Ксендза Андрея Бульку вспоминают с благодарностью и любовью

2
Прасачыць ад самага пачатку святарскі шлях ксяндза Андрэя Булькі не атрымалася. Вядома толькі, што нарадзіўся ён у 1892 годзе, а памёр у 1974-ым. Дзе вучыўся, першае месца службы – гэта засталося невысветленым. Згодна з «Ведомостями о числе римско-католических костелов, монастырей, филий и каплиц по Ковенской губернии», «ксендзами в Дрысвятском костеле (в XX веке) были:

1905-1928 – Фелициан Михайловский, 1928-1934 – Петр Бруквицкий, 1934-1939 – Андрей Булька, 1940-1944 – Станислав Гадлевский.

Не захавалася гістарычных даведак, але захавалася людская памяць пра святара Андрэя Бульку. Аб ім з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаюць людзі з парафій, дзе ён прапаведваў Божае слова. Я сабрала ўспаміны людзей з розных месц і розных пакаленняў, якія адлюстроўваюць тую эпоху, калі жыў і працаваў ксёндз Андрэй Булька.


У канцы 1939 г., пасля Дрысвят, кс. Булька быў напраўлены на Астравеччыну ў касцёл Маці Божай Шкаплернай у Жукойнях-Жалядскіх.


Б. Дзевялтоўскі, былы закрыстыян Жукойне-Жалядскага касцёла:

“Са святаром у нас склаліся найлепшыя адносіны. Я адзін раз па просьбе вазіў яго да бацькоў у Швянчоніс на падводзе. Жылі яны ў пачатку гарадка, ад нашага заезду. Пасля, калі святара пераправілі ў Камаі – апошняе месца працы – наведваў яго і там. Многіх жалядскіх парафіян ён давёў да першай святой Камуніі, яго і па сённяшні дзень успамінаюць з павагай, удзячнасцю і любоўю.”


Ганна Мураўская, жыхарка Вільні, былая парафіянка Ж-Жалядскіх:

“Дапамагаць людзям, ратаваць не толькі душы, але і іх саміх было жыццёвым крэда ксяндза Булькі. Гэта гісторыя – яркі прыклад самахвярнасці – звязана з яго прабываннем у Жукойне-Жалядскім касцёле.

Кс. Андрэй уратаваў ад вернай смерці хлопчыка са стараверскай сям’і з мястэчка Свір. Звалі гэтага хлопчыка Сяргей Собаль. Яго бацькоў расстралялі фашысты. На жаль, ужо ніхто дакладна не памятае, за якія правіны гітлераўцы знішчылі гэтую сям’ю, але, каб выратаваць хлопчыка ад праследавання, ксёндз яго перахрысціў на каталіцкую веру і даў яму імя і прозвішча ад свайго імя: Андрэй Андрыеўскі (Анджэй Анджэеўскі). Некаторы час хлопчык жыў разам з ксяндзом, паслугаваў яму ў святой імшы, а пасля святар адправіў яго ў Польшчу да сваіх родных. Андрэй Андрыеўскі працаваў у Польшчы таксістам. Ажаніўся на немцы, пані Ірэне, якая была прадпрымальніцай. А калі нарадзіўся іх першынец, то назвалі яго таксама Андрэем у гонар кс. Булькі. Андрыеўскія раней былі частымі гасцямі ў Спондах, і ў кожны свой прыезд наведвалі Камаі. Сям’я Налівайкаў, да якіх яны прыязджалі, неаднойчы бывала ў Польшчы ў іх доме. Яны расказвалі, што ў пакоі на самым ганаровым месцы вісеў партрэт ксяндза Андрэя Булькі. Затым сям’я Андрыеўскіх пераехала ў Германію і сувязь з імі, на жаль, перарвалася


Пасля Жукойняў-Жалядскіх ксёндз Андрэй Булька працаваў у Камаях з 1944 па 1974 год.


Кс. Яцэк Хутман, пробашч Камайскага касцёла:

“Ксёндз Андрэй Булька заўсёды прыходзіў на дапамогу людзям у кожнай патрэбе. Расказвалі, што дапамагаў партызанам. У час Вялікай Айчыннай вайны выратаваў ад смерці, рызыкуючы ўласным жыццём, і затым хаваў у сябе партызанскага камандзіра, які пасля стаў высокім партыйным чынам. У знак удзячнасці той не дапусціў, каб Камайскі касцёл быў зачынены.

