Иерей Игорь Петровский: «Во всем видеть волю Господа»

У чэрвені мінулага года ў праваслаўны храм святога прарока Іліі вёскі Альхоўка па благаславенні Архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага Гурыя прыбыў новы настаяцель – іерэй Ігар Пятроўскі. Адначасова пад яго пастырскую апеку перайшоў і прыход свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ў Варнянах. “Астравецкая праўда” вырашыла бліжэй пазнаёміць сваіх чытачоў, значная частка якіх – прыхаджане абодвух храмаў, з айцом Ігарам і напярэдадні вялікага хрысціянскага свята – Ражаства Хрыстовага запрасіла бацюшку на інтэрв’ю.

















– Айцец Ігар, раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе: адкуль Вы родам, у якой сям’і выраслі? Дзе вучыліся, якую свецкую прафесію атрымалі?
– Дзякую за пытанне. Нарадзіўся я на Гомельшчыне, у старадаўнім прыгожым горадзе Мазыр у 1965 годзе. Рос у звычайнай рабочай сям’і. Вучыўся ў агульнаадукацыйнай і музычнай школах, дарога да якіх пралягала па тэрыторыі храма. Незабыўныя ўражанні: кароткім зімовым днём прабягаеш у прыцемках і бачыш расчыненыя дзверы царквы, зіхаценне запаленых свечак, чуеш ціхі спеў... Гэта вабіла мяне, праўда, хутчэй з простай цікаўнасці, чым па свядомай веры. Калі я заходзіў у храм, то адчуваў невядомае раней хваляванне, мая падлеткавая душа трымцела, перапаўнялася невыказнымі пачуццямі. З часам хваляванне праходзіла, змянялася спакоем, замірэннем. Тады і зарадзілася ўва мне вера ў Бога, напачатку павярхоўная, аднак з часам прыйшла прачулая, усвядомленая малітва. Тады я не мог нават уявіць, што некалі Гасподзь пашле мне гонар служыць Яму ў святарскім сане, несці людзям слова Божае. Нечакана для мяне самога з’явілася думка, што няблага было б скончыць духоўную семінарыю, няхай сабе і не дзеля свяшчэнства. Але не вельмі разумеў, як гэта зрабіць.
У мяне была глыбока веруючая бабуля. Бацькі не адмаўлялі Бога, але храм наведвалі толькі па вялікіх святах. Бабуля часта ездзіла ў паломніцтвы па святых мясцінах, прывозіла мне кавалачкі прасфары, святую вадзічку. Вучыла: перш чым спажыць іх, трэба прачытаць малітву... Так умацоўвалася вера. Скончыўшы восем класаў і музычную школу, я паступіў у Мазырскі політэхнічны тэхнікум, скончыў яго ў 1984 годзе па спецыяльнасці тэхнік-тэхнолаг зборнага жалезабетону. Затым была служба ў Савецкай Арміі, паўгода – у Літве, астатні час – у глыбока сакрэтным на той час горадзе “Арзамас-16”. І ў гэтым мне таксама бачыцца Божая воля – у 30 кіламетрах ад яго знаходзіцца славуты Дзівееўскі манастыр, дзе маліўся Серафім Сароўскі, у лесе была яго крынічка. Калі надыходзілі дні памінання святога падзвіжніка, туды сцякаліся шматлікія паломнікі. Прыбывалі патаемнымі шляхамі – горад жа быў засакрэчаны. Усё было як на граніцы – кантрольна-следавая паласа, заставы, спецыяльныя прыборы. Людзі прыходзілі набраць святой вадзіцы з крынічкі, а ў ваенных аб’яўляліся так званыя дні ўзмацнення рэжыму. Цяпер дарога ў горад Сароў адкрыта для ўсіх.
