Хрыстус уваскрос!
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Астравецкага дэканату!
Гэтымі словамі велікоднага прывітання ўсіх вас вітаю і віншую са святам святаў – Пасхай нашага Пана Езуса Хрыста. Божы Сын жыве сярод нас! І значыць, няма месца дрэнным думкам і журбе – вясёлы дзень настаў! Гэты выключны дзень асаблівым чынам упісаны ў гісторыю як нашай краіны, так і свету. І перажываць яго мы маем магчымасць няспынна. Дзякуючы нашаму яднанню з Хрыстусам, мы ўсе запрошаны да ўдзелу ў Яго Змёртвыхпаўстанні. Узгадваючы Велікодную праўду, ад шчырага сэрца жадаю, каб гэтая радасць заўсёды спадарожнічала нам, як і надзея, якая перарасце ў вечную рэчаіснасць.
Хрысце Змёртвыхпаўстаўшы! Благаславі кожную сям’ю, старых і малых, здаровых і хворых, тых, хто знайшоў дарогу да цябе, і тых, хто яе яшчэ толькі шукае. Благаславі нашу Айчыну і ўвесь свет на мірнае, спакойнае жыццё, на дабрабыт і паразуменне. Узмоцні хворых, пацеш засмучаных, з’яднай раз’яднаных, асвяці ласкай самотных, адары нас усіх святлом Сваёй бясконцай мудрасці.
Дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі! Ад усяго сэрца віншую вас з радасным і збаўчым святам Пасхі. Віншую католікаў і праваслаўных, якія адзначаюць свята ў адзін дзень. Усім жадаю радасных велікодных святаў.
З малітвай ксёндз-дэкан Астравецкага
дэканату Здзіслаў ПІКУЛА.