Гудогайский фэст вновь собрал сотни верующих

фэст гудогайскийКолькі б фэстаў не адбывалася, урачыстасць у Гудагайскай парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі – самая чаканая і сакральная для многіх вернікаў Астравеччыны і не толькі… Тут верыцца мацней, дыхаецца прасцей, а жыццё набывае новыя фарбы, дзякуючы эмоцыям і духоўным перажыванням, якія з году ў год дорыць Маці Божая Шкаплерная і двухдзённыя ўрачыстасці ў яе гонар; дзякуючы айцам-кармялітам і сёстрам-кармелітанкам, якія апякуюцца цудадзейным абразам і згуртоўваюць вакол сябе каталіцкую моладзь Астравеччыны; дзякуючы сотням вернікаў і пілігрымаў з розных куточкаў Беларусі, Польшчы, Расіі і Літвы, якія штогод пешшу, на веласіпедах або на аўтамабілях імчаць у санктуарый.

фэст гудогайский1Сёлетняя двухдзённая ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай, якая на мінулым тыдні адбылася ў Гудагаі, не стала выключэннем.

Менавіта ў Гудагайскім касцёле – адзінай святыні на Астравеччыне – размешчана Брама міласэрнасці, дзякуючы якой пры выкананні пэўных умоў можна цалкам атрымаць адпушчэнне ўсіх грахоў. Менавіта тут Маці Божая Шкаплерная творыць цуды. Што, калі не яе заступніцтва, на два дні спыніла суцэльную залеву, якой, здавалася, не будзе канца і краю? На працягу двух дзён неба ніводнага разу не задажджыла.

фэст гудогайский2“Маці Міласэрнасці,  маліся за нас”


Менавіта гэты выраз стаў дэвізам сёлетніх урачыстасцей у гонар Маці Божай Шкаплернай у мястэчку Гудагай, якія сёлета былі прымеркаваны да 25-годдзя аднаўлення Касцёла на Беларусі.

фэст гудогайский3Хто, калі не наша агульная Маці, схавае пад сваім цудадзейным плашчом ад хвароб і пакут? Хто, калі не Яна, цярпліва выслухае просьбы кожнага дзіцяці і пакажа правільны шлях? Менавіта пагэтаму кожны год падзякаваць за цуд аздараўлення ці навяртання, аб нечым папрасіць і проста прыдачыніцца да агульнай малітвы, якую складана з нечым параўнаць, да Маці Божай у Гудагай едуць сотні людзей.

фэст гудогайский4Першы дзень урачыстасцей распачаўся з прыміцыйнай імшы айца-кармяліта Аляксандра Стокі. Праз прыпавесць пра манаха, які без роздуму аддаў свой адзіны каштоўны камень жабраку, ён правёў паралелі з тым, што кожны чалавек павінен быць унутрана свабодным і незалежным ад матэрыяльных багаццяў, што аддаючы, мы набываем значна больш. Пасля імшы  новапрэзбітэр удзяліў прыміцыйнае благаслаўленне ўсім прысутным.

фэст гудогайский5З нагоды пяцідзесяцігоддзя шчырыя словы віншаванняў і падарункі ад вернікаў Гудагайскай парафіі ў гэты дзень прымаў дэлегат кармялітаў Беларусі, айцец Аркадзь Куляха, які пачынаў сваё душпастырства менавіта тут. Ці не промысел гэта Божы, што дзень нараджэння брата-кармяліта супадае з днём урачыстага ўспаміну Маці Божай з гары Кармэль? І сапраўды – Гасподнія шляхі непрадказальныя, як і традыцыйная Крыжовая дарога па Гудагайскай кальварыі…

фэст гудогайский11Калі вы не знаходзіце адказаў на турбуючыя пытанні, калі заблыталіся ў сабе ці пахіснуліся ў сваёй веры, калі адчуваеце адзіноту ці, наадварот, хочаце падзяліцца ўнутраным цяплом з тым, у каго стыне душа, абавязкова прайдзіце шляхам Хрыста ў Гудагаі, каб усвядоміць, што нашы крушні і клопаты – нішто ў параўнанні з цярпеннем Хрыста, і куды лягчэй ісці па жыцці з Богам.

фэст гудогайский6Больш як пяць кіламетраў праз палі, узвышшы і ішлі маладыя людзі, бабулі з кавенькамі і гадавалыя дзеткі са сваімі бацькамі  – процьма людзей жывой вірлівай плынню рухалася ў адным накірунку. А наводдаль ішлі святары, якія спавядалі кожнага жадаючага. І гэта была не традыцыйная споведзь, падчас якой прыгадваеш свае грахі, а дыялог, калі ўсведамляеш прычыны правінаў і даеш сабе шчырае абяцанне выправіцца.

Пасля Крыжовай дарогі і нешпараў з разважаннямі дзясяткі трапяткіх агеньчыкаў, як і дзясяткі веруючых сэрцаў, зліліся ў суцэльную агністую стужку – начную працэсію. Святую імшу адправіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.

Многія вернікі пасля імшы засталіся на начное чуванне, каб у цішы падзякаваць Маці Божай Шкаплернай за ўсе яе ласкі.

фэст гудогайский7“Маці Божая,  мы – твае дзеці”


Другі дзень урачыстасцей у Гудагаі... Безліч людзей прыехала да цябе, Маці Божая Шкаплерная, з розных куточкаў Беларусі, Літвы і Расіі. Пад сваім цудадзейным плашчом Ты сабрала сваіх дзяцей.

фэст гудогайский10Ранішнюю імшу, якая традыцыйна адбываецца на польскай мове, узначаліў дэкан Астравецкага дэканату, канонік, ксёндз Юзаф Багдзевіч.

Напачатку галоўнай адпустовай імшы ўсіх прысутных прывітаў кусташ санктуарыя, айцец Казімір Мараўскі, які нагадаў, што ў гэты дзень мы молімся ў інтэнцыі 25-годдзя аднаўлення Касцёла на Беларусі і біскупскай сакры Аляксандра Кашкевіча, а таксама за аднаго з самых шчырых парафіян Леанарда Шаблінскага, які адзначыў юбілей з  дня нараджэння.

фэст гудогайский8Святую імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Шчырае казанне іерарха на беларускай мове пранікала ў кожнае сэрца.

– Марыя – прыклад і знак Божай любові. Мы называем яе сваёй Маці, бо яна клапоціцца пра кожнага з нас, –  адзначыў іерарх. –  Колькі клопату пра людзей было ў розных аб’яўленнях Марыі? Яна прыгадваецца нам і ў малітве на ружанцы, і праз шкаплер, але за ўсім гэтым павінна стаяць наша навяртанне.

фэст гудогайский9

фэст гудогайский12

фэст гудогайский13Пасля святой імшы ўсіх прысутных павіншаваў з нагоды ўрачыстасцей Маці Божай Шкап-лернай намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.

…Пасля ўрачыстасці людзі яшчэ доўга не разыходзіліся. У сценах драўлянага касцёла кожны жадаючы, прыпаўшы вуснамі да цудадзейнага абраза, адрасаваў  Маці Божай Гудагайскай свае просьбы, інтэнцыі і словы падзякі за навяртанне, аздараўленне і магчымасць адчуць еднасць у малітве з сотнямі іншых вернікаў і пілігрымаў.

Алена ГАНУЛІЧ.


Фота аўтара і Юрыя ГОРЫДА.