"Духовный венок" из молитв для души умершего гораздо важнее цветов
На пахаванне звычайна прыносяць жывыя кветкі ці штучныя вянкі. Нехта дапагае блізкім памерлага грашамі ці шчырымі словамі падтрымкі. Але па вялікім рахунку, што, як не малітвы, – лепшая дапамога для спачылага? У некаторых касцёлах Беларусі, у тым ліку і на Астравеччыне, практыкуецца “духоўны вяночак” – святая імша за спачылага, якую закупляюць не сваякі і родзічы, а знаёмыя, калегі па працы ці суседзі.Мы папрасілі расказаць пра яе ксяндза-вікарыя касцёла святых Космы і Даміяна Дзмітрыя Папенюка:
– Перад чалавекам паўстае шмат пытанняў, якія тычацца нашага жыцця, адносінаў у першую чаргу з Богам, а пасля – з сабой і з іншымі людзьмі. Узнікаюць пытанні і адносна вечнага жыцця ці жыцця пасля смерці.
Касцёл вучыць, ён нагадвае кожнаму чалавеку, што жыццё на гэтай зямлі хутка прамінае. Часта можна пачуць ад людзей старэйшага ўзросту, што іх жыццё прайшло незаўважна. Але кожны з нас калісьці быў дзіцем, юнаком, чалавекам сярэдніх гадоў...
Нам даецца магчымасць на працягу ўласнага жыцця “напрацаваць” на жыццё вечнае. Сёлета ў Касцёле перажываецца Год міласэрнасці, які кожнаму з нас нагадвае аб учынках міласэрнасці.
Адным з такіх з’яўляецца клопат пра годнае пахаванне памерлых. Месца пахавання імкнуцца адзначыць, каб заахвоціць іншых да малітвы аб збаўленні памерлага. Нездарма на каталіцкай магіле заўсёды можна знайсці крыж, нейкі святы вобраз, цытату з Бібліі або проста малітву.
Учынак міласэрнасці для душы бліжняга вучыць кожнага з нас маліцца як за жывых, так і за памерлых. Праз малітву, ахвяраванне адпустаў у іх інтэнцыі, а асабліва праз ахвяраванне святой імшы мы можам здзяйсняць важныя і карысныя ўчынкі міласэрнасці для тых, каго ўжо няма побач, але каму мы ўсё ж такі можам дапамагчы.
У многіх парафіях нашай дыяцэзіі можна сустрэць малітоўную практыку, якая называецца “Духоўны малітоўны вянок”. Яе сэнс заключаецца ў тым, што кожны, хто прысутнічае на пахаванні, можа прыдачыніцца да замовы святой імшы за памерлага. Гэта адбываецца такім чынам: падчас імшы за памерлага збіраюцца ахвяраванні, якія ідуць не на патрэбы касцёла, а непасрэдна на закупленне імшы за душу памерлага, пагэтаму кожны прысутны – сябар, калега па рабоце – можа закупіць супольна святую імшу за памерлага.
Адзін з важных крокаў да аказання дапамогі памерлым – гэта шчырая малітва. І “духоўны вяночак”, напэўна, куды больш дзейсны, чым штучны, які людзі прыносяць на могілкі.
-------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.