Гудогайский костёл отметил 250-летие

Вось як напісаць пра ўрачыстасць у мястэчку Гудагай? Дзе ўзяць такія словы, каб змаглі яны дакладна перадаць той неверагодны сплаў эмоцый, думак, пачуццяў, якія пашчасціла перажыць за два дні парафіяльнага свята ў гонар Маці Божай Шкаплернай і 250-годдзя асвячэння касцёла Адведзінаў Маці Божай?..
Кальварыя

Яе 16 стацый расцягнуліся на добрых пяць кіламетраў. Па палях і лесе. Па крутаватых (асабліва апошні!) узгорках. Напэўна, было б цяжка, калі б ішоў адзін. Але ты – разам з усімі. З аднадумцамі. З тымі, хто не проста верыць, але і давярае. Бачыш, як згорбленая ад працы і хвароб 84-гадовая жанчына выходзіць наперад, каб паднесці Крыж. Як, абапіраючыся на палачку, стараецца не адстаць ад працэсіі мужчына з хворай нагой. Як пяцігадовае хлапчаня падбірае непаслухмяныя шлёпанцы, якія зноў і зноў саслізгваюць са стомленых ножак, і без слова скаргі тэпае далей.
Бачыш – і сам бярэш Крыж. І маладзееш. І становішся моцным і добрым. І працягваеш руку дапамогі тым, хто яе патрабуе, там, дзе і самому цяжка. І кленчыш ля чарговай стацыі. І спяваеш, і молішся разам са святарамі і парафіяльнай моладдзю, якая ў гэты дзень вяла Кальварыю.
Апошняя… Ужо не стацыя. Ці цудадзейны абраз – ўсё ж стацыя таксама? Бо, як на наступны дзень у Эўхарыстычным казанні прамовіць біскуп Алег Буткевіч, калі б не было Багародзіцы, калі б Айцец Нябесны не выбраў Марыю, і Яна не нарадзіла б Сына – у чалавецтва не было б Збавіцеля. І хто ведае, можа, калі б не Яе заступніцтва, Гудагайскі касцёл быў бы знішчаны яшчэ ў далёкім 1832-ім…
Да ўкаранаванага Папскімі каронамі абраза Маці Божай Гудагайскай ідуць на каленях. Праз увесь касцёл. Ідуць, каб хоць некалькі секунд у адзіноце паразмаўляць з Ёй. Каб раскрыць Апякунцы свае болькі – фізічныя і духоўныя. Каб падзякаваць, пакаяцца, папрасіць…
У нядзелю на ўрачыстай Імшы Сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі мансеньёр Філіпа Чампанэлі сказаў: “Перад пачаткам Імшы я быў у касцёле, каб таксама памаліцца перад абразам. І павінен прызнацца, што маліўся мала, бо не мог засяродзіцца. Я глядзеў на вашы твары, на якіх бачыў радасць, надзею, нейкія просьбы, але перадусім — веру. Я быў вельмі шчаслівы і ўзрушаны, а потым падумаў: калі так узрушаны я – то як тады ўсхвалявана Багародзіца?!”






Нешпары. Працэсія са свечкамі. Начная Імша

Нешпары спявалі ўсім касцёлам – кармяліты раздалі самадрукаванкі-кніжачкі з тэкстамі, і мы, як умелі, падцягвалі ўслед за святарствам хвалебны спеў у гонар Багародзіцы. А вось лацінскую частку спеву манахі спявалі адны – усе астатнія маўчалі. Нават ксяндзы. Кармяліты, якія, як вядома, пакланенне Маці Божай узвялі ў культ свайго ордэна, размаўлялі з Патронкай сам-на-сам…
А потым надышоў час начной працэсіі са свечкамі. Наперадзе плыла на плячах кармялітаў Гудагайская Мадонна, а за ёй ішлі тысячы вернікаў. І рассвятлялі паўночную цемру ці то свечкамі, ці то сэрцамі. Уражаны прыгажосцю дзейства ветрык затаіўся ў кроне старой ліпы, і ніводная знічка не пагасла…
Урачыстую святую Імшу апоўначы ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Юры Касабуцкі.
У траве трашчалі нябачныя конікі. Ля пераносных спавядніц на роснай траве кленчылі жадаючыя пазбавіцца грахоў. І коўш Вялікай Мядзведзіцы вісеў над самым алтаром, нібы трубка нябеснага тэлефона, знятая рукой Багародзіцы: слухаю вас, гаварыце…
– 250 гадоў таму далёкае ў часе пакаленне нашых продкаў пабудавала гэты касцёл, – сказаў падчас гаміліі іерарх. – Для таго, каб перадаць нам бясцэнны скарб – веру. Каб мы яе не проста атрымалі, а каб развілі глыбей – і перадалі наступнаму пакаленню. І з’яўленне цудатворнага абраза ў Гудагаі – не выпадковасць. Людзі аддаліся ў апеку Маці Божай – і захавалі касцёл, і захавалі свае душы, і захавалі веру. Парафіянам ёсць што перадаць нашчадкам.


