Молодёжь Ворнянского прихода отдохнула на озере Нарочь
Кожны год лета радуе нас сваёй прысутнасцю. Цёплы ветрык, пяшчотныя промні сонца і блакітныя хвалі рэк і азёр дораць людзям незабыўны адпачынак і ўражанні. Дваццаць чацвёрты год запар, дзякуючы ксяндзу дэкану Здзіславу Пікулу, моладзь Варнянскай парафіі адпачывала на возеры Нарач. З раніцы моладзь сустрэлася на святой імшы ў касцёле, пасля якой з Божай ласкі ўсе накіраваліся ў бок курортнага пасёлка Нарач.Прыехаўшы на турыстычную стаянку, з цудоўным бадзёрым настроем моладзь і дарослыя паставілі палаткі, разабралі неабходныя рэчы і адразу ж пабеглі купацца, вітацца з возерам Нарач, напаўняць яго сваім пазітывам і добрым настроем. Хтосьці быў там ужо дваццаць чацвёрты раз, а хтосьці толькі ўпершыню наведаў возера.
Новыя знаёмствы, адпачынак з Богам, вясёлыя вечары з песняй і гітарай… Што можа быць лепш! На працягу гэтых пяці дзён усе жылі паводле пэўнага парадку. Кожную раніцу пад’ём а палове дзявятай, святая імша ў вёсцы Антанізберг, снеданне, малітва, вольны час, абед, вячэра і забаўляльны вечар каля вогнішча з гітарай, смехам і цікавымі гульнямі. Нягледзячы на дожджык, які часам праходзіў, моладзь і дарослыя працягвалі атрымліваць асалоду, смяяцца, жартаваць і дзякаваць Богу за гэтае невялічкае падарожжа. Кожны дзень моладзь мела магчымасць прагуляцца па горадзе, пакупацца ў блакітных хвалях возера, пазагараць, пагуляць у валейбол, пакатацца на лодцы ці катамаране. У апошні вечар быў крыжовы шлях, мясцовыя жыхары змайстравалі дваццаць чацвёрты крыж, які быў пастаўлены сярод астатніх. Апошняй раніцай пасля святой імшы надышоў час развітання з жыхарамі Антанізберга, час падзякі за іх дабрыню і шчырасць. Безумоўна, сум не пакідаў нашы сэрцы ў час збораў дадому. Новыя сябры, пачуцці і добры настрой назаўсёды пакінулі прыемны след. Развітанне да наступнага года – гэта адзінае, што падбадзёрвала нас у той момант. Дзякуючы Богу, мы зноў сустрэліся і сустрэнемся яшчэ шмат разоў.
Немагчыма падабраць словы падзякі святару Здзіславу Пікулу, які кожны год дорыць усім жадаючым адпачынак з Богам. Гэта цудоўны чалавек з адкрытай душой, цікавы суразмоўца, які стаў за гэты час для нас усіх сапраўдным сябрам. Вялікі дзякуй нашым гаспадыням Меланіі Станіславаўне Мятлеўскай і Веры Баляславаўне Рынкевіч, якія заўсёды з любоўю гатавалі нам смачныя стравы. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці вадзіцелям, якія завезлі нас у гэты цудоўны куточак.
Дзякуй вам усім і нізкі паклон! Хочацца пажадаць вам, ксёндз Здзіслаў Пікула, здароўя і добрага настрою. Няхай ваш дом ніколі не пакідае Божая ласка. Дзякуй вам за вашу дабрыню і шчырасць!
------------------------
Аксана Кіндзер.
