А душа желает ожить вместе с Христом и радоваться Воскресению
Сёлета Пасха позняя – майская. А таму асабліва чаканая. Доўгі, амаль пяцьдзесят дзён, Вялікі пост – выпрабаванне не столькі для цела, колькі для душы: грахі ды спакусы атакуюць, прыстаюць, бяруць у абцугі… Пасля споведзі і прычашчэння – навальваюцца з новай сілай. Вораг роду чалавечага не любіць непаслухмяных, стараецца заламаць як лазовую галінку або скруціць у рог…А душа прагне збавення ад цяжару віны, жадае ажыць разам з Хрыстом і радавацца Уваскрэсенню.
* * *
Хрыстос уваскрэс пасля яўрэйскай Пасхі. “Слова “Пасха”, – піша свяціцель Амвросій Медыяланскі, – абазначае “пераходжанне”. Названа так гэтае самае ўрачыстае свята ў старазапаветнай Царкве ва ўспамін зыходу сыноў ізраілевых з Егіпта і разам з тым збаўлення іх ад рабства, а ў Царкве новазапаветнай – у азнаменаванне таго, што Сам Сын Божы, праз Уваскрэсенне з мёртвых, перайшоў ад свету гэтага да Айца Нябеснага, ад зямлі – на неба, вызваліўшы нас ад вечнай смерці і рабства ворагу, падараваўшы нам “уладу быць дзецьмі Божымі”(Ін.1:12).
Гісторыя Свята Пасхі
Уся 2000-гадовая гісторыя хрысціянства – гэта пропаведзь падзеі, якая адбылася веснавым ранкам месяца Нісана, калі ўкрыжавалі Ісуса Хрыста, а дзень Яго Уваскрэсення адразу стаў галоўным святам хрысціян. Хаця пачалося ўсё значна раней, і традыцыя святкавання зыходзіць сваімі каранямі ў глыбокае старазапаветнае мінулае.
Задоўга да Нараджэння Хрыстовага яўрэйскі народ некалькі стагоддзяў знаходзіўся ў рабстве ў егіпецкіх фараонаў. Просьбы ізраільцян адпусціць іх фараоны нязменна пакідалі без увагі. У апошнія дзесяцігоддзі перад зыходам рабства ўвогуле стала невыносным. Егіпецкія ўлады, занепакоеныя “празмернай” колькасцю яўрэяў, нават пастанавілі забіваць усіх нованароджаных хлопчыкаў.
Прарок Майсей, па патрабаванні Божым, спрабаваў дабіцца вызвалення для свайго народа.
І тады пачаліся “10 егіпецкіх караў” – уся зямля егіпецкая (за выключэннем таго месца, дзе жылі яўрэі, пакутавала ад розных напасцяў, якія абрушваліся на егіпцян адна за адной. Гэта яўна ўказвала на асаблівую Божую ўвагу да абранага народа. Аднак фараон не ўспрыняў усур’ёз прароцкія знаменні – яму вельмі не хацелася расставацца з бясплатнай рабочай сілай.
І сталася наступнае: Гасподзь загадаў праз Майсея кожнай яўрэйскай сям’і закалоць ягня, спячы яго і з’есці з прэсным хлебам і горкімі травамі, а крывёю заколатай жывёліны памазаць касякі дзвярэй свайго жытла. Гэта павінна было паслужыць знакам недатыкальнасці пазначанага дома. Згодна з паданнем, анёл, які ўмярцвіў усіх егіпецкіх першынцаў, ад першынца фараонавай сям’і да першынцаў жывёлы, прайшоў міма яўрэйскіх дамоў (ХІІІ стагоддзе да Р.Х.).
На гэты раз напалоханы егіпецкі правіцель адразу адпусціў ізраільцян са сваіх зямель. З тае пары Пасха адзначаецца ізраільцянамі як дзень збаўлення ад рабства і выратавання ад смерці ўсіх яўрэйскіх першынцаў мужчынскага полу.
