Как правильно встречать Младенца Иисуса

ВигилияКаляды – самае чаканае свята як для дзяцей, так і для дарослых. У бліскучых, бы пакрытых глазурай, шарах, якія з усіх бакоў абляпілі калючыя лапкі ёлкі, адбіваецца святло запаленай свечкі, а ў паветры лунае хваёвы пах – пахне і цудамі. Вігілійны вечар… У гэты свет ізноў прыйдзе Збаўца і, як і дзве тысячы гадоў назад, прынясе з сабой надзею тым, хто яе страціў, пасее веру там, дзе пануе бязвер’е, і запаліць у людскіх сэрцах любоў.

Дзіцятка Езус нарадзіўся ў яслях і пялюшкамі яму былі не дарагія і далікатныя тканіны, а мулкае сена. Яго сагравала не хатняе цяпло, а дыханне жывёл – першых сведак прыходу ў гэты свет Збаўцы. Менавіта пагэтаму на Вігілійным стале абавязкова павінна быць сена, паверх якога гаспадыня засцілае бялюткі абрус. Сена – гэта не проста сімвал убогасці і прастаты, а вобраз таго, якім павінна быць сэрца чалавека, якое б, як і сена, здолела прыняць Дзіцятка Езуса, як казаў святы Ян Павел ІІ, без пыхі і велічы, але са шчырасцю і адкрытасцю. На наступны дзень, калі прыбіраюць са стала, сена ні ў якім выпадку не выкідваюць, а скормліваюць жывёле.
Па традыцыі сядаць за Вігілійны стол трэба з першай зоркай, якая абвяшчае прыход Пана ў гэты свет. Раней, калі ў сям’і гадавалася чацвёра, а то і больш дзяцей, аднаму з іх даручалася адказная місія: паглядаць у акно, ці не запалілася на небе нябесная вястунка. А колькі радасці было ў астатняй дзетвары, калі “вартаўнік” крычаў на ўсю хату “Запалілася!” Дзеці стрымгалоў беглі да акна або хуценька накідвалі на плечы кажушкі, абувалі валёнкі і выбягалі на вуліцу, каб на ўласныя вочы пабачыць зорку-паломніцу, як назваў яе ў сваім вершы беларускі паэт Рыгор Барадулін. На першы погляд яркая кропачка пасярод начнога цёмнага неба яна каля двух тысяч гадоў назад прывяла да сціплых ясляў, у якіх нарадзіўся Езус, трох каралёў – Каспара, Мельхіёра і Бальтазара. Мудрацы пакланіліся Дзіцятка Езусу і адарылі яго падарункамі: мірам – як чалавека, кадзілам – як сына Божага, золатам – як караля.
У нашай сям’і абменьваліся падарункамі менавіта на Божае Нараджэнне, а не на Новы год. І зараз многія дзеткі ў каталіцкіх сем’ях чакаюць прэзент ад Дзядулі Мароза менавіта на Каляды. Нашы бабулі і дзядулі, у адрозненні ад нас, сваіх унукаў, атрымлівалі сціплыя падарункі: нарыхтаваныя за лета бацькамі арэхі, баранкі, а часам нават і цукеркі.
Вигилия1Варта адзначыць, што адорванне падарункамі – новы звычай, карані якога хаваюцца ў ХІХ стагоддзі. Звычайна дзеці атрымлівалі салодкія падарункі і цацкі ад святога Мікалая 6 снежня. Аднак гэтая традыцыя прыжылася і на беларускіх землях. Ну як уявіць Каляды без падарункаў? Ці без прыгажуні ёлачкі з махнатымі колкімі лапкамі?