Ксёндз Булька быў знаходлівы ў цяжкіх сітуацыях. Калі прачуў, што з касцёлаў пачалі вывозіць арганы, ён, каб не пакінуць сваіх парафіян і будучыя пакаленні без знакамітага камайскага аргана, прыдумаў, як яго выратаваць: разукамплектаваў, выбраўшы некалькі самых важных запчастак, і аддаў на захоўванне надзейным людзям. Калі прыехала камісія забіраць арган, аказалася, што ён няспраўны – а, значыць, нікому не патрэбен. Так, дзякуючы самаахвярнасці і знаходлівасці кс. Булькі, Камайскі касцёл выстаяў у гады ліхалецця, і арган да сённяшняга дня цешыць вернікаў і дапамагае даносіць іх малітвы да Бога.


Вераніка Грэська, жыхарка в. Камаі:

“Колькі ж дабра зрабіў для сваіх бліжніх гэты мудры, таленавіты святар! Напачатку 20 стагоддзя моладзь масава выязджала на заробкі ў Латвію. Ну, а там усялякае здаралася… Некалькі дзяўчынак з Камаяў нарадзілі там дзяцей і адмовіліся ад іх. Дзяцей забралі ў сем’і. Аднаго хлопчыка ўзяў і выхоўваў ксёндз Булька. Звалі таго хлопчыка Петрык. Ён дапамагаў ксяндзу па гаспадарцы (у той час святары мелі надзелы зямлі і гаспадарку). Хадзіў у школу, як і ўсе мястачковыя дзеці. Праўда, потым аказаўся той Петрык няўдзячным – абакраў ксяндза і ўцёк у Карэлію.


С.В. Мацур, былая настаўніца Камайскай СШ:

“Колькі ж прыніжэнняў і пакут прыйшлося перацярпець гэтаму святару! Жыццё яго, як і большасці святароў у гэты перыяд, было вельмі цяжкім. Акрамя праследавання і розных абмежаванняў ад савецкіх уладаў, яму часта даводзілася цярпець знявагі і прыніжэнні ад тых, з кім прыходзілася сустракацца амаль штодня – ад вяскоўцаў і іх дзяцей. Неаднаразова расказваў, як яго зневажалі вучні, калі ён праходзіў міма школы, а бацькі і настаўнікі не толькі не спынялі гэтыя здзекі, але нават падбухторвалі дзяцей. І паскардзіцца не меў каму, апроч толькі Бога. Бывала, што дзеці, падбухтораныя старэйшымі, шпурлялі ў яго камянямі, білі вокны ў плябаніі і рабілі шмат іншых прыкрасцей. А ён моўчкі, цярпліва ўсё зносіў і маліўся за сваіх крыўдзіцеляў.

Аднойчы красавіцкім ранкам мы з сынам ішлі ў школу. Наперадзе нас ішоў, абапіраючыся на палку, невысокага росту чалавек. Гэта быў ксёндз Камайскага касцёла. Сын абагнаў яго і прывітаўся. Ксёндз прыпыніўся і спытаў у мяне: “Чый гэта хлопчык? Іншыя кідаюць у мяне камянямі, а ён прывітаўся”. Я адказала, што гэта мой сын. Так пачалося нашае знаёмства і сяброўства. Сустракаючыся на вуліцы, мы віталіся, размаўлялі, абмяркоўвалі навіны. У ксяндза быў мудры погляд на падзеі і свой асаблівы адказ на жыццёвыя пытанні.

Аднойчы дырэктар школы сабраў педсавет і прапанаваў разгледзець пытанне маёй адпаведнасці займаемай пасадзе. За мяне адважыўся ўступіцца адзін са старэйшых настаўнікаў, які адразу ж спыніў магчымыя інсінуацыі: “Калі савецкую жанчыну-настаўніцу нават ксёндз паважае, то мы перад ёй павінны шапку зняць, а не разбіраць на педсавеце!” На гэтым канфлікт быў вычарпаны.

