Фэст в Гудогае собрал верующих из Беларуси, России и Литвы
Гудагайскі санктуарыум… Тут дыхаецца лягчэй. Здаецца, нават паветра вакол касцёла пранізана асаблівай намоленасцю, бы святая вада гаючымі іонамі срэбра. Тут думаецца прасцей. Самакапанне і пошукі адказаў на складаныя філасофска-жыццёвыя пытанні адпадаюць, як восеньскае лісце, каб пусціць і расквеціць парасткі сусветнай гармоніі і адчування (не разумення!) прапісной хрысціянскай ісціны “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”. Тут молішся больш шчыра і адчуваеш неверагодны ўнутраны ўздым ад невымоўнага яднання з сотнямі іншых вернікаў – такіх жа, як і ты…Перад Маці Божай Шкаплернай усе роўныя. Пад сваім гаючым плашчом яна з аднолькавай любоўю прымае хворых і здаровых, самотных і шчаслівых, просячых і дзякуючых, іерархаў і простых вернікаў…
Шчыра маліліся, прасілі прабачэння, славілі песнямі Усявышняга і Маці Божую Шкаплерную вернікі з розных куточкаў Беларусі, Расіі і Літвы на працягу двух дзён.
І гэтую ўрачыстасць варта вызначаць не ў днях, а ў тых ласках, адкрыццях, аздараўленнях – цялесных і духоўных, якія сваёй нябачнай рукой праз каранаваны благаславёным Янам Паўлам ІІ абраз творыць Царыца Нябесная для сваіх дзяцей, якія кожны год пешшу, на веласіпедах, аўтамабілях едуць у Шкаплерную сталіцу Беларусі – Гудагай.
Ачышчэнне
…Распачаўся імшой пад адкрытым небам. Віншаванні з нагоды 25-годдзя святарства прымалі браты Ордэна Найсвяцейшай Марыі Панны з гары Кармэль айцец Павел Леліта з Мядзеля і айцец Бярнард Радзік, якога не толькі гудагайскія парафіяне ўспамінаюць з асаблівай шчырасцю і любоўю. За дванаццаць гадоў свайго душпастырства ў Гудагайскім касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі айцец Бярнард зрабіў столькі, колькі звычайны чалавек не паспявае здзейсніць за жыццё.
Дзякавалі словамі – шчырымі, незавучанымі, якія ішлі ад самага сэрца і пранікалі ў іншае сэрца. Дзякавалі кветкамі – цнатліва-белымі лілеямі. Дзякавалі паветранымі шарамі, якія, вырваўшыся з рук айцоў, як і малітвы вернікаў, напрасткі паляцелі ў неба.
Эпагеем гэтага дня стала Крыжовая дарога – Гудагайская кальварыя. Нага ў нагу, малітва – слова ў слова – побач крочылі дзяўчаты і хлопцы, бабулі, святары, манахі і гадавалыя дзеткі з бацькамі. І ніводнага разу ні адно малое не заплакала і не закапрызіла! Крыжовая дарога даўжынёй у пяць кіламетраў праз крутыя віражы, як праз уласны лёс; праз россыпы векавых валуноў, як праз напамін аб першародным граху пачынальнікаў роду людскога Адама і Евы; праз балота, як праз уласныя дрэнныя думкі і крыўды, якія засмокваюць, бы багна, чалавека ўсё больш і больш, засланяючы сабой святло; праз вузкія лясныя сцяжыны-тунэлі, як праз людское раўнадушша, калі не бачыш, што некаму баліць больш чым табе, калі не чуеш, што нехта адчайна плача, калі ты ў гэты час радасна смяешся, калі не заўважаеш працягнутай далоні, хоць табе належаць дзясяткі хлябоў… Езу, гэта нашы грахі прыбілі цябе да крыжа! Дазволь і нам, грэшным, дапамагчы Табе несці цяжкі ад людскіх грахоў крыж. Дапамажы нам ачысціцца і пакінуць на Гудагайскай кальварыі крыўды, дрэнныя думкі, звычкі і заганы, якія да гэтага часу балюча ўпіваліся вострымі цвікамі ў тваё знявечанае цела…
На асабліва крутых віражах Крыжовай дарогі дзяўчаты і хлопцы дапамагалі асіліць шлях тым, каму цяжка было падняцца ўгору. Дайшлі ўсе! Ніякай стомы – наадварот, быццам крылы распрасталіся за спінай! І ніводная дажджынка не ўпала з набрынялых нябёсаў над мястэчкам Гудагай, хоць у гэты час над Астраўцом, як потым расказвалі, маланка паласавала неба і ліў дождж.Акрыленыя, унутрана ачы-шчаныя людзі чакалі начной працэсіі – самага кранальнага і запамінальнага моманту фэсту. Факелы ў руках святароў і манахаў, бясстрашныя да начнога ветру палаючыя агеньчыкі свечак асвятлялі гудагайскую святыню і шчаслівыя твары людзей.