Ставіць перад святамі навагодняе дрэва – таксама адносна новы звычай. У ХV стагоддзі ў Еўропе дамоў прыносілі толькі зялёныя галінкі, якія вешалі пад столлю. З цягам часу дрэўцы пачалі вешаць вяршкамі ўніз, а пазней на іх месца прыйшлі плеценыя вянкі з саломы і галінак. Толькі ў ХІХ стагоддзі на Беларусі прыжыўся нямецкі звычай упрыгожваць цалкам зялёнае дрэва. Якіх толькі ўпрыгожанняў зараз няма ў магазінах! Але, напэўна, самыя дарагія і блізкія сэрцу – гэта шкляныя, а не пластмасавыя шары, якія дасталіся ў спадчыну, ці самаробныя белыя анёлкі або саламяныя зоркі.
Згодна з каталіцкай рэлігіяй, калядная ёлка – адлюстраванне райскага дрэва жыцця ці дрэва пазнання, яна з’яўляецца сімвалам надзеі, даўгавечнасці і абароны ад зла. Колькі сябе помню, у бабулінай хаце побач з зялёнай прыгажуняй заўсёды былі папяровыя яслі з выявай маленькага Езуса, Марыі і Юзафа, да якіх з розных бакоў туліліся жывёлы. Звычайна ў касцёле ці каля яго ставяць яслі, якія нагадваюць нам аб нараджэнні Хрыстовым. Традыцыйныя яселькі і шопкі маюць багатую 800-гадовую гісторыю і сваім з’яўленнем абавязаны вядомаму ва ўсім свеце святому Францыску Асізскаму.
Да Божага Нараджэння ўсе веруючыя рыхтаваліся на працягу Адвэнту: прытрымліваліся посту, хадзілі на Рараты, дапамагалі тым, хто ў гэтым меў патрэбу… Перад Калядамі звычайна старанна прыбіралі хату, стараліся ачысціцца як фізічна (праз пост), так і духоўна (праз споведзь і добрыя справы).
Вигилия3На Вігілійным стале звычайна было мноства страў або дакладна 12, па колькасці вучняў Хрыста. Па традыцыі на стале няма мяса. У некаторых сем’ях таксама ўстрымліваюцца ад выкарыстання ў гэты вечар малочных прадуктаў і яек. Звычайна на стале было тое, што вырасла ў агародзе ці лесе: капуста, мак, грыбы, – а таксама вушкі, цеста для якіх спецыяльна замешвалася на вадзе, і рыба. Гаспадыні варылі кісель двух відаў: аўсяны, які не любілі дзеці, і журавінны, які трэба было не піць, а есці лыжкай.
Як кажуць старэйшыя людзі, трэба пакаштаваць кожную вігілійную страву. Лічылася: колькі страў не пакаштуеш – столькі прыемнасцей на працягу года цябе абміне. Але перад тым, як пачаць Вігілійную вячэру, запальвалі свечку, маліліся на чале са старэйшым членам сям’і, дзяліліся аплаткай і добрымі, шчырымі, ад душы словамі.
Людзі верылі, што перажыванне Вігіліі можа прадказаць увесь будучы год, аб чым яскрава сведчыць выслоўе “Які ты на Вігіліі, такі ўвесь год будзеш”.
Вігілія – спроба напомніць страчаны чалавекам рай, калі ўсё: і прырода, і жывёлы, і птушкі, і расліны, і чалавек – суіснавала ў гармоніі, калі не было нават і напаміну пра падзел людзей на бедных і багатых, сваіх і чужых, жывых і памерлых. Менавіта пагэтаму на стале звычайна пакідаюць талерку для памерлых з сям’і ці падарожніка. У некаторых рэгіёнах Польшчы спецыяльна для духаў саломаю высцілаўся парог.
Пасля вячэры спявалі калядныя песні, а познім вечарам ці ноччу ішлі на Пастэрку. Імша на Божае Нараджэнне называецца так менавіта таму, што першымі, каму анёл абвясціў прыход у гэты свет Дзіцятка Езуса, былі пастушкі.

