Думкі ўслых. Зацемкі

2
репортер  + зацемки***
Ужо ніхто і не ўспомніць, хто пасадзіў бярозку ля гэтай магілы. Калі я, маленькая, прыязджала на кані разам з бабуляй і дзядулем за тыдзень, а то і за два на могільнік перад днём Усіх Святых, каб прыбраць лісце, якое суцэльным дываном спавіло прастору ля высачэзных і магутным клёнаў, – яна была зусім непрыкметнай, як магіла, ля якой тонкастанная пакорна несла сваю варту.
Пахілены, павернуты на бок крыж паціху ўрастаў у зямлю: ніякай таблічкі не было, нават напаміну пра імя ці прозвішча спачылага ці спачылай. А гэта быў чалавек! І ў яго калісьці была мама, якая пеставала і насіла на руках сваё дзіцятка. Гэты чалавек некалі кахаў і ненавідзеў, гэтаксама, як і яго продкі, нараджаў дзетак. Не мог наталіцца жыццём, хоць век набліжаўся да свайго захаду… А зараз пра цэлы сусвет – жыццё аднаго чалавека! – сведчыць толькі ледзьве заўважны насып, густа парослы травой, і бяроза.
Штучных кветак ля магілы не было ніколі – толькі простыя свечкі. Затое вясной ці летам тут сціпла паглядалі ўгору букецікі блакітнавокіх незабудак ці матылькоў-рамонкаў. І магіла выглядала дагледжанай: заўсёды прыбранае лісце, абкошаная (ці абарваная ўручную?) трава. Сюды нехта прыходзіў: плакаў-думаў-успамінаў…
Людзі жывыя, пакуль пра іх нехта ўспамінае. Мінула больш за дваццаць гадоў з таго часу, калі бабуля і дзядуля бралі мяне маленькую на могільнік перад Задушным днём.
Дваццаць гадоў праляцелі імгненнямі…
Нават і следу не засталося ад той магілкі, ля якой некалі заўсёды з ранняй вясны і да позняй восені, да апошніх кветак, стаялі жывыя букеты. Толькі пасталеўшая ад часу (ці ад людскога гора?) бяроза плача па забытым памерлым жоўтымі слёзкамі-лістамі, якія зрывае няўрымслівы вецер. І гэтыя невядомыя пісьмёны ён гоніць усё далей і далей – у вялікі Свет, каб людзі помнілі пра забытыя гісторыі цэлых Сусветаў.

***
Калі ў іншы свет адыходзіць блізкі чалавек, унутры ўтвараецца пустэча. Душа адразу пачынае ныць і балець, быццам хтосьці па-жывому адарваў ад цябе частку – без папярэджвання, пытанняў і нават намёку на страту.
А ты, небарака, думаў, што ТВОЙ чалавек – мама, тата, дзіцятка, брат, сястра – будзе заўсёды побач; што паспееш сказаць сторазовае запаветнае “люблю”, прытуліцца, нагаварыцца і проста раздзяліць на дваіх адно маўчанне… Але не паспяваеш – позна, ужо няма каму гаварыць.
Час зацягвае раны. Пустэча запаўняецца іншым, а жыццё вяртаецца на кругі свае. Не шкадуйце слоў зараз. Не адкладайце на потым паездку на вёску да сваіх старых… Каб не было надта позна і вельмі балюча.

***
Запаленая свечка да свечкі – і ўтвараецца вялікая калонія рукатворнага святла. Светлячкі-лампадкі, якія паўсюдна з’яўляюцца перад Задушным днём на могільніках, як запаленыя ў гарадскіх вокнах электрычныя лямпачкі, асвятляюць цэлы горад, дзе навек знайшлі зямны прытулак спачылыя з нашых сем’яў.
Яны знікаюць толькі з гэтага свету – але працягваюць жыць у нашых душах, успамінах і такіх дарагіх сэрцу чорна-белых фотаздымках, на якіх нашы блізкія засталіся вечна маладымі – з усмешкамі і шчаслівымі вачамі.
Я дакладна ведаю: яны не знікаюць – іх душы адлятаюць у вы-рай. А ці стане ён раем – залежыць толькі ад нас і нашых малітваў.

***
Бабуля і дзядуля давялі мяне да касцёла, на сваім прыкладзе паказалі, што такое вера і чалавечнасць. Нягледзячы на дождж, завіруху ці вясенняе бездарожжа я, маленькая, кожную нядзелю была на імшы. Бабуля і дзядуля у згодзе і павазе пражылі разам больш за паўстагоддзя і выгадавалі чатырох дзяцей. Простыя, з чатырма класамі польскай школы, яны былі куды мудрэйшымі і мацнейшымі ў сваёй веры…
Вечны адпачынак дай ім, Пане.
Яны паклалі сваё жыццё на алтар служэння Богу і людзям. Іх праследавалі за веру ў савецкія часы… А яны, нягледзячы на пагрозу жыццю, спавядалі, слухалі, спачувалі, удзялялі сакраманты.
Святы Максімільян Кольбэ, які аддаў сваё жыццё ў канцэнтрацыйным лагеры за шматдзетнага бацьку, благаславёны Ежы Папялушка, які загінуў ў часы ліхалецця, варнянскі пробашч Ян Сялевіч, які ратаваў падчас вайны яўрэяў, быў прызнаны Праведнікам Міру… І сотні, і тысячы святароў, якія адышлі ў іншы свет.
Вечны адпачынак дай ім, Пане.
Дзясяткі адзінокіх, убогіх, бяздзетных і забытых дзецьмі, чые імёны канулі ў Лету.
Вечны адпачынак дай ім, Пане.

-------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота А. Мальшэўскага.