Чакаем Цябе, Езус!

Каталіцкі касцёл перажывае час Адвэнту – перыяд падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Адной з прыгожых традыцый Адвэнту з’яўляецца Раратняя Святая імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі.

Кожную раніцу а сёмай гадзіне парафіяне касцёла святых Космы і Даміяна збіраюцца ў храме, каб разам з Паннай Марыяй чуваць у чаканні Нараджэння Божага Сына. Нягледзячы на ранішні час, удзел у святой Раратняй імшы прымаюць і маленькія парафіяне – гэта з’яўляецца своеасаблівай ахвярай дзеля Таго, Каго чакаем. Яны з запаленымі ліхтарыкамі крочаць у працэсіі па касцёлу і спяваюць “Хутка Пан Бог прыйдзе...” Безліч свечак, якія з’яўляюцца адзіным асвячэннем храма, нагадвае пра неабходнасць збірання падчас Адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашых душах і паказаць Пану Езусу шлях да нашага сэрца. На словы святара “Хвала на вышыні Богу” ў касцёле ўключаюць святло.

Напрыканцы кожнай Раратняй імшы маленькіх парафіян чакаюць прыемныя неспадзяванкі. Сардушкі, якія дзеткі зрабілі сваімі рукамі, яны кладуць у кошык, адкуль святар выцягвае па чарзе імёны шчасліўчыкаў, якія атрымліваюць падарункі, а таксама фігуркі Святой Сям’і, каб вечарам разам са сваімі роднымі памаліцца і асаблівым чынам ушанаваць Маці Божую. А той, хто не прапусціць ніводнай Святой імшы, напрыканцы Адвэнту зможа скласці са спецыяльных наклеек прыгожую карціну Божага Нараджэння.

------------------------

Надзея СІВЕЦ.

Фота Карнэлія КОНСЭКА.