Крестный путь Спасителя представили в одном из костёлов Островецкого района

Незвычайны Крыжовы шлях адбыўся ў мінулы чацвер у Міхалішскім касцёле святога Міхала Арханёла, пробашч якога ксёндз Анатолій запрасіў на яго “жывыя стацыі” – моладзь з яго роднай парафіі святога Яна Хрысціцеля з Гальшан. У якасці пастаноўшчыка выступіла выкладчыца катэхізіса Ганна Буйніцкая.

Стацыя 1-я


Езус асуджаны на смерць
«Тады Пілат, хочучы дагадзіць народу, звольніў ім Вараву, а Езуса аддаў пасля бічавання распяць».
– Пане, у цяжкую хвіліну навучы маё сэрца ўменню прыняць волю Айца, як гэта зрабіў Ты. Пакажы мне дарогу, па якой я пайду ўслед за Табой. Дай сілы бачыць Тваё святло нават праз крывавае покрыва болю, праз несправядлівасць і ганьбу..


Стацыя 2-я


Езус бярэ крыж
«І, несучы крыж свой, Ён выйшаў на ўрочышча Чарапоў, што па-яўрэйску называецца Галгофа».
– О, Езу, у бесклапотным жыцці так лёгка сказаць: “Я гатовы на ўсё, чаго хоча Бог”. Але калі з’яўляецца крыж, сэрца слабее і пачынае баяцца. Дапамажы мне вытрываць, калі прыйдзе мая хвіліна. Каб не крычаў я праклёны, не наракаў на Бога. Каб нёс свой крыж з малітвай на вуснах.


Стацыя 3-я


Езус падае першы раз
«Калі пшанічнае зерне, упаўшы на зямлю, не памрэ, то застанецца само, а калі памрэ, дасць багаты плён».
– Езу, Твой крыж немагчыма цяжкі для Цябе, але Ты нясеш яго – дзеля нас. Калі мой уласны крыж падасца мне не па сілах, дапамажы не ўпасці духам. Аднаві мяне ў цярплівасці, напоўні маю душу Сваёю сілай. І тады ўстане яна, возьме свой цяжар і пойдзе далей.


Стацыя 4-я


Езус сустракае сваю Маці
«І благаславіў іх Сімяон і сказаў Марыі, Маці Яго: Ён вось пастаўлены на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраілі і на знак, якому працівіцца будуць».
– Сыне Божы, гэта я вінаваты ў Тваёй горычы! Гэта з маіх грахоў вырасла сцяна, што аддаліла Цябе ад Маці. Яе слёзы – гэта мае словы, учынкі і занядбанне… Не пакінь мяне ў палоне маіх памылак. Няхай ад невыноснага болю Тваёй Маці заплача і маё сэрца, каб праз слёзы ачысціцца.


Стацыя 5-я


Сымон Кірынеец дапамагае Езусу несці крыж
«І прымусілі нейкага Сымона Кірынэйца, бацьку Аляксандра й Руфа, які ішоў з поля, каб нёс крыж Ягоны».
– Пане, дзе ўсе тыя людзі, каму Ты дапамог? Дзе тыя, каго Ты ацаліў ад хваробы і смерці, накарміў і суцешыў? Чаму Свой крыж Ты нясеш у адзіноце?.. Калі прыйдзе і мой час застацца адзін на адзін з невыноснасцю выпрабавання, не пакінь мяне, Езу. Дапамажы адолець самотнасць і не ўпасці духам.


Стацыя 6-я


Вераніка выцірае твар Езуса
«Не меў ён ані прывабнасці, ані бляску, каб на Яго паглядзець, ані выгляду, каб нам падабацца. Пагарджаны і адпіхнуты людзьмі (...), як хтосьці, перад кім закрываюць твар».
– Езу, знясілены прагай і болем, нават на парозе смерці Ты памятаеш пра іншых – дорыш Вераніцы адбітак Свайго Божага аблічча. Пазбаў мяне майго эгаізму, каб маё ўласнае жыццё не засціла вочы. Дай здольнасць бачыць нават самую дробную паслугу ад іншых. І самому дапамагаць.


Стацыя 7-я


Езус падае другі раз
«І, адышоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая чаша».
– Твой народ, о Пане, які ты так шчодра адорваў Сваёй любоўю, праклінае цябе, плюе Табе ў твар, кідае каменнем. А ты церпіш і молішся за яго, бо хочаш выбавіць з грэху. Узнагародзь жа і мяне ўсведамленнем, што маё цярпенне недарэмнае, што крыўды, якія я зношу, дапамагаюць маёй душы ачысціцца.