І нібы ў пацвярджэнне словам біскупа на чорным начным небе бліснула яркім росчыркам падаючая зорка…



Нядзеля

Яна пачалася з Гадзінкаў. І з Імшы на польскай мове, якую бліскуча адслужыў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Юзаф Станеўскі.
…А людзей, між тым, усё прыбывала. А палове на дванаццатую прыпаркаваць машыну можна было хіба што пад Шульнікамі. На перадкасцельным пляцы віраваў людскі вір: прадаваліся ўперамежку ружанцы, пярсцёнкі, пеўнікі на палачцы, абразы, шашлыкі, капелюшы, пап-корн… Тысячы людзей адначасова гаманілі і рухаліся.
А потым загучаў звон. Не моцна. Амаль пяшчотна. Але натоўп імгненна расступіўся – і па жывым калідоры паплыла Укаранаваная Мадонна з Дзіцяткам на руках. Абраз устанавілі перад алтаром.
І да мікрафона падышоў біскуп Станеўскі. Каб зачытаць дэкрэт біскупа Кашкевіча: “20 ліпеня 2014 года падчас святкавання 250-годдзя з часу свайго асвячэння парафіяльная святыня Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі аб’яўляецца дыяцэзіяльным Санктуарыем Маці Божай Шкаплернай Гродзенскай дыяцэзіі па прычынах асаблівай на гэтым месцы пабожнасці вернікаў, а таксама з мэтай большага ўшанавання пакланення Маці Божай у таямніцы Святога Шкаплера. Цяпер гэтае месца будзе прысвечана асаблівай пашане Маці Божай у таямніцы святога Шкаплера, як бачнай прылады для ўмацавання веры ў Божую дапамогу і матчына заступніцтва.”
Гудагайская святыня стала ў адзін рад з Санктуарыумам Гродзенскай Маці Божай Кангрэгацкай! Радасныя апладысменты не сціхалі доўга…
Ахвяраванне ўрачыстай Службы абвесціў біскуп Кашкевіч:
– Гэтую Імшу мы ахвяруем за Гудагайскую парафію, за ўсіх прысутных на ёй. Каб Маці Божая і надалей мела ўсіх нас у Сваёй апецы. За росквіт нашай краіны. За шчаслівае, спакойнае жыццё яе жыхароў. А яшчэ будзем маліцца за спыненне братазабойчай вайны на Украіне. І за бязвінна загінуўшых на ёй. Памолімся таксама за тых, хто загінуў у збітым самалёце…
Літургію служыў біскуп Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Алег Буткевіч. І дапамагалі яму прысутныя на фэсце тры біскупы. І апостальскi візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архiмандрыт Сяргей Гаек. А таксама шматлікія святары, айцы, браты і сёстры кармяліты.
Свае літургічныя разважанні біскуп Алег прысвяціў Маці Божай і падоранаму ёй кармялітам Шкаплеру.
– Шкаплер, які носім на сабе, крые моц заслуг усяго закона, яго практык і малітваў, прысвячэнняў і пакутаў. Гэта вялікі дар і вялікая таямніца, – сказаў ён. – І той факт, што Гудагайская святыня, якая ў асаблівы спосаб ушаноўвае Шкаплер, стала Санктуарыем – вельмі радасная навіна. Адным праменьчыкам у яскравасці Маці Божай на Беларусі стала больш! Дарагія браты і сёстры, Бог не шкадуе нам дапамогі ў штодзённым жыцці, але прагне, каб мы памяталі, для чаго Ён нас стварыў і да чаго сёння кліча.
Камунію прысутныя атрымлівалі з рук выключна біскупаў – прывілей, якога Гудагайская зямля яшчэ не бачыла.
А потым распачаліся віншаванні. Правінцыяльны дэлегат Варшаўскай правінцыі кармялітаў босых у Беларусі aйцец Аркадзь Куляха адзначыў: “На працягу 250 гадоў маленькі касцёл у Гудагаі быў сведкам шматлікіх цудаў, але вернікі прыбываюць сюды не толькі дзеля асаблівых ласкаў аздараўлення. Тут знаходзяць прыстанішча і асалоду тыя, хто хоча пакланіцца Найсвяцейшай Маці і ў цішыні малітвы паразмаўляць з Богам. Іншыя, зачараваныя прыгажосцю мясцовай прыроды, шукаюць адпачынку ад штодзённасці, каб аднавіць свае жыццёвыя сілы”.
Шмат цёплых слоў у адрас парафіі і іх духоўных айцоў – братоў-кармялітаў – выказалі мансеньёр Філіпа Чампанэлі і архiмандрыт Сяргей Гаек. Ад імя раённай улады выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук.
…Дождж, які абяцалі сіноптыкі, вытрымаў патрэбную паўзу. І хлынуў толькі пасля таго, як людзі раз’ехаліся. Яркае сонца, якое і не падумала схавацца ад дажджу, зрабіла густыя кроплі сярэбранымі. Не ведаю, як у Гудагаі, а ў Астраўцы на Шкаплерную падаў сярэбраны дождж. Думаецца, гэта вельмі добры знак. Ад самой Багародзіцы.


Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.