Пасля арміі я паступіў на філалагічны факультэт педагагічнага інстытута, але пакінуў вучобу – мусіў працаваць. Уладкаваўся на перспектыўны завод па перспектыўнай спецыяльнасці – рамонт падлікова-вылічальных машын. Тады ж пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, якая прыехала ў наш горад праходзіць інтэрнатуру пасля заканчэння медыцынскага інстытута. Пажаніліся, павянчаліся. У нас нарадзіўся першынец. У 1986 годзе здарылася Чарнобыльская атамная катастрофа. Пачаліся праблемы са здароўем у сына, і ўрачы параілі нам змяніць месца жыхарства. Пераехалі ў горад Баранавічы Брэсцкай вобласці. Аднак родным маім не ўдалося ўратавацца ад наступстваў гэтай чорнай бяды. Трапіўшы пад “жоўты” дождж, захварэла і хутка памерла маці, затым пайшоў з жыцця старэйшы брат – яго прызвалі ў рэзервісты для ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС праз двое сутак пасля таго, як яна здарылася... За няпоўныя тры гады я страціў усіх родных.
Гэта больш наблізіла мяне да веры і Госпада. Як гаварыў святы Ерм: “Міласцівы Бог, сакрушыць твае косці, але прывядзе цябе да Сябе”... Такім чынам Гасподзь выпрабоўваў мае косці і прывёў да Сябе.
Цяпер у храм я хадзіў пастаянна і ўсё часцей стаў задумвацца аб свяшчэннічастве. Аднак да ажыццяўлення мэты было яшчэ далёка. Па волі Госпада я атрымаў запрашэнне ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Доўга не раздумваў – сям’я, двое дзетак, а на двары – пачатак 90-х, і вялікая краіна коціцца да развалу. Трэба было выжываць.
Працаваў ў Штатах, дзе прыходзілася – на рамонце жылля, уборцы вуліц, розных гаспадарчых работах. Дарэчы, у Амерыцы любая праца ў пашане, абы чалавек добра рабіў сваю справу. Прахожыя маглі прывітаць дворніка на вуліцы або зборшчыка смецця традыцыйным: ”Хай! Як справы?” і шырока ўсміхнуцца пры гэтым. Проста таму, што так прынята. Хаця амерыканцы ўвогуле стрыманыя, прагматычныя, у іх характарах, адносінах паміж сабой няма нашай адкрытасці і шчырасці.
Пабываў я ў многіх гарадах, шмат цікавіўся жыццём абшчын Рускай Праваслаўнай Царквы за мяжой. Як правіла, уваходзілі ў іх прадстаўнікі рускай эміграцыі розных пакаленняў, іх нашчадкі. У штаце Заходняя Вірджынія пазнаёміўся з прафесарам Маўрыкі Сіллам і яго жонкай Надзеяй, дачкой праваслаўнага святара, які эмігрыраваў з Расіі пасля кастрычніцкай рэвалюцыі. Жылі яны ў зацішным месцы, воддаль ад горада. Адзін з пакояў быў адведзены пад хатні храм. Раз на месяц прыязджаў святар (імя, на жаль, не памятаю) з матушкай Аннай, мексіканкай па паходжанні, адбывалася богаслужэнне. Затым для ўсіх прысутных ладзілася агульная трапеза, падаваліся стравы традыцыйнай рускай кухні. Пазней прафесар з жонкай пераехалі ў горад, а дом перадалі манастыру для скіта.
– Што Вам асабліва запомнілася з убачанага?
– У горадзе Арлінгтон, побач з Пентагонам, устаноўлены помнік салдатам амерыканскай арміі, якія паклалі свае жыцці ў В’етнаме. На вялікай пліце высечаны імёны ўсіх загінуўшых. Афіцэры, праходзячы міма, аддавалі помніку чэсць. Падумалася: такі б помнік, з пайменным пералікам, паставіць нашым воінам-афганцам, што не вярнуліся ў родныя дамы...