Вигилия2Абрады Вігілійнай вячэры


У Каталіцкім касцёле тэрмін «Вігілія» (з лацінскага «чуваць», «начная стража») – дзень, які папярэднічае кожнаму важнаму святу, аднак у паўсядзённым жыцці так пераважна называецца дзень і ноч 24 снежня.
Вігілійная вячэра пачынаецца з ЗАПАЛЬВАННЯ СВЕЧКІ. Бацька ці маці запальвае свечку і кажа: “Святло Хрыста”.
Усе адказваюць: “Дзякуй Богу”.
Затым усе стоячы слухаюць УРЫВАК З ЕВАНГЕЛЛЯ, дзе распавядаецца пра нараджэнне Дзіцятка Езуса.
Урывак з Евангелля паводле Лукі:
У тыя часы выйшла распараджэнне імператара Аўгуста, каб быў праведзены перапіс насельніцтва па ўсёй дзяржаве. Першы перапіс адбыўся тады, калі Квірыній уладарыў у Сірыі. Каб названая падзея адбылася, патрэбна было, каб усе прыбылі туды, дзе хто нарадзіўся. Таму і Юзаф пайшоў з Галілеі з горада Назарэта ў Юдзею, у Бэтлеем, горад Давіда, бо паходзіў з дому і роду Давіда, каб трапіць на перапіс разам з Марыяй, якая была цяжарная. Калі яны туды прыбылі, то надышоў для Марыі час родаў. Яна нарадзіла свайго першага Сына, спавіла Дзіця і палажыла ў яслі, таму што не было для іх месца ў заезным доме. У гэтай самай ваколіцы ноччу пастухі пасвілі свой статак. Раптам анёл стаў ля іх і хвала Пана адусюль іх асвяціла, так што яны спалохаліся. Але анёл прамовіў да іх: «Не бойцеся! Гэта апавяшчаю вам вялікую радасць, якая датычыць усяго народу: сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся вам Збаўца, які з’яўляецца Месіяй. А гэта будзе знакам для вас: знойдзеце Немаўлятка, спавітае і пакладзенае ў яслях». І раптам далучылася да анёла мноства нябесных хораў, якія выхвалялі Бога наступнымі словамі: «Хвала Богу на вышынях, а на зямлі супакой людзям добрай волі».
Пасля таго як старэйшы ў сям’і ці нехта іншы прачытаў урывак са Святога Пісання, хто-небудзь агучвае СУПОЛЬНЫЯ ПРОСЬБЫ:
– Божа, наш Айцец, у гэтую ўрачыстую хвіліну выхваляем цябе і дзякуем за ноч, калі Ты паслаў нам свайго Сына, Eзуса Хрыста. Просім цябе:
– Дай нашай сям’і дар любові, згоды і супакою.
– Выслухай нас, Пане (адказваюць астатнія).
– У гэтую святую ноч адары супакоем нашых суседзяў, сяброў і знаёмых.
– Выслухай нас, Пане.
– Суцеш і ўмацуй усіх пакінутых, самотных, хворых, бедных і галодных на ўсім свеце.
– Выслухай нас, Пане.
– Адары шчасцем і святлом Тваёй хвалы нашых памерлых блізкіх і знаёмых (можна назваць імёны).
– Выслухай нас, Пане.
Затым усе разам адгаворваюць «Ойча наш...» і ДЗЕЛЯЦЦА АПЛАТКАЙ.
Аплатка (з лацінскага – «дар ахвяры», «анёльскі хлеб») з’явілася ў ХVІІІ стагоддзі. Раней выпякаліся абрадавыя ляпёшкі, якія сімвалізавалі цішыню, згоду і еднасць.
Галава сям’і пачынае дзяліцца аплаткай з наступнымі ці іншымі словамі: «Цяпер у духу любові і прабачэння давайце падзелімся аплаткай – хлебам любові. Раскрываючы нашыя сэрцы на ўзаемную любоў, мы гэтым самым адкрываем іх на прыход Пана. Няхай усе, хто жыве ў нашай сям’і і адведвае наш дом, будуць заўсёды мець добрыя намеры і будуць шчаслівыя, здаровыя, сардэчныя, узрадаваныя. Няхай Пан заўсёды будзе з намі ў нашым доме і няхай зробіць так, каб мы на гэтай вячэры сталі ўдзельнікамі Яго радасці ў Божым каралеўстве».
Дзелячыся аплаткай, звычайна мы прабачаем адзін аднаму крыўды і складаем сардэчныя пажаданні. Перад ВІГІЛІЙНАЙ ВЯЧЭРАЙ самы старэйшы ў сям’і гаворыць малітву:
– Паблагаславі, Пане Божа, нас, гэты пасілак і тых, хто яго падрыхтаваў, у памяць нараджэння твайго адзінароднага Сына, а Пана нашага Eзуса Хрыста. Амэн.
Пасля Вігілійнай вячэры ўсе разам спяваюць калядныя песні і ідуць на святую імшу – Пастэрку.

…Ціхая калядная ноч расквеціцца агеньчыкамі ёлачных гірляндаў, аздобіцца шчырымі пажаданнямі блізкіх людзей, напоўніцца водарам хвоі, радасцю і прадчуваннем цуда, якое адбываецца з года ў год на працягу больш чым двух тысяч гадоў: у яслях на мулкім сене народзіцца Дзіцятка Езус, каб да кожнага з нас – хворага і здаровага, беднага і багатага, старога і малога, веруючага і таго, хто яшчэ не знайшоў сваю дарогу да Бога, – працягнуць сваю маленькую пульхную ручку.


------------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.