Пасля імшы, якую ўзна-чаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч, ля Найсвяцейшага Сакрамэнта дзясяткі пілігрымаў на працягу ночы сумленна неслі варту “чування” – разважанняў, спеваў, малітваў…
Адпушчэнне
Паглядзі, Маці Божая, колькі людзей прыйшло, прыехала, пераадольваючы межы, уласную ляноту, неадкладныя справы, каб пакланіцца табе, валадарка Сусвету! Каб зразумець, што шчасце залежыць не ад знешніх абставін, а ад унутранага светаадчування. Каб не прасіць, а падзякаваць – за магчымасць прыйсці на сваіх нагах да Цябе, за здароўе родных і блізкіх… За такі цудоўны дар – жыццё…
Напачатку людзі разам з біскупам Юрыем Касабуцкім дзякавалі Маці Божай Шкаплернай на польскай мове. А на ўрачыстай адпустовай імшы, якую ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі, вернікі маліліся па-беларуску. Знакам супакою ядналіся дзеці з бабулямі, хворыя са здаровымі, кансэкраваныя асобы з тымі, хто яшчэ шукае сваю дарогу да Бога. Прадстаўнікі раённай улады, вышэйшага духавенства, пілігрымы – падчас імшы ўсе былі адным, з’яднаным асаблівай аўрай гудагайскай святыні і шчырасцю малітваў братэрствам, якім апекаваліся на працягу двух дзён кармяліты босыя і Маці Божая Шкаплерная.
Як адзначыў у гаміліі іерарх Юзаф Станеўскі, цішыню, якая так патрэбна сёння чалавеку, можна знайсці ў гудагайскім санктуарыуме. Аднак не мёртвую цішыню, калі да чалавека не даходзіць ніводны гук, – а цішыню благадатную, якая з’яўляецца гармоніяй.– Чым больш чалавек спяшаецца, тым больш ён “корміцца” сваімі тлумнымі справамі, – адзначыў біскуп. – Наша сённяшняя сустрэча дазваляе дакрануцца да гэтай кармяліцкай цішыні, якая вядзе не да адзіноты, а да Бога.
Іерарх заахвоціў прысутных да асаблівай малітвы за церпячы ад вайны братэрскі ўкраінскі народ, за панаванне любові ў сем’ях. І шматгалосае, пранізлівае “Езу, просім цябе!” у выкананні хору з мінскай парафіі Божага Цела ва ўнісон з людскімі галасамі панавала над наваколлем.
умацаванне ў веры
Калі ты страціў сябе ва ўласных клопатах – едзь у Гудагай. Калі ты перажываеш крызісы, развучыўся радавацца жыццю і не ведаеш, куды ісці далей, – едзь у Гудагай. Калі ты хочаш знайсці адказы на хвалюючыя пытанні – едзь у Гудагай. Калі ты хочаш спазнаць безумоўнае, невыказнае і бязмернае шчасце – едзь у Гудагай…
Маці Божая Шкаплерная цябе заўсёды чакае.
--------------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.