Стацыя 8-я


Езус суцяшае іерусалімскіх жанчын
«Ішло за Ім вялікае мноства народу і жанчын, якія галасілі па Ім. Езус жа, звярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі іерусалімскія! Не плачце па Мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых».
– Езу, дапамажы захаваць любоў, нават калі слёзы спачуваючых мне будуць няшчырымі. Тваёй цярплівасцю хачу ўзмацніцца! Каб заставацца зычлівым да іншых, нават да тых, да няшчырых. Каб з любоўю служыць ім сваёй працай далей, каб выканаць маё пакліканне да канца.


Стацыя 9-я

Езус падае трэці раз
«Прыйдзіце да мяне (…), і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне (…) Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі».
– Тройчы, о Пане, Ты падаў. І тройчы падымаўся. І ад нас чакаеш не таго, каб не падалі, але пасля падзення каб кожны раз уставалі. Дай зразумець, што ўсё нашае зямное жыццё – гэта пастаяннае ўставанне, няспыннае пачынанне спачатку. Напоўні Сваёй сілай, каб сэрца маё не счарсцвела, каб заўсёды цягнулася да святла – да паўставання.


Стацыя 10-я

З Езуса здзіраюць адзенне
«Падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць».
– Усё забралі ў Цябе: свабоду, сяброў, магчымасць вучыць і нават адзенне – над аголеным лягчэй здзекавацца. Нагадай мне, Пане, гэту горкую гадзіну, калі падобнае стане і маім лёсам. Калі давядзецца зносіць паклёпы. Калі не будуць мяне разумець нават блізкія…


Стацыя 11-я

Укрыжаванне Езуса
«Была трэцяя гадзіна, і распялі Яго на крыжы. І быў надпіс віны Ягонае напісаны: Цар Іудзейскі”.
– Прабач мяне, Езу. Бо цвікі, што прабілі Тваё Цела – гэта мае грахі. Прабач. А калі надыдзе мая чарга быць укрыжаваным (хваробай, горам, людзьмі…), не пакідай мяне. Бо не мая воля, але Твая…


Стацыя 12-я


Езус памірае на крыжы
«І а шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі ажно да дзявятае гадзіны. І а дзявятай гадзіне загаласіў Езус моцным голасам: Божа Мой, Божа Мой! На што Ты Мяне пакінуў? Адзін жа, пабегшы й набраўшы ў губку воцату ды насадзіўшы яе на трысціну, паіў Яго. Езус жа, загаласіўшы моцным голасам, сканаў. Сотнік, што стаяў насупраць Яго, сказаў: сапраўды, чалавек гэты быў Сын Божы».
– Езу, Ты мяне выратаваў. Замест мяне стаў перад Вышэйшым Судом. І толькі малітвай магу аддзячыць Табе за гэта. А яшчэ любоўю – да Цябе і да людзей, Тваіх дзяцей.


Стацыя 13-я


Езуса здымаюць з крыжа
«І вось прыйшлі жаўнеры, падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён памёр ужо, адзін з іх прабіў Яму бок дзідаю, і ўраз жа пацякла кроў і вада».
– Пане, усе нашы цярпенні, ахвяры і смерць – як нябесная сяўба. Калі мы з’яднаны з Божай воляй, то ўзрастае новае жыццё для нас і для іншых. Сваё жыццё хачу прысвяціць Табе, каб маё цярпенне і смерць таксама прынеслі вечны плод.


Стацыя 14-я


Езуса кладуць у грабніцу
«І купіўшы палатно ды зняўшы Яго, абвіў палатном і палажыў Яго ў магілу, што была высечана ў скале, ды прываліў камень да дзвярэй магілы».
– У Табе, Езу… У Тваіх пакутах, смерці і змёртвыхпаўстанні знаходжу сілы жыць далей. Ты навучыў, як несці крыж: з даверам Богу і любоўю да Яго. Ты навучыў, як пераадольваць цярпенне: з любоўю ахвяроўваць яго за іншых. Няхай жа гэтая навука заўсёды жыве ў маім сэрцы. І калі прыйдзе гадзіна выпрабавання, тады ўзгадаю тое, што Ты сказаў мне сёння...


----------------------------------------
Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.