125-летие Казимира Сваяка отметили в Камаях и на Островетчине
І стаў ён словам – між намі й небам
Як заўсёды, прыгожа, узнёс ла, натхнёна і з вялікай павагай да нашага земляка Казіміра Сваяка прайшло ў Камайскім касцёле свята, прысвечанае 125-годдзю з дня яго нараджэння.
Усё больш і больш людзей, у тым ліку маладых, далучаецца да шэрагу гарачых яго прыхільнікаў. Вось і сёлета ў Камаі з’ехаліся госці з розных месцаў – Масквы, Мінска, Віцебска, Мядзельшчыны і Астравеччыны.
Пасля святой імшы, падчас якой маліліся за светлую душу святара Стаповіча, сваімі ўражаннямі аб Сваяку, Камайскім касцёле і месцы святароў у фарміраванні беларускага светапогляду падзялілася выкладчыца Віцебскага дзяржуніверсітэта Кацярына Лаўрыненка. Яна адзначыла, што касцёлы – гэта астраўкі беларускасці, захавальнікі беларускай гісторыі і духоўнай спадчыны. Парафіяне Камаяў сапраўды шчаслівы людзі – яны маюць пробашча, які дбае не толькі пра тое, каб яны былі вернымі сынамі Касцёла, але і займаецца іх культурным развіццём.
Кампазітар і выканаўца ўласных песень Аляксандр Якіменка прадставіў камайчанам некалькі духоўных песень, у тым ліку і песню на словы Станіслава Валодзькі, прысвечаную К. Сваяку. Прыемным падарункам для пробашча і парафіян стаў гімн Камайскаму касцёлу на словы паэта Аркадзя Нафрановіча.Адзін з першых даследчыкаў, які адкрыў імя Сваяка шырокаму колу чытачоў, І.П. Драўніцкі падзяліўся ўспамінамі і прачытаў некалькі вершаў са зборніка “Мая ліра”, які, як ён успамінае, некалі, седзячы ў Ленінскай бібліятэцы г. Мінска, перапісваў ад рукі, таму што ў той час ні ўзяць у бібліятэцы на дом, ні тым больш купіць гэты зборнік было немагчыма.
Максім Іўкін, кіраўнік гурта “Балцкі субстрат”, свой выступ распачаў з дэкламацыі напісанага ім верша-пасвячэння Казіміру Сваяку:
…і стаў ён словам – між намі й небам.
Сусветам Божым і родным краем,
І надае нечуванай моцы
Нябачнай сілай сваіх сумневаў.
Сваяк, няйначай: знаёмы, блізкі,
Слабы і дужы, складаны й просты.
І слова сталася блізкім, простым
Як хлеб надзённы й як стэп бяскрайнім
У выкананнні гурта прагучала песня на словы К. Сваяка “Свеціць зорка” і яшчэ некалькі духоўных песень. Гэтыя музыкі ўжо сталі добрымі сябрамі Камайскага касцёла.
Своеасаблівай “ізюмінкай” было выступленне Вольгі Іўкінай, якая прыехала з Масквы і выканала некалькі класічных п’ес на фагоце, што было вельмі цёпла ўспрынята слухачамі.
А напрыканцы Іаланта Валуевіч падаравала касцёльнай бібліятэцы імя Казіміра Сваяка 5-цітомную Каталіцкую энцыклапедыю, якая з’яўляецца першым універсальным даведнікавым выданнем на рускай мове і ўтрымлівае сістэматызаваную інфармацыю аб Каталіцкім Касцёле – яго будове, гісторыі, багаслоўі, літургіцы і г.д., уключае 5500 артыкулаў і 3000 каляровых і чорна-белых ілюстрацый.
Спадарыні Іаланце гэту энцыклапедыю падараваў яе дзядзька з Калугі Нарцыз Лаўрыновіч, чалавек глыбока веруючы, адукаваны, мудры, з той агаворкай, што яна можа распараджацца ёй па сваім меркаванні. Думаю, што энцыклапедыя зойме дастойнае месца ў касцёльнай бібліятэцы і не раз паслужыць добрым людзям.