Яшчэ адзін успамін, іншай эмацыянальнай афарбоўкі. Аднойчы мы з прафесарам Сіллам і яго былой студэнткай, стажоркай аднаго з амерыканскіх банкаў, фінкай Кацяй зайшлі ў маленькі індыйскі рэстаранчык – паспытаць экзатычную кухню. А прафесар, дарэчы, у свой час дзесяць гадоў працаваў валанцёрам у Індыі і добра вывучыў гаворку мясцовасці свайго прабывання – як вядома, у Індыі многа дыялектаў. Пачуўшы, як размаўляе повар з памочнікамі, загаварыў з ім на яго роднай мове. Уявіце: мы з Кацяй размаўляем па-руску (яна стажыравалася ў Кіеве), з прафесарам яна гаворыць па-англійску, а той – увогуле на дыялекце хіндзі. Падышоў амерыканец, спытаў, адкуль усе мы і, пачуўшы адказ, аб’явіў на ўвесь рэстаран: “Ого, інтэрнацыянальны калектыў!”
Вядома, чужая зямля цікавіць і вабіць, а душу саграе толькі Радзіма. Таму я вярнуўся дадому. Праўда, да таго часу вялікая краіна СССР ужо распалася.
У 1996 годзе мне была дадзена рэкамендацыя на пражыванне ў манастыры ў якасці, скажам так, кандыдата ў святары. Пасля здачы адпаведных экзаменаў быў рукапаложаны спачатку ў чытальніка, затым – у дыякана, пасля – у іерэя. Хіратанію здзейсніў Уладыка Гурый 15 лютага 1997 года ў саборы Архістратыга Міхаіла горада Ліды. Накіраванне атрымаў на прыход у вёску Збляны Лідскага раёна. Потым былі іншыя прыходы. У 1997-м годзе паступіў, а ў 2003-м скончыў Мінскую духоўную семінарыю. І пачалося служэнне Госпаду перад Прастолам Яго.
Яшчэ некалькі слоў пра сям’ю. Жывуць родныя мне людзі ў Баранавічах. Матушку завуць Галіна, яна ўрач-педыятр. У нас трое дзяцей. Старэйшы сын Максім – афіцэр, жанаты, разам з нявесткай Надзеяй падарыў нам унука – маленькага Марка. Другі сын, Андрэй, заканчвае Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт, з жонкай Анастасіяй ашчаслівілі нас унучкай Валерыяй. Самая малодшая – дачка Злата, ёй 15-ы год. Вучыцца ў сярэдняй школе і паралельна – у музычнай, па класе фартэпіяна і вакалу. З трох гадоў яна займаецца ва ўзорным ансамблі народнага танца “Лялькі”.
– Айцец Ігар, неўпрыкмет Вы апярэдзілі маё наступнае пытанне: хто або што падзвігла Вас на шлях пастырскага служэння?
– Напэўна, проста так людзі не прыходзяць у свяшчэнства. Для гэтага патрэбны не проста ўмовы і не падзвіжкі душы, усё павінна скласціся ў адно, узнікнуць асаблівы малітоўны стан душы, памкнёнасць. Неабходна, каб Гасподзь па жыцці вёў да гэтага. І Ён прыводзіць – каго ў юныя гады, каго – у сталыя, а некага можа прывесці і ў старым узросце. Важна, каб чалавек прыйшоў да Бога, і далёка не абавязкова, каб ён меў сан свяшчэнніка. Мэта кожнага хрысціяніна – перш за ўсё паклапаціцца аб выратаванні сваёй душы. На пастыра ўскладваецца, канешне, большая адказнасць – не толькі маліцца аб уласным збавенні, але найперш даносіць святло Евангелля да паствы, тварыць і сеяць навокал сябе толькі святло і дабро. Нездарма гаворыць Гасподзь: “Вы – святло і светач свету, вы – соль зямлі”. Таму калі чалавек бярэцца за гэтае далёка не лёгкае служэнне – часта даводзіцца быць у раз’ездах, па першым поклічы спяшацца на дапамогу людзям, якім ты патрэбен, якія чакаюць тваёй духоўнай падтрымкі, малітвы, суцяшэння, здзяйсняць над пакутным Божую Таямніцу, – ён ускладае на сябе дадзены Госпадам крыж. І гэты крыж трэба пранесці годна. Калі паўстанем перад тварам Госпада, важна, каб за намі стаялі нашы добрыя справы. Кожны чалавек у гэтым свеце грэшны, таму паспяшаемся да пакаяння, бо няма такіх грахоў, якія Гасподзь нам не дараваў бы. Галоўнае, каб раскаянне было шчырым і выспавяданыя грахі больш не паўтараліся.
