Фотанарыс. Святло бацькоўскага дома
Вялікдзень заўсёды напоўнены непадробнай радасцю, якой мы дзелімся адзін з адным, і шчырымі прывітаннямі “Хрыстос уваскрос!” А пачутыя ў адказ словы “Сапраўды ўваскрос!” сеюць дзесьці ўнутры нас упэўненасць у тым, што дабро ўсё ж перамагае зло, што жыццё мацнейшае за смерць і, нягледзячы на штодзённыя турботы, клопаты і праблемы, няма нічога даражэйшага ў свеце, чым сям’я.
З гадамі адчуванне свята ўсё ж заціраецца і траціць тыя фарбы, якія засталіся ў памяці з дзяцінства. І толькі маленькі чалавечак, які з’ядноўвае ўсю вялікую сям’ю, здольны адрадзіць у бабулі ці дзядулі цікаўных хлопчыка і дзяўчынку, якія некалі і самі хадзілі ў жачкі з плеценымі кошыкамі.


У сям’і Алены Іосіфаўны і Івана Мечыслававіча Філіпчыкаў з Варнян адным з галоўных свят лічыцца Вялікдзень. Разам з дзецьмі – сынам Аляксандрам, дачкой Наталляй і яе мужам Аляксандрам, а таксама трохгадовай унучкай-прыгажуняй Палінай – яны кожную нядзелю ходзяць у касцёл і шчыра рыхтуюцца да свята. Традыцыі, якія перадаюцца ў іх сям’і з пакалення ў пакаленне, трапятліва захоўваюцца і зараз: Вялікдзень пахне булкамі, чырванее фарбаванымі яйкамі і збірае ўсіх за адным сталом у бацькоўскім доме.
Мужчыны вэндзяць мяса і каўбаскі і распальваюць вогнішча для шашлыкоў. А маленькая Паліна разам з мамай фарбуе яйкі і падоўгу не выпускае з рук рознакаляровыя “кругляшы”. Толькі казытлівы пах свежаспечаных булак можа адарваць дзяўчынку ад цікава занятку: яна подбегам імчыць на кухню – на гэты раз, каб дапамагчы бабулі зрабіць другую партыю булачак.
Назаўтра, ледзьве расплюшчыўшы вочкі, дзяўчынка разам са сваімі блізкімі пойдзе ў касцёл на Велікодную імшу, каб потым за святочна накрытым сталом з’есці “свянцонку” і ператварыцца ў маленькага жачка.


А для дарослых адчуванне свята саткана з непадкупнай дзіцячай радасці.
…Святло бацькоўскага дома, як і святло ўваскрэслага Езуса, атуляе верай у дабро, падказвае правільную дарогу ў жыцці і дорыць сапраўднае чалавечае шчасце.


-------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.