Какое счастье, что Бог дал нам шанс для очищения души!

…Упершыню ў жыцці не хацелася ісці да Вельканоцнай споведзі. Яе сэнс для мяне чамусьці раптам страціўся. Ну сапраўды: выстаяць у даўжэзнай чарзе сабе падобных, каб адбарабаніць святару, ушчэнт стомленаму чужымі правіннасцямі, дзяжурны, у прынцыпе, набор грахоў… Пакаяцца, паабяцаць выправіцца… І ўсё толькі для таго, каб у наступны раз прыйсці да спавядніцы з аналагічным пералікам…
Вырашыла разарваць нарэшце “порочный круг” і не ісці. Спачатку нават сама сябе за гэта запаважала. Ну насамрэч… Не так і проста аднойчы адмовіцца ад прывітага табе з маленства: “…хаця б раз на год, перад Вельканцам”. Вельмі складана не паддацца магнетызму ўсеагульнага жадання вызваліцца ад грахоў. Укленчыць ля спавядніцы толькі таму, што так робяць усе. А я вось – не як ўсе! Я маю ўласнае меркаванне…
Але неўзабаве пачала прарастаць раздвоенасць і прыгнятаць з кожным днём усё мацней. Раздражненне і апатыя. Апатыя і раздражненне. Не хацелася не тое што свята – вясны наогул. А потым здарылася Вялікая пятніца… І апагей яе трагізму абрынуўся на мяне, падобна, яшчэ ў сне… І прыналежнасць да хрысціянства адчулася скурай… І да спавядніцы не пайшла – панеслася бягом…
***
– Не зрабіла на пост ніякага “пастанаўлення” – пражыла яго раўнадушна.
– Дык зрабіце гэтае самае “пастанаўленне” на Вельканоцныя дні. На любы дзень, тыдзень, месяц… Няважна! Зрабіце і вытрымайце абяцанае – адчуеце, як ваша душа хоць крышачку, але распраміцца…
– Цяжкія адносіны з пацерамі. Поўную сугучнасць адчуваю толькі з “Ойча наш”. Іншыя малітвы не кранаюць – барабаню іх бяздумна, “на аўтамаце”. Відаць, заела гардыня, але да Бога мне хочацца звяртацца сваімі словамі…
– І звяртайцеся… Традыцыйныя пацеры, яны – для агульнай малітвы. Можаце ўявіць сабе какафонію, калі б кожны з прысутных на Імшы маліўся б па-свойму?! Форму персанальнай малітвы вы маеце права выбіраць самі. І, думаю, непасрэдная размова з Богам – гэта ўжо іншы, больш высокі ўзровень зносін з у Тройцы Адзіным…
– Рэдка хаджу ў касцёл. І нават на Імшы, калі чую бяздарнае казанне святара, умудраюся награшыць, бо ў думках спрачаюся з ім. “Хто вы для Бога? – звярнуўся аднойчы да паствы святар. І сам адказаў: – Нішто. Пыл.” Як жа “нішто”, калі за нас і дзеля нас Ён выдаў на смерць Сына Свайго Адзінароднага?..
– А вы паспрабуйце і ў самым бяздарным казанні вынайсці іскры Боскай любові. Яна там абавязкова ёсць. Варта толькі даць сабе шанс пачуць…
– Мая віна, мая віна…
– Ідзі і не грашы…
***
Ноччу мы з Наташай пахадзілі па касцёлах: Космы і Даміяна – Узнясення Святога Крыжа – Космы і Даміяна. Крочылі па Ленінскай пад спеў званоў Петрапаўлаўскай царквы – праваслаўныя браты сёлета сустракалі Змёртвыхпаўстанне разам з намі, каталікамі, і гэта надае святу асаблівую сілу.
…У Космадаміянскім распачаўся доўгачаканы рамонт. Але процьма кветкавых кампазіцый, над якімі папрацавалі вопытныя рукі сясцёр-эўхарыстак, выратавалі сітуацыю – у храме ўсё роўна прыгожа.
…Касцёл Узнясення Святога Крыжа таксама ўвесь у кветках. Твар Хрыста за кратамі (работа Тэрэсы Іосіфаўны Варановіч) праменіць пакутамі… У гэтага храма асаблівая аўра. Не ад аднаго чалавека даводзілася чуць, што і дыхаць, і маліцца ў ім лягчэй.
– Гэта таму, што ён на гары стаіць, – гавораць жанчыны, што у перадВельканоцную ноч сабраліся на “чуванне” ля сімвалічнай труны Хрыстуса. – Нібы ў небе…
Увайшоўшы ў касцёл, мы прысажваемся ля бакавога алтара. Прамаўляем “Каронку”. А потым жанчыны нас клічуць да сябе:
– Далучайцеся. Паспявайце разам з намі. Вось, вазьміце спеўнік…
Нейкі час мы спяваем разам.
На зваротным шляху яшчэ раз заходзім у касцёл Космы і Даміяна. На гэты раз тут “чувае” моладзь. Дзяўчаты разаслалі дыван проста на падлозе і расселіся на ім жывапіснай чародкай. Дзяўчына ў цэнтры акампаніруе на гітары. Самы мілагучны і радасны голас у сястры-эўхарысткі…
***
– Хрыстус паўстаў з памерлых!
– Сапраўды паўстаў!
– Chrystus zmartwychwstal!
– Prawdziwie zmartwychwstal!
– Христос воскресе!
– Воистину воскресе!
– ??????? ??????!
– ???.
Вясёлы гул…
– Гэта па-грэцку… Трэба адказаць: ?????? ??????!
Урачыстая ранішняя Імша распачалася з працэсіі вакол касцёла. Над вострымі рэбрамі астравецкіх дахаў паказаўся чырвоны беражок узыходзячага сонца. “Алелюя!” – спяваць вернікі. Алелюя Таму, Хто Сваімі пакутамі і смерцю на Крыжы збавіў свет. І Таму, Хто прыняў гэтую ахвяру. Алелюя сонцу і Алелюя жыццю!
За агароджай – могілкі. І хоць я (дзякуй Богу!) не экстрасэнс, усё ж адчуваю, як радуюцца разам з жывымі душы памерлых…
На другім коле працэсіі заўважаю: ля ўваходу ў касцёл распушыла свае суквецці лямцавая вішня. Для мяне яна – першае квітнеючае дрэва вясны-2014.
А ў самым пачатку трэцяга… Ого! Сонца, аказваецца, ужо ўзышло. Яго круглы, немагчыма ружовы твар вылез з-за далягляду і заўсміхаўся бясхітрасна, як дзіця…
***
Імша закончылася. Але людзі не спяшаліся разыходзіцца – абдымаліся, радаваліся, віншавалі адзін аднаго. Спяваць хацелася. І спявалася!
Якая радасць адчуваць сябе кропелькай бязмернага акіяну вернікаў! Якая палёгка мець магчымасць маліцца разам з усімі! Якое шчасце, што Бог даў нам шанс ачышчэння душы ля спавядніцы!..


---------------------
Ганна ЧАКУР.