– На якіх яшчэ прыходах давялося служыць да прыезду на Астравеччыну?
– Куды пасылаў Гасподзь і благаслаўляў Уладыка, там і нёс сваё святарскае паслушанне. А ў чэрвені 2012 года атрымаў накіраванне ў Астравецкае благачынне, да айца Георгія. У раёне нас усяго двое, будзем несці людзям святло Евангелля ў меру дадзеных Госпадам фізічных і духоўных сіл. Я ведаў, што буду тут служыць. Хацелася бліжэй пазнаёміцца з прыходам і прыхаджанамі, з якімі давядзецца многа зрабіць па добраўпарадкаванні і ўпрыгожванні храмаў. Прынялі мяне людзі сардэчна, за што я ім глыбока ўдзячны. Акрамя пастырскай працы ў Альхоўскім храме святога прарока Іліі, дзе служыцца Божая Літургія, вернікі спавядаюцца і прымаюць Святое Прычасце, абслугоўваю і прыход у гонар Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ў Варнянах.
– У Варнянах пакуль няма храма, людзі моляцца ў прыстасаваным памяшканні, якое перабудоўваецца. На якім этапе знаходзіццца рэканструкцыя?
– Так, раённыя ўлады па просьбе людзей і многіх малітвах Госпаду перадалі нам будынак былой аптэкі, які памалу рэканструіруецца. За мінулае лета дабудавана і падведзена пад дах алтарная частка – безумоўна, з дапамогай мясцовых улад, на ахвяраванні прыхаджан. Мы будзем малітоўна ўдзячны ўсім, хто акажа пасільную дапамогу ў будаўніцтве нашага храма. У далейшым з Божай дапамогай у ім з’явіцца ікона з часцінкай мошчаў свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага, вялікага малітвенніка аб душах нашых. Гэта вялікая благадаць для людзей, якія прыйдуць пакланіцца святому абразу. Калі чалавек прыкладваецца да святыні са шчырай малітвай, верай і надзеяй, адбываюцца вялікія цуды вылечвання, душэўнага супакаення. Нават калі ногі не нясуць у храм, перасіль сябе, зайдзі, памаліся шчыра – і выйдзеш духоўна абноўлены, супакоены, заміраны. Усе святыні, якія бываюць у благачынні, абавязкова прывозяцца для пакланення ў Альхоўку і Варняны, бо далёка не кожны вернік можа адправіцца ў паломніцтва – не кожнаму дазваляюць зрабіць гэта здароўе або матэрыяльнае становішча.
Кожную нядзелю і кожнае свята мы збіраемся ў будучым нашым храме і служым малебны з акафістам аб паспяховым завяршэнні будаўніцтва. Прыязджаючы на прыход, я пасяляюся ў адным з бакавых пакояў. У дождж мушу ставіць каля ложка вёдры, каструлі, тазікі, бо праз дзіравы дах льецца вада. Будынак стары, патрабуе грунтоўнага рамонту. У будучым плануем паставіць печкі, каб у храме было ацяпленне, а найперш закончыць унутраную аддзелку алтарнай часткі, каб можна было асвяціць і паўнацэнна служыць Божую Літургію. Работы многа, з Божай дапамогай і нашымі малітвамі будзем даводзіць справу да завяршэння.
