Икона святых Петра и Февронии в Островце

З 23 па 30 верасня гэтага года ў храме святых апосталаў Пятра і Паўла будзе знаходзіцца абраз благаверных князёў Пятра і Фяўроніі Мурамскіх з часцінкай іх мошчаў. Святыя сужэнцы лічацца апекунамі сям’і, іх уласнае сумеснае жыццё – узор сямейнай вернасці, ідэал узаемнай адданасці і кахання.

Святыя цудатворцы, благаверныя і прападобныя муж і жонка Пётр і Фяўронія Мурамскія, дзякуючы іх неардынарнаму жыццю, якое было ўзорам сужэнскага кахання, мудрага шлюбу, вядомыя ўсяму свету. “Аповесць пра Пятра і Фяўронію Мурамскіх” была любімай чытанкай рускіх людзей ад цароў да прасталюдзінаў, а зараз гэты твор называюць “жамчужынай старажытнарускай літаратуры”.
Князь Пётр перамог ворага роду чалавечага, які з’явіўся ў Мураме ў абліччы страшнага “блуднага Змея”. Святы засек яго легендарным Агрыкавым мячом, але ад ядавітых кропель крыві дракона сам цяжка захварэў. Выратавала яго ад страшэннай немачы мудрая дзяўчына Фяўронія з вёскі Ласкава паблізу Разані. Князь павянчаўся з ёю ў Мураме, але ганарыстыя баяры і іх зайздрослівыя жонкі не пажадалі мець княгіню з простага роду. Аднойчы за трапезай абвінавацілі яны княгіню ў тым, што яна хлебныя крошкі збірала са стала. Але калі святая расчапіла далонь, то “...абие посыпался у нее из рукава и фимиам и ладон, и поиде благоухание по всей полате, и просветитися лице ея паче меры”. Калі ж баяры запатрабавалі выгнаць Фяўронію, Пётр паследаваў за сваёй жонкай.
Сужэнцы плылі па рацэ на двух суднах. Нейкі мужчына, што плыў са сваёй сям’ёй разам з Фяўроніяй, заглядзеўся на княгіню. Святая жанчына адразу разгадала яго задумку. “Пачарпні ваду з аднаго і другога боку лодкі, – папрасіла яна. – Анолькавая вада ці адна саладзейшая за другую?” “Аднолькавая”, – адказвае той. “Так і прырода жаночая аднолькавая, – прамовіла Фяўронія. – Чаму ж ты, забыўшыся пра сваю жонку, аб чужой думаеш?” Прысаромлены мужчына пакаяўся ў душы.
Вечарам яны прычалілі да берага і сталі ўладкоўваца на начлег. “Што цяпер з намі будзе?” – з сумам разважаў Пётр, а Фяўронія, мудрая і добрая жонка, ласкава суцяшала яго: “Не журыся, княжа, міласцівы Бог, Тварэц і Заступнік усіх, не пакіне нас у бядзе!”
Тым часам кухар пачаў гатаваць вячэру і ссек два маленькія дрэўцы, каб павесіць катлы над вогнішчам. Калі трапеза была скончана, княгіня блаславіла гэтыя абрубкі словамі: “Ды будуць яны раніцай вялікімі дрэвамі”. Так і здарылася. Гэтым цудам яна хацела ўмацаваць мужа, прадбачачы іх лёс. Бо калі “для дрэва ёсць надзея, што яно, калі і будзе ссечана, зноў ажыве” (Іоў. 14:7), то чалавек, які спадзяецца на Госпада, будзе мець блаславенне і ў гэтым жыцці, і ў будучым.
Не паспелі яны прачнуцца, як прыехалі паслы з Мурама і пачалі ўпрошваць Пятра вярнуцца на княжанне. Баяры пасварыліся з-за ўлады, пралілі кроў і цяпер зноў шукалі міру і спакою. Блажэнныя Пётр і Фяўронія з пакораю вярнуліся ў свой горад і правілі доўга і шчасліва, творачы міласціну з малітваю ў сэрцы. Калі прыйшла старасць, яны прынялі манашаскі пострыг з імёнамі Давід і Еўфрасіння і ўпрасілі Бога, каб памерці ім адначасова. Пахаваць сябе завяшчалі ў спецыяльна падрыхтаванай труне з тонкай перагародкай пасярэдзіне.
Яны спачылі ў адзін дзень і гадзіну, кожны ў сваёй келлі. Людзі палічылі недапушчальным хаваць манахаў у адной труне і пасмелі парушыць волю памёршых. Двойчы іх целы разносілі па розных храмах, і кожны раз яны цудоўным чынам аказваліся побач. Нарэшце пахавалі святых мужа і жонку разам каля саборнай царквы Ражаства Прасвятой Багародзіцы ў Мураме. Зараз мошчы благаверных знаходзяцца ў Мурамскім Свята-Троіцкім жаночым манастыры.
Дзень памяці прападобных Пятра і Фяўроніі Мурамскіх святкуецца 8 ліпеня. У Расіі адзначаецца Дзень сям’і, кахання і вернасці, сімвалам якога стала кветка рамонка. І ў нашым храме зарадзілася добрая традыцыя пасля Божай літургіі ў гэты дзень дарыць прыхаджанам маленькія абразкі святых праведных сужэнцаў і каляровыя паштоўкі – “фяўронькі”, а таксама букецікі рамонкаў. Верыцца, што з часам кожная праваслаўная сям’я будзе адзначаць гэтае прыгожае свята і прыходзіць разам на богаслужэнне.
Абраз благаверных Пятра і Фяўроніі з часцінкай іх мошчаў прыбудзе ў царкву святых апосталаў Пятра і Паўла ў нядзелю 23 верасня ў 18.30. Запрашаем прыхаджан урачыста сустрэць святыню. Прыкласціся да яе, папрасіць для сваёй сям’і нябеснага заступніцтва можна будзе на працягу тыдня з 14 да 19 гадзін.


---------------------------------
Іерэй Георгій САВІЦКІ,
благачынны Астравецкага благачыння, настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла.