Дети и взрослые поздравили с главным христианским праздником одиноких пожилых людей из Михалишковской больницы

Галоўнае хрысціянскае свята – Пасха – сёлета аб’яднала пад сваім крылом каталікоў і праваслаўных, родзічаў і зусім незнаёмых людзей, веруючых і тых, хто яшчэ толькі шукае сваю дарогу да Бога…
Гэты сапраўды Вялікі Дзень паклаў пачатак таму, што жыццёвыя дарогі дзяцей і пажылых людзей, якія па збегу абставін або па волі лёсу гэтае вялікае свята сустракалі ў самоце, на адно імгненне перакрыжаваліся…
Разам з прадстаўнікамі раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, раённага аддзелу адукацыі спорту і турызму, удзельнікамі дабрачыннага спектакля “Калядны вечар” і настаяцелем астравецкага храма святых апосталаў Пятра і Паўла іерэем Георгіем Савіцкім дзесяць хлопчыкаў і дзяўчынак з дзіцячага сацыяльнага прытулку ў панядзелак завіталі да адзінокіх пажылых людзей, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках у Міхалішкаўскай участковай бальніцы.

Пад адным дахам у Міхалішках жывуць, суіснуюць, усміхаюцца, плачуць і сустракаюць новыя дні 56 адзінокіх людзей. Хаця некаторыя з іх не зусім адзінокія: маюць дзяцей і ўнукаў, якія па шэрагу прычын не могуць (ці не хочуць?) узяць іх да сябе. Іншыя, наадварот, усё жыццё пражылі бяздзетнымі, пагэтаму спадзявацца, што хтосьці прыедзе з віншаваннямі на свята, ім не даводзіцца…
Але Пасха – гэта той дзень, тое свята, тая падзея ў жыцці кожнага чалавека, калі ў словах “Хрыстос Уваскрос!” знаёмага ці сустрэчнага і ў сваім адказе чуеш і разумееш, што разам з Хрыстом уваскрэсла яшчэ і дабро і праявіўся светлы бок чалавечай асобы.
Ужо стала добрай традыцыяй, што самадзейныя акцёры спектакля “Калядны вечар” (нагадаю: спектакль створаны з мэтай прыцягнення ўвагі да адзінокай старасці) прыязджаюць з падарункамі ў Міхалішкаўскую бальніцу. Да “каляднай” трупы пасля Вялікадня далучыліся і іншыя нераўнадушныя людзі. Грашовыя сродкі на падарункі для адзінокіх старых ахвяравалі супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда”, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму сабралі сродкі падчас акцыі “Дзень псіхалагічнага здароўя”. А будаўнічае ўпраўленне “Гроднапрамбуд-Атам” для гэтай паездкі выдзеліла аўтобус.
Дзеткі з дзіцячага сацыяльнага прытулку віншавалі са святам самаробнымі паштоўкамі-яйкамі і вершамі пажылых людзей, якія таксама, як і малышы, лічацца ў грамадстве адной з самых неабароненых катэгорый. Іерэй Георгій Савіцкі адорваў кожнага чалавека ўпэўненым і спакойным пасхальным прывітаннем і асвечаным яйкам. Кулічы, сок і іншыя гасцінцы знаходзілі сваіх адрасатаў…


…Адны бабулі дзякавалі ад шчырага сэрца, у другіх наварочваліся на вочы слёзы, а трэція моўчкі сціскалі ў руках, наскрозь “збаразнёных” глыбокімі маршчынамі, невялікія пакуначкі…
Дзеці, якія яшчэ некалькі хвілін назад жартавалі і смяяліся ў аўтобусе, сціхлі і сталі больш сур’ёзнымі.
Вялікдзень з’яднаў светлым крылом пачатак і заканчэнне дарогі – дзяцей з дзіцячага сацыяльнага прытулку і адзінокіх пажылых людзей.


---------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ.
Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА.