Знаёмцеся: загадчык дома сумеснага пражывання ў Падольцах Ларыса Нарэйка


Пяць гадоў назад у Падольцах быў адкрыты філіял Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслу­гоў­вання насельніцтва – дом сумеснага пражывання для сталых лю­дзей. Яго ўзначаліла мясцовая жыхарка Ларыса Нарэйка. А вясной мінулага года яе партрэт быў занесены на абноўленую раённую Дошку гонару. Чым не нагода пазнаёміцца з жанчынай і расказаць пра яе нашым чытачам. 

З Ларысай Іосіпаўнай мы суст­рэліся на яе працы. Кажуць, месца работы – частковае адлюстраванне яго гаспадара. Да гэтага падольскі дом сумеснага пражывання наведваць не даводзілася, таму, трапіўшы сюды ўпершыню, была прыемна ўражана, бо толькі пераступіла парог – і адразу адчула чароўную перадсвя­точ­ную атмасферу. Там і тут зіхацелі гірлянды, дэманст­равалі бліскучыя ўборы прыгажуні ёлкі, а побач прымасціўся, прыветліва ўсміха­ю­чыся, Дзед Мароз. Святочна і ўтульна.

– А як жа па-іншаму, цяпер такі чароўны час! – усклікае загадчык філіяла. – Без стварэння адпаведнай атмасферы ніяк нельга. Рыхтуемся да святаў – куды больш прыемна іх сустракаць у прыўзнятым настроі

Людзі і стасункі з імі заўсёды былі галоўнай складаючай пры выбары прафесіі Ларысай Іосі­паўнай. Яна яшчэ не ўяўляла, кім хоча стаць, але дакладна ведала: гэта будзе работа з людзьмі.

– Я не магу без стасункаў і ў адзіноце, напэўна, завяла б, як расліна без вады, – усміхаючыся, тлумачыць суразмоўца. – Таму дзе б ні працавала – усё з людзьмі. Спачатку быў гандаль – амаль 20 гадоў адрабіла ў магазіне. Пасля з’явіліся праблемы са здароўем – пайшла ў бібліятэкары. Праўда, там я замяняла жанчыну на час адпачынку па доглядзе за дзіцем, таму, калі пачула, што ў нас у Падольцах адкрываецца дом сумеснага пражывання, вырашыла паспрабаваць уладкавацца сюды на работу. Па натуры я цярплівая, з людзьмі, здаецца, ладжу нядрэнна – добрую практыку ў гэтым плане дала праца ў магазіне, з пажылымі таксама – у свой час 4 гады свёкра даглядала. Словам, паехала да тагачаснага дырэктара Тэрытарыяльнага цэнт­ра даведацца пра вакансіі. Аднак, каб узначаліць філіял, і думкі не было. А Віктар Іосіфавіч амаль адразу пытанне ў лоб: «Пой­дзеце загадчыкам?» Я, шчыра кажучы, зніякавела і прызналася, што баюся не справіцца. А пасля паразважала – і згадзілася. Памятаю, адкрылі філіял, прывезлі нам 7 чалавек. Мы пабойваемся штосьці не так зрабіць, яны таксама насцярожана паглядваюць, але з часам усе прывыклі – і справа пайшла. Цяпер у нас знаходзіцца 21 чалавек, а за ўвесь час існавання пражывала 75 пастаяльцаў. 

У працы і не толькі Ларыса Іосіпаўна прытрымліваецца выразу «адзін у полі не воін». Таму, расказваючы пра работу, неаднойчы адзначала, што разам з ёй працуюць спагадлівыя і адказныя работнікі. Усяго ў калектыве 8 чалавек. І ва ўсіх іх адзін клопат: каб людзі, якія аказаліся тут па волі лёсу, адчувалі сябе добра і камфортна.

– У мяне работа пераважна з дакументамі і арганізацыйнымі момантамі, а ўжо дзяўчаты больш стасуюцца з нашымі пада­печнымі, – адзначае Ларыса Іосіпаўна. – Таму і адпаведная нагрузка на іх. Але яны малайцы! Вядома, людзі розныя, са сваім характарам і звычкамі, часам бывае няпроста. Далёка не ўсе трапілі да нас з добрых умоў, у некаторых было вельмі цяжкае становішча і невядома, ці перажылі б яны зіму. Таму асабліва радасна ўсведамляць, што наша агульная праца дапамагае прадоўжыць дні гэтых бабуль і дзядуль. Тут на месцы медык, ноччу – дзяжурны, таму заўсёды ёсць каму дапамагчы. А ўжо якімі толькі стравамі ні стараюцца парадаваць пастаяльцаў нашы повары: цэпеліны, галубцы, блінчыкі, кожны дзень новы суп, булачкі… Не ў кожнага ў хаце такое разнастайнае меню. (Усміхаецца.) Нядзіўна, што некаторыя нашы дзядулі і бабулі нават і не ўспамінаюць, каб вярнуцца дадому. Звычайна гэта адзінокія людзі. А вось за тых, у каго ёсць дзеці ці ўнукі, асабліва недалёка, душа ўсё ж такі баліць. Разумею, што ў кожнага свае жыццёвыя абставіны і сітуацыі, але так хочацца, каб яны часцей завітвалі сюды праведаць маці ці бацьку. Паверце, яны вельмі чакаюць. 

Расказваць пра па­стаяль­­цаў Ларыса Іосі­паўна можа доўга. І пры­знаецца: калі ўладкоў­ва­лася на работу, думала, што гэта – чужыя людзі. Потым і сама не заўважыла, як яны сталі сваімі. А калі свае пакідаюць гэты свет, становіцца вельмі балюча. 

– У нас быў мужчына з анка­ло­гіяй, – расказвае жанчына. – На­дзеі не было – і мы пра гэта ведалі. Але ён ніколі не скар­дзіўся на хваробу, нават калі моцна балела, а проста ціха ля­жаў на ложку. Было лета, і мы з сям’ёй смажылі шашлыкі. Прыгожы такі сонечны дзень. Жыць ды ра­давацца, а я расплакалася і доў­га не магла супакоіцца, бо ведала, што ў нашым філіяле адзін з пастаяльцаў дажывае. Невыносна, калі бачыш такое, а зрабіць нічога не можаш. І гэта не толькі я – у нас усе дзяўчаты так перажываюць. Чэрст­вым душой тут не месца. 

У завяршэнне размовы пытаю ў Ларысы Іосіпаўны, што б у гэ­ты чароўны час яна папрасіла ў Дзеда Мароза для пастаяльцаў філіяла і ўсіх людзей.

– Хочацца, каб нашы дзядулі і бабулі былі шчаслівыя і не адчувалі сябе адзінокімі, – адказвае мая суразмоўца. – Таму на святы мы заўсёды накрываем стол, на Куццю дзелімся аплаткай, на Вялікдзень прыносім яйкі. Не забываюць нас і іншыя людзі: нашы калегі з ТЦСАН, работнікі культуры, валанцёры і многія іншыя. Усе разам мы стараемся радаваць нашых пастаяльцаў. Аднак як бы добра ў нас ні было, калі ў чалавека ёсць сям’я, яму заўсёды хочацца да яе. Душа радуецца, калі да адзінокіх рэгулярна прыязджаюць пляменнікі і прывозяць паўнюткія сумкі гасцінцаў, катаюць іх на машынах у магазін ці на базар, тэлефануюць. І доўга стаіць ком у горле, калі бабуля са сваёй невя­лічкай пенсіі адлічвае большую частку, каб паслаць унучцы, а тая ніводнага разу не прыехала да яе. Таму вельмі хочацца, каб дзеці не забывалі бацькоў і часцей праведвалі, а яшчэ лепш – забіралі дадому. А ўсім людзям – здароўя і міру! 


Текст:
Фото: Марина Мацкевич