– У такой сур’ёзнай справе без дасведчаных, руплівых памочнікаў не абысціся.
– У поўным сэнсе неацэнную дапамогу аказвае мне шчыры працаўнік, спецыяліст у будаўнічай справе Мікалай Міхайлавіч Калеснічэнка. Вядома, самому святару ўсяго не асіліць – адзін у полі не воін. Таму сапраўдная ўдача, калі побач аказваецца чалавек глыбокай веры, поўны жадання як мага больш зрабіць для храма, гатовы прыйсці на дапамогу ў любую мінуту. У Альхоўцы ў мяне таксама ёсць надзейны памочнік – Мікалай Мікалаевіч Сяргей. Ён з тых людзей, з якімі, як кажуць, можна ісці ў разведку, даручыць адказную справу і быць упэўненым ў яе выкананні. За паўгода я яшчэ не паспеў пазнаёміцца з усімі прыхаджанамі асабіста, але з прыемнасцю адзначу: людзі ў нас сардэчныя, дружныя і згуртаваныя. Няма спрэчак, непаразуменняў і калі вырашаецца якое-небудзь канкрэтнае пытанне па будаўніцтве варнянскага ці добраўпарадкаванні альхоўскага храмаў, то – калегіяльна. Царква – храм Божы, і кожны хрысціянін імкнецца ўнесці свой уклад у яго працвітанне, у славу Божую, дзеля выратавання душы. Не стане нас, у храм прыйдуць нашы дзеці – маліцца за сваіх продкаў, за памяць аб тых, хто ўзвёў яго для будучых пакаленняў.
– У 2013-ы раз увесь хрысціянскі свет адзначае вялікае свята – Ражаство Хрыстова. Што значыць гэтае свята асабіста для Вас? Што хацелі б пажадаць сваім прыхаджанам і ўсім астраўчанам у гэты дзень?
– Ражаство Хрыстова – найважнейшае свята для ўсяго чалавецтва, бо ў свет прыйшоў Збавіцель. Да гэтай пары чалавецтву быў закрыты шлях у рай. Толькі дзякуючы Збавіцелю мы ведаем Яго вучэнне, можам звяртацца з малітвай да Яго і Прасвятой Багародзіцы. Чалавецтву быў невядомы Новы Запавет – дагавор з Богам. Пасля таго, як людзі аступіліся, чалавецтва грахамі сваімі парушыла Стары Запавет, Збавіцель сваім прыходам у свет адкрыў нам дарогу ў Вечнасць. Таму Ражаство Хрыстова – асабліва светлае і радаснае свята. У гэты дзень вельмі важна наведаць храм, дзе ідуць урачыстыя богаслужэнні, узнесці хвалу Госпаду, успомніць Яго зямное жыццё, зноў і зноў падзякаваць Іісусу Хрысту за тое, што Ён даў людзям шанц на вечнае жыццё.
А пажадаць усім астраўчанам, у тым ліку і сваім прыхаджанам, хачу здароўя і замірэння, ладу ў сям’і – у каго яна ёсць, а ў каго няма – няхай складзецца. Жадаю радасці ў дзецях, а ў каго іх пакуль няма – няхай прыйдуць, бо нараджэнне дзіцяці – вялікі цуд і дар Божы, таму што новая душа прыйшла ў свет.
Як святар жадаю ўсім спакою і раўнавагі ў душах. Трэба ўспрымаць усё дадзенае Госпадам як належнае, бо праз выпрабаванні, пакуты мы ўратоўваемся, і навучыцца дзякаваць Хрысту ў сваіх малітвах. Усіх даброт зямных, малітвеннага настрою, надзеі на тое, што Збавіцель не пакіне нас ніколі, ні ў якой бядзе і жыццёвых нягодах.
– Дзякуй Вам за гутарку, айцец Ігар.
– У славу Госпада.

------------------------------------------
Гутарыла Таіса СЯМЁНАВА.
Фота з архіва іерэя І. Пятроўскага.