Благотворительные концерты прошли в Ворнянах и Ольховке
Напярэдадні Старога Новага года ў сценах Варнянскага і Альхоўскага Дамоў культуры прайшоў дабрачынны канцэрт, у якім прынялі удзел праваслаўныя і каталіцкія пеўчыя і работнікі культуры. Сабраныя падчас канцэрта сродкі пойдуць на афармленне алтара ў царкоўным прыходзе святога Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага Цудатворцы.Традыцыі адорваць падарункамі блізкіх на Ражаство ўжо больш за два тысячагоддзі. Яна зарадзілася 2014 гадоў таму, калі Мудрацы прыйшлі з дарамі прывітаць народжанага ў Бэтлееме Збаўцу – Ісуса Хрыста.
Такім калядным падарункам для жыхароў вёсак Варняны і Альхоўка стаў дабрачынны канцэрт, які адбыўся 12 студзеня гэтага года і быў прымеркаваны да каталіцкага і праваслаўнага Ражаства Хрыстовага.
Забягаючы наперад адзначу, што ідэю дабрачыннага канцэрта адразу падтрымалі і Варнянскія школа мастацтваў і Дом культуры, а таксама праваслаўныя і каталіцкія вернікі.
Як у кожнай падзеі ёсць два бакі “медаля” – свецкае і духоўнае жыццё, – так і сёлетні дабрачынны канцэрт складаўся з дзвюх частак – рэлігійных і свецкіх спеваў.
У зале Варнянскага Дома культуры сабралася няшмат гледачоў, затое атмасфера гармоніі і спакою, якая панавала ў гэтым памяшканні, напаўняла душы людзей верай і любоўю.
Вядучая першай часткі канцэрта Людміла Іванаўна Кухарэвіч прывітала гасцей і заўважыла, што мокры снег з ветрам не стаў перашкодай для нераўнадушных людзей. Ксёндз-пробаршч касцёла святога Георгія Здзіслаў Пікула адзначыў, што для каталікоў і праваслаўных адзінымі з’яўляюцца Бог, Езус Хрыстус і Маці Божая; і Бог глядзіць на чалавека не з вышыні яго розуму або багацця, а абапіраецца на людскія сэрцы. Затым каталіцкі святар шчыра памаліўся за ўсіх сабраўшыхся ў гэтай зале і за дабрачыннае мерапрыемства.
Настаяцель храма святога Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага цудатворцы ў Варнянах і святога прарока Ільі ў Альхоўцы айцец Ігар прачытаў апошняе каляднае пасланне Мітрапаліта Філарэта, прашэнне якога аб выхаду на адпачынак у сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту задаволіў Свяшчэнны сінод. А ад сябе бацюшка пажадаў кожнаму прысутнаму цялеснага і духоўнага здароўя, божай ласкі і апекі анёла-ахоўніка.
Святочную праграму распачаў ансамбль “Благавест” у складзе Людмілы Кухарэвіч, Наталлі Літвін, Вікторыі Ярмак, Святланы Еўтушэнка і Аляксандра Лянцэвіча. Зімовая віхура з ўсёй моцы барабаніла ў шкло, а песнапенні квінтэту не адпускалі слухачоў. Здавалася, што рэчаіснасць адначасова знікае і напаўняецца сусветным спакоем… Упершыню за сваё жыццё я чула праваслаўныя песнапенні – і даўно маю душу нічога не ўражвала і не здзіўляла так, як гэтыя акапэльныя спевы…
Затым Святлана Еўтушэнка з усёй сваёй непасрэднасцю і прыроджанай унутранай дабрынёй і глыбінёй пачуццяў прачытала лірычную мініяцюру – і кожны ў зале злавіў сябе на думцы, што без Бога – мы нішто.
А праз імгненне светлую ноту перанялі пеўчыя з храма святога прарока Ільі.
Своеасаблівая прэм’ера на сцэне адбылася і ў калектыва Варнянскага касцёла. Дзяўчаты некаторы час не маглі вызначыцца з назвай калектыву, пакуль адна з удзельніц не прапанавала слова “крылы” – і галасы прыгажунь калектыва “На крылах веры” пад кіраўніцтвам вучаніцы Варнянскага НПК Машы Ключнік паляцелі ў прастору, спачатку нясмела і баязліва, а пасля стройна і на адным дыханні…
Другая частка дабрачыннага канцэрта “накрыла” гледачоў знянацку: не паспелі яны “выйсці” са шчымліва-светлых думак, што пасяліліся ў душы пасля каталіцка-праваслаўных песнапенняў, як надышоў час развеяцца і павесяліцца.
Эстрадны блок распачаў народны ансамбль “Світанак” з новымі хітамі. Песенную эстафету ўдала пераняў Аляксандр Альховік, а за ім – і Наталля Літвін з кампазіцыяй “Памолімся за бацькоў”. Сваімі чароўнымі галасамі ў гэты дзень парадавалі таксама Людміла Кухарэвіч, Мая Ляшчэўская, Марына Каляда і Яўгенія Варановіч. А дзявочы танцавальны калектыў мясцовай школы мастацтваў (кіраўнік Таццяна Клышко) падарыў два чароўныя танцы.
…Хоць маленькая скарбонка папоўнілася і не вельмі значна, але жаданы алтар ў храме святога Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага цудатворцы, верыцца, хутка будзе цешыць і праваслаўных, і каталіцкіх вернікаў…
-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота Івана ПЕТРЫКА.