухаецца ў такт з няроўнасцю дарогі, нібы жывы. І так ад яго цёпла. І так на душы светла, што не хочацца, каб дарога заканчвалася…
У суботу раніцай, у сем гадзін, парафія Адшукання Святога Крыжа прымала Бэтлеемскі агонь у свой касцёл. На ўрачыстасць прыбыў і дэкан Астравецкага дэканату ксёндз Здзіслаў Пікула. Менавіта яму, “галоўнакамандуючаму” святароў нашага раёна, перадала полымя ад Божага Дзіцяці чацвёртакласніца гімназіі Яна Мікліс. Дэкан унёс лампадку ў касцёл і запаліў ад яе галоўную свечку…
– Дарагія мае, – звярнуўся ксёндз да прысутных, – вялікая радасць завітала да нас сёння: сам Езус дзеліцца з намі сваімі святлом і цеплынёй. Прасякнемся ж ім да самых глыбінь. Каб ачысціцца, каб стаць вартымі той бязмернай надзеі, Якую нам прынёс Сваім нараджэннем Хрыстос…
Далей адбылася Імша, а пасля яе заканчэння ручаінкі Бэтлеемскага святла пачалі расцякацца па Астравеччыне.


-------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.