Пасха пасля Новага Запавету
Пасля прыходу Ісуса Хрыста старазапаветнае святкаванне Пасхі страціла сэнс. Ужо ў першыя гады хрысціянства яна была асэнсавана як правобраз смерці і Уваскрэсення Хрыста. “Вось Агнец Божы, які бярэ на сябе грахі свету” (Ін, 1,29).
“Пасха наша, Хрыстос, закланы за нас” (Кар.5,7).
Зараз цяжка вызначыць, якога іменна чысла (у нашым летазлічэнні) адбылася падзея Уваскрэсення. У Евангеллі мы можам прачытаць, што паводле іудзейскага календара Хрыстос быў распяты ў пятніцу 14-га дня першага вясенняга месяца Нісана, а ўваскрэс 16-га дня Нісана, у “першы дзень тыдня” (пасля суботы). Гэты дзень ужо ў першых хрысціян выдзяляўся з усіх астатніх і называўся “днём Гасподнім”. Пазней у славянскіх краінах ён быў названы “воскресеньем”. Нісан адпавядае сакавіку-красавіку.
У І стагоддзі пасля Ражаства Хрыстовага дата святкавання хрысціянскай Пасхі нікога не хвалявала, таму што для тагачасных хрысціян кожны нядзельны дзень быў Пасхай. Але ўжо ў ІІ-ІІІ стагоддзях паўстала пытанне аб самым урачыстым святкаванні дня Пасхі адзін раз на год. У ІV ст. царква прыняла рашэнне адзначаць Пасху ў першы нядзельны дзень пасля веснавой поўні (не раней, чым 4 красавіка і не пазней, чым 8 мая па новым стылі).
Уваскрэсенне Хрыстова – найвялікшая сусветная падзея, “Праздников Праздник и Торжество из торжеств, Един суббот Царь и Господь”. Уваскрэсенне – трыумф, сэнс і падмурак нашай хрысціянскай веры. “Если Христос не воскрес, то и проповедь наша тщетна, тщетна и вера наша» (1Кор.15,14), – гаворыць Апостал Хрыстоў. Калі б не было Уваскрэсення Хрыстовага, то не толькі не было б хрысціянства, але і сама вера ў Бога, у сілу дабра і праўды была б падарвана. Калі б Хрыстос не ўваскрэс, то не толькі нікому не было б збавення праз Яго, але і не быў бы пераможаны вораг роду чалавечага. Жыццё перамагло, смерць і зло зведзены ў пустату і зніштажэнне. Хрыстос Уваскрэс – і ў поўнай яркасці заззяла Яго Бажэственна-Царская Веліч!
* * *
Страсны тыдзень – асаблівы час доўгіх і шчырых малітваў, вострых душэўных узрушэнняў. Зноў і зноў перажываеш падзеі, нібыта відавочца: Тайную Вячэру, здраду любімага вучня Хрыстовага – Іуды, суд у Понція Пілата… Суровы пракуратар, унікнуўшы ў сутнасць справы, не ўбачыў ніякай віны ў маладога прапаведніка, але розум народа ўжо затуманены няпраўдай і страхам, і люд бяздумна патрабуе: “Укрыжуй Яго, укрыжуй!”…
Нарэшце настала Вялікая субота. Ранняя літургія і чаканая Паўночніца, Крыжовы ход затым. Яркае, неперадавальна прыгожае відовішча. Мірыяды свечкавых агеньчыкаў плывуць жывым патокам вакол Храма, узнёслае Пасхальнае песнапенне “Христос Воскресе из мертвых, смертию смерть поправ и сущим во гробех живот даровав” разам з пеўчымі спяваюць усе прыхаджане.
І святлеюць твары людзей, невыказнай радасцю свецяцца вочы. Сардэчныя абдымкі, пацалункі. Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс!
І цэлы тыдзень будзе лунаць над горадам срэбны Благавест. Кожны жадаючы можа паспрабаваць сябе ў ролі званара і ўкласці ўсе свае пачуцці ў моц бомавага звону, услаўляючы Уваскрэсенне Хрыстова.
--------------------
Падрыхтавала Таіса СЯМЁНАВА.
Фота з сайтаў mobus.com і musicforums.ru.