Адзінокае, зраненае сэрца святара, змардаванае бясконцымі здзекамі і прыніжэннямі, канешне ж, цягнулася да тых, у кім адчула чалавечае цяпло і спачуванне.

Ксёндз Булька стаў наведваць нашу сям’ю. Любіў кветкі, садзіўся на зэдлік у палісаднічку, дзе вечарамі галава кружылася ад водару, доўга маліўся, чытаў малітоўнік і проста адпачываў душой”.


І.П. Драўніцкі, краязнаўца, узгадвае, што ў ксяндза Булькі жыў ручны журавель – гэта таксама сведчыць аб яго добрым сэрцы і міласэрнасці. Яго выхаванец Петрык прыходзіў з гэтым жураўлём у школу. Пакуль сядзеў на занятках, журавель важна прахаджваўся пад вокнамі школы, чакаючы свайго сябра – чым, канешне, адцягваў увагу вучняў ад вучобы. Петрык быў вялікім свавольнікам: паслугоўваючы ксяндзу ў святой імшы, падгледзеў, дзе стаіць віно і, бывала, збіраў сяброў і частаваў іх царкоўным віном, а  астатняе разбаўляў вадой, каб пробашч не прыкмеціў.


Г. Дубіловіч, парафіянка:

”Аднойчы, калі мне было гадоў 12, на споведзі кс.Андрэй Булька спытаў чамусьці, якіх я ведаю беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Я добрасумленна пералічыла ўсіх, каго ўспомніла – літаратурай я захаплялася і была чытачом сельскай і школьнай бібліятэк. Гэтая споведзь не выходзіла з галавы і, магчыма, дала накірунак выбару прафесіі – я стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.”


Ад сябе дадам, што Генавефа Ігнатаўна стала не проста настаўніцай, але творчым чалавекам: піша вельмі таленавітыя вершы, апавяданні і нарысы, якія друкуюцца ў розных выданнях.

У апошнія гады кс. Андрэя Бульку сталі даймаць болі ў жываце. Сям’я Мацур, якія сталі добрымі сябрамі святара, параілі яму звярнуцца да ўрача, але ён ігнараваў парады і прывычна цярпеў. А калі ўжо трываць стала невыносна, напісаў родным у Польшчу – прыехалі сёстры і забралі яго да сябе. Адразу ж, тэрмінова яму зрабілі аперацыю ў адной з клінік польскага горада Тарнова, але на трэці дзень (!) пасля аперацыі кс. Андрэй памёр. Гэта было 5 верасня 1974 года.

Ксёндз Андрэй Булька адышоў да Пана Бога ва ўзросце 82 гады, аддаўшы капланскай дзейнасці 55 гадоў жыцця. Сёстры паведамілі пра гэту сумную падзею ў Камаі.



Айц. В. Жэльветра, пробашч Ліпнішскага касцёла:

“Калі стала вядома, што кс. Булька памёр, з глыбокім болем і сумам многія жыхары Камаяў і некаторыя святары звярнуліся да савецкіх улад з просьбай дазволіць адправіць пахавальную імшу у касцёле, дзе кс. Андрэй адслужыў Богу і людзям 30 гадоў. Не атрымаўшы адназначнага адказу, на трэці дзень сабраліся ў святыні вернікі і ксяндзы з розных дыяцэзій. Але распачаць святую імшу не змаглі – незнаёмыя людзі ў цывільным груба і нахабна распіхвалі народ: “Разойдитесь! Все по домам!”. Кс.Карпінскі з Мураванай Ашмянкі напісаў пасля гэтага інцыдэнту ў Маскву ліст, дзе падрабязна апісаў усё, што адбылося, і падкрэсліў: “Такія начальнікі забылі словы Леніна аб тым, што мудры камуніст не пасаромеецца павучыцца і ў капіталіста, калі гэта патрэбна для справы”. Пасля гэтага звароту ўпаўнаважанага па справах рэлігіі ў Мінску як карова языком злізала”.

Ксёндз Андрэй Булька пахаваны ў Польшчы ў Тарнове. Ён перажыў цяжкія гады  праследавання, але не здрадзіў Богу, веры і касцёлу. Светлая памяць яго парафіян хай будзе помнікам яго самаахвярнай дзейнасці на ніве служэння Богу.


----------------------------

Іаланта Валуевіч.