Свята працягвалася ў неафіцыйнай абстаноўцы – за кубкам гарбаты і прысмакамі, выпечанымі ўмелымі рукамі камайскіх гаспадынь. Настаўніцы Мулярскай школы прапанавалі праспяваць разам песню “Калі вы сабярэцеся ў бяседзе за сталом”, карткі з тэстам якой былі папярэдне падрыхтаваны. Цешыліся тым, што такая асоба, як ксёндз Стаповіч, заняў пачэснае месца ў гісторыі Камайскага касцёла.
Сябры гурта “Балцкі субстрат” правялі віктарыну, падрыхтаваную па творах і біяграфіі К. Сваяка, яго сяброў-паплечнікаў, аднадумцаў, сучасных паэтаў, чым выклікалі вялікае ажыўленне – кожны стараўся паказаць сваю эрудыцыю. Сябар гурта Віктар Сямашка ўручаў пераможцам падарункі – кнігі, наборы паштовак, закладак і іншыя цікавосткі.
Не забыў ксёндз Яцэк Хутман і пра тых, хто хацеў прыехаць, каб разам ушанаваць памяць Сваяка, ды па нейкіх прычынах не змог. Усе разам за гэтых людзей адмовілі “Вітай, Марыя”.
…Свежыя ружы ля партрэта, шчырая малітва, пранікнёныя словы выступаючых – усё стварала атмасферу духоўнага сваякоўства, еднасці душ. Было светла і радасна на душы і не хацелася ад’язджаць з гэтага гасціннага дому, ад цудоўных людзей, якія ўмеюць памятаць і шанаваць тых, кім мы па праву ганарымся.
…Неяк задалася пытаннем: чаму ў Камаях заўсёды так хораша праходзяць сваякоўскія святы? Адказ прыйшоў сам сабой (а можа, Сваяк падказаў?): таму што гэта адзіная парафія, дзе ксяндзу Стаповічу было добра. Адзіная парафія, дзе ён не спазнаў ганенняў, насмешак, неразумення, праследавання! Адзіная парафія, якую ён назваў залатой! І як было раней, так ёсць сёння – і так, маю надзею, застанецца!
К. Майская.
“Гарэў, як свечка на алтары…”
Аддаць даніну павагі незвычайнаму чалавеку – святару, паэту, драматургу, публіцысту, філосафу і грамадскаму дзеячу Канстанціну Стаповічу (Казіміру Сваяку) – сабраліся наведвальнікі розных узростаў у Страчанскім доме культуры. Зала была аформлена па-святочнаму: у цэнтры стаяў партрэт ксяндза Стаповіча, побач – запаленая свечка.
Выстава: “Ты – наш гонар, наша слава” змяшчала фотаздымкі касцёлаў, дзе служыў наш зямляк, фотаздымкі былой і адноўленай бацькоўскай хаты, у якой зараз арганізавана музейная экспазіцыя, яго сяброў, а таксама кнігі Сваяка: зборнікі “Мая ліра”, “Голас душы”, п’еса “Янка Канцавы” і філасофскі дзённік “Дзея маёй мысьлі, сэрца і волі”. На асобным стале – падборка матэрыялаў, якія былі надрукаваны ў розных выданнях.
Імпрэза распачалася вершам “Мая ліра”, які адкрывае зборнік вершаў Сваяка і вызначае яго жыццёвую і паэтычную пазіцыю. Далей ішоў аповед пра творчы шлях Канстанціна Стаповіча і жыццёвы шлях святара-паэта, пра яго цяжкую, пакутную жыццёвую дарогу, пра тое, што народ яго любіць, памятае і шануе, што многія паэты сёння прысвячаюць яму вершы. Ілюстрацыяй да гэтага прагучалі вершы паэтаў А.Нафрановіча, М.Дуксы, Л.Валадзько, Г.Дубіловіч і нашай мясцовай народнай паэткі Б.Масцяніца.
Прыемна, што людзі самі ўспаміналі эпізоды з біяграфіі Сваяка, таму што добра яе ведаюць. А школьнікі падзяліліся ўражаннямі ад паездкі ў музей у в. Барані.
У канцы імпрэзы была праведзена віктарына, якая змяшчала пытанні аб жыцці і творчасці святара-паэта, радкі з яго твораў, з твораў аўтараў, якія пісалі для яго, аб яго сябрах-паплечніках і г.д. Наведвальнікі бібліятэкі бліскуча справіліся з пытаннямі, а лепшыя атрымалі прызы.
Міраслава Якіменка, загадчыца Страчанскага СДК.
