Икону Богоматери чествовали в Гудогае
Ушанаванне абраза Маці Божай Гудагайскай звязана са шкаплерным набажэнствам. Гэтае свята можна назваць міжэтнічным. Мястэчка Гудагай знаходзіцца на памежжы з Літвой, жыхары якой таксама прыехалі сюды на ўрачыстасць. Шмат было і палякаў.
Галоўную адпустовую святую Імшу 14 ліпеня ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У гаміліі іерарх адзначыў: «Мы прыбываем сюды ў свята Маці Божай Шкаплернай і ведаем, чым быў і ёсць шкаплер. Гэта знак духоўнай лучнасці і памяці паміж маці і дзецьмі. Падчас “цемры атэізму” шкаплер быў прадметам насмешак і крытыкі. Сёння “ноч атэізму” мінула, але шкаплер і надалей застаецца знакам духоўнай сувязі паміж дзецьмі і Божай Маці. Ён зноў, і зноў абвяшчае хвалу Беззаганнай». «Марыя ў цудадзейнай Гудагайскай іконе вучыць нас сталасці, – працягваў біскуп Дзям’янка. – У Марыі, Маці Бога і нашай Маці, шукайце сталасці і святла, неабходных для прыняцця і рэалізацыі адпаведных жыццёвых выбараў і рашэнняў. Расціце ў дасканаласці. Чыніце сур’ёзныя пастановы і старайцеся іх выконваць. Будзьце людзьмі свабоднымі і радаснымі, здольнымі выбіраць каштоўнасці і дабро».
Важнай падзеяй для Гудагая ў гэтыя дні стала перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Яна была манахіняй-кармеліткай, таму гудагайская парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, якой апякуюцца кармеліты босыя і сёстры законныя з ордэну кармелітак, сустракала рэліквіі з асаблівым хваляваннем і гонарам.
Маці Божая Шкаплерная ў Гудагаі чакае ўсіх, хто прагне сустрэчы з Ёю. Яна падтрымлівае і дапамагае кожнаму, хто да Яе звяртаецца. На каленях вернікі ідуць да галоўнага алтара, просячы аб патрэбных ласках.
Пройдзе час, і з той жа адданасцю людзі прыедуць сюды ізноў, каб дзякаваць Нябеснай Заступніцы і ўзносіць да Яе свае малітвы.
__________________
Ірына ГРЭЙЦЬ,
фота аўтара.