Гудогайский костёл давно считается санктуариумом

– Падчас урачыстасці, прысвечанай 250-годдзю асвячэння касцёла Адведзінаў Марыі Панны ў Гудагаі, было аб’яўлена аб наданні касцёлу статуса санктуарыума. Але ж Гудагайская святыня ўжо даўно лічыцца санктуарыумам. Ці я нешта блытаю?

Галіна Андралойць, Астравец.


– Хочацца даведацца, якія “бонусы” дае Гудагайскаму касцёлу прылічэнне яго да Дыяцэзіяльных санктуарыумаў…

Мар’ян, Варняны.


На пытанні нашых чытачоў мы папрасілі адказаць святара Гудагайскага касцёла Адведзінаў Марыі Панны айца-кармяліта Леанарда Цеханоўскага. Вось што ён сказаў:

– Гудагайскі касцёл сапраўды даўно лічыцца санктуарыумам. Але санктуарыумам ордэна кармялітаў. Менавіта гэты факт даваў нам права (і абавязваў!) парафіяльныя фэсты адзначаць на працягу двух сутак. Дэкрэтам біскупа Кашкевіча, які быў зачытаны на апошнім фэсце, Гудагайскай святыні быў нададзены статус Дыяцэзыяльнага санктуарыуму. Калі быць больш дакладным, санктуарыуму Маці Божай Шкаплернай Гродзенскай дыяцэзіі. У дэкрэце, дарэчы, названа і матывацыя гэтага вызначэння: “…па прычынах асаблівай на гэтым месцы пабожнасці вернікаў, а таксама з мэтай большага ўшанавання пакланення Маці Божай у таямніцы святога Шкаплера. Цяпер гэтае месца будзе прысвечана асаблівай пашане Маці Божай у таямніцы святога Шкаплера як бачнай прылады для ўмацавання веры ў Божую дапамогу і матчына заступніцтва”.

А яшчэ ў дэкрэце прапісаны дазвол на асаблівае адпушчэнне грахоў: кожны чалавек пры ўмове, што не мае на сумленні цяжкіх грахоў, які з адкрытым сэрцам паспавядаецца ў Гудагайскім касцёле, паўдзельнічае ў Імшы і прыме Святую Камунію, мае вялікі шанс атрымаць поўнае разграшэнне.

Статус Дыяцэзыяльнага санктуарыуму расшырае, так бы мовіць, паўнамоцтвы святароў: цяпер, спавядаючы людзей у нашай святыні, святары атрымліваюць права на адпушчэнне шэрагу грахоў, якія раней меў права адпускаць толькі біскуп. Прычым гэтае права тычыцца не толькі тых ксяндзоў, якія непасрэдна служаць у Гудагайскім касцёле, але і ў іншых пры ўмове, што спавядаць яны будуць на тэрыторыі нашага санктуарыума.

Наданне Гудагайскаму касцёлу Адведзінаў Марыі Панны статусу Дыяцэзыяльнага санктуарыуму – вялікая ласка, гонар і адначасова – адказнасць. Будзем старацца адпавядаць…

У нас ёсць мара, каб Гудагайскі санктуарыум набыў статус Нацыянальнага – як Будслаўскі. Нічога немагчымага ў ажыццяўленні гэтай мары няма: калі Апякунка нашага касцёла захоча…

Некалі нам падавалася нерэальнай Каранацыя абраза Маці Божай Папскімі каронамі – хіба можна было разлічваць на аўдыенцыю ў Святога Айца падчас мерапрыемства, на якое сабраліся мільёны?! Але для Багародзіцы няма нічога нездзяйсняльнага…

Пасля каранацыі цудадзейнага абраза колькасць тых, хто хоча ля яго памаліцца, узрасла ў разы – рэдкі дзень касцёл не наведваюць пілігрымы. За дапамогай да Маці Божай едуць з навакольных вёсак і з аддаленых гарадоў, і нават з іншых краін: з Літвы, з Польшы, з Украіны…

Нядаўна мы атрымалі падзяку з Італіі – ад сям’і, у якой пяць гадоў не было дзяцей. І ў якой пасля малітвы перад цудадзейным абразам нарадзілася здаровенькая дзяўчынка…

Нацыянальны статус Гудагайскі касцёл можа атрымаць пры ўмове, што пацвердзіць цудадзейнае “рэнамэ” свайго абраза дакументальна зафіксаванымі цудамі. Так што мы распачалі запісваць цуды, якія здзяйсняюцца Імем Гудагайскай Шкаплернай Багародзіцы. Упэўнены: Гудагайскі касцёл Адведзінаў Марыі Панны рана ці позна стане Нацыянальным санктуарыумам. І “па прычынах асаблівай на гэтым месцы пабожнасці вернікаў”, і таму што Сваю прысутнасць у гэтым месцы Маці Божая пацвярджае шматлікімі цудамі.


Запісала Ганна